Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лякаматыў» прайграў «Фэнэрбахчэ»: аўтобус расейскага клюбу закідалі камянямі ў Турэччыне


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Маскоўскі футбольны клюб «Лякаматыў» прайграў у Стамбуле турэцкаму «Фэнэрбахчэ» 16 лютага зь лікам 0: 2 у першым матчы 1/16 фіналу Лігі Эўропы. Перад матчам турэцкія фанаты закідалі камянямі аўтобус расейскіх футбалістаў.

Паліцыя затрымала трох чалавек. Як паведамляюць турэцкія СМІ, затрыманыя — заўзятары «Фэнэрбахчэ». Паводле дадзеных праваахоўнікаў, трое парушальнікаў былі п’янымі.

Паведамляецца, што пацярпелых няма, у адным з вокнаў аўтобуса зьявілася невялікая расколіна.

Пасьля паразы на стамбульскім стадыёне «Шакру Сараджоглу» адзін з футбалістаў «Лякаматыва» паўабаронца Дзьмітры Тарасаў зьняў зь сябе футболку, пад якой была майка з выявай Уладзімера Пуціна і надпіс: «ветлівы прэзыдэнт». Праз такія паводзіны гульца «Лякаматыў» можа чакаць дысцыплінарнае пакараньне, паколькі палітычныя акцыі падчас спартыўных мерапрыемстваў забароненыя.

Сувязі паміж Турэччынай і Расеяй сталі напружанымі зь лістапада мінулага году, калі Турэччына зьбіла расейскі ваенны самалёт паблізу яе мяжы з Сырыяй.

XS
SM
MD
LG