Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнзура ў расейскім інтэрнэце: як гэта працуе


Кадр з мультфільму «Дональд Дак: твар фюрэра». У Расеі ролік занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Кадр з мультфільму «Дональд Дак: твар фюрэра». У Расеі ролік занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Паводле падлікаў праваабарончай арганізацыі «Агора», колькасць забаронаў у Расеі за год вырасла ў дзесяць разоў

Юрысты Міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Агора» за 2015 год зарэгістравалі больш за 15 тысяч выпадкаў абмежаваньня свабоды інтэрнэту ў Расеі, у 2014 годзе іх было толькі тры тысячы. Калі ў пазамінулым годзе ў зоне .ru заблякавалі каля тысячы сайтаў, то ў 2015 такіх рашэньняў было вынесена больш за дзевяць тысяч. Вырасла колькасьць крымінальных і адміністрацыйных справаў супраць карыстальнікаў інтэрнэту, нападаў на блогераў і інтэрнэт-актывістаў.

Свабода выбрала дзесяць самых гучных спраў і абсурдных забаронаў.

За што штрафавалі

За мультфільм «Дональд Дак: Твар фюрэра» (Der Fuehrer’s Face)

Мультфільм быў выпушчаны ў 1942 годзе ў рамках антыгітлераўскай кампаніі, яго рэжысёр Джэк Кіні атрымаў за яго прэмію «Оскар». У Расеі ролік распаўсюджваўся пад скажонай назвай «Дональд даг» і ў 2013 годзе трапіў у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У верасьні двух жыхароў Томскай вобласьці аштрафавалі за гэты ролік на тры тысячы рублёў. Зрэшты, сярод апублікаваных фігурантамі справы матэрыялаў былі аўдыёзапісы «Хор СС — Арыйскі гонар» і «Хор СС — White Power».

За фота свайго двара пры нацысцкай акупацыі

Смаленскую журналістку Паліну Данілевіч (Петрусеву) аштрафавалі за публікацыю здымка свайго двара, зробленага падчас акупацыі гораду нацыстамі.

Смаленск пад нямецкай акупацыяй

Смаленск пад нямецкай акупацыяй

Суд вырашыў, што дзяўчына намерана дэманстравала сьцяг са свастыкай (ён сапраўды ёсьць на арыгінальным фота). Довады абароны пра тое, што здымак быў узяты з архіву PastVu.com і неаднаразова публікаваўся іншымі жыхарамі Смаленску як гістарычнае фота, суд адхіліў.

За мэм «грамар-нацы»

У Бураціі падставай для адміністратыўнай вытворчасьці стаў перапост мэму «грамар-нацы» — выявы стылізаванага пад герб Трэцяга рэйху арла з надпісам «Grammatik Macht Frei» ( «Граматыка робіць вольным»). Супрацоўнікі ФСБ вырашылі, што мясцовую праваабаронцу Марыю Бурдукоўскую, якая апублікавала гэта, трэба прыцягнуць паводле артыкулу «Публічная дэманстрацыя нацысцкай сымболікі», суд падтрымаў меркаваньне спэцслужбы.

За пост пра форум фашыстаў і нэанацыстаў

У сакавіку ў Санкт-Пецярбургу праходзіў «Міжнародны расейскі кансэрватыўны форум», на які партыя «Радзіма» запрасіла эўрапейскіх ультраправых. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі некалькіх нэанацысцкіх і фашысцкіх партый. У Іжэўску актывіста «Партыі прагрэсу» аштрафавалі за пост у фэйсбуку з крытыкай гэтага мерапрыемства. Нагода для штрафу: фатаграфіі з акцый удзельнікаў форуму, на якіх былі свастыкі.

Член ультраправай партыі "Залатая зара" са сьцягам арганізацыі

Член ультраправай партыі "Залатая зара" са сьцягам арганізацыі

За што саджалі

За заклікі да «фэдэралізацыі»

У сьнежні суд прысудзіў кубанскай актывістцы Дар’і Палюдавай два гады калёніі-пасяленьня. Яе абвінавачвалі паводле «сэпаратысцкага» артыкулу, у тым ліку за заклікі да «фэдэралізацыі Кубані» праз пасты ў «Вконтакте» і запіс з крытыкай прэзыдэнта Расеі.

За агітацыю не сьвяткаваць Новы год

У 2013 годзе жыхарка Перваўральску Эльвіра Султанахмэтава, спасылаючыся на Каран, выказалася супраць таго, каб адзначаць Новы год. Пры гэтым яна заклікала мусульманаў ня толькі не адзначаць гэтае сьвята, але і не насіць георгіеўскія стужкі і не фарбаваць велікодныя яйкі. У сьледчы камітэт зьвярнуўся праваслаўны актывіст — ён палічыў, што абражаныя яго рэлігійныя пачуцьці. Падсуднай прысудзілі 120 гадзінаў абавязковых працаў.

Актывіст Дар'я Палюдова падчас пікету ў абарону абвінавачаных па Балотнай справе

Актывіст Дар'я Палюдова падчас пікету ў абарону абвінавачаных па Балотнай справе

Пра што забаранялі пісаць

Пра карыкатуры

У студзені «Роскомнадзор» вынес папярэджаньне газэце РБК за публікацыю карыкатур з Charlie Hebdo. Ведамства разаслала такія папярэджаньні яшчэ дзясятку выданьняў: на думку чыноўнікаў, ілюстрацыя абражала «рэлігійныя пачуцьці мусульман». Паводле закону, калі СМІ атрымае два такія папярэджаньні на працягу аднаго году, ведамства мае права запатрабаваць спыненьня дзейнасьці рэдакцыі.

Пра самагубствы хворых на рак

Сайту «Праваслаўе і сьвет» далялося выдаліць матэрыял, у якім расказвалася пра некалькі выпадкаў самагубстваў анкахворых. У пачатку 2015 году адбылося адразу некалькі суіцыдаў, на якія зьвярнулі ўвагу СМІ — як правіла, яны былі зьвязаны з тым, што хворыя не маглі своечасова атрымаць лекі і пакутавалі ад страшнага болю. «Роскомнадзор» знайшоў у нататцы «апісаньне спосабаў самагубства». Ведамства выказвала прэтэнзіі з гэтай нагоды настолькі часта, што выданьне «Медиазона» пачала замяняць тэрмін «суіцыд» на «Роскомнадзор».

Мітынг у Кабуле з-за публікацыі карыкатур на прарока Мухамада

Мітынг у Кабуле з-за публікацыі карыкатур на прарока Мухамада

За што блякавалі

За раздачы

У траўні 2015 году набыў моц закон аб «вечным блякаваньні». Першае судовае рашэньне, у адпаведнасьці зь якім доступ расейскіх карыстальнікаў да сайтаў быў забаронены назаўжды, было вынесена ў кастрычніку і ўступіла ў сілу ўжо ў студзені сёлета. У сьпіс заблякаваных трапілі 11 сайтаў, у тым ліку папулярныя RuTracker.org, Rutor.org і Kinozal.tv. «Навечна» заблякаваныя сайты да гэтага падрыхтаваліся: з кастрычніка яны вучылі сваіх наведнікаў карыстацца сродкамі абыходу і нават правялі вучэньні па адключэньні сайтаў. Пасьля блякаваньня наведвальнасьць RuTracker.org упала на траціну.

За незразумелыя назвы файлаў

Да прыкладу, летам 2015 Савецкі раённы суд Бранску прызнаў экстрэмісцкімі чатыры файлы з імёнамі GTbGQMCKSnE.jpg, ObgCxSi-adl.jpg, NyYWjqTDJOc.jpg, rIJmEgcsv.jpg.

Дзьмітры Трашчанін, «Настоящее время»

XS
SM
MD
LG