Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Вельмі небясьпечна для ўсяго сьвету сытуацыя разгортваецца вакол канфлікту ў Сырыі. Турэччына і Савудаўская Арабія ўсё часьцей кажуць пра магчымасьць і неабходнасьць наземнай ваеннай апэрацыі ў Сырыі. Разам з тым прэзыдэнт Сырыі Башар Асад літаральна ўчора заявіў, што няма ніякага сэнсу ў спыненьні агню, бо гэта дасьць перавагу толькі тэрарыстам. Нагадаем, тэрарыстамі Асад называе ня толькі «Ісламскую дзяржаву», але і ўзброеныя злучэньні памяркоўнай апазыцыі. Усё гэта Асад кажа фактычна празь дзень пасьля міжнародных перамоваў па Сырыі, дзе дзяржсакратар ЗША Джон Керы і міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў спрабавалі дамовіцца пра спыненьне агню. Выглядае, што Асаду сапраўды ўжо адступаць няма куды, і ніякага кампраміснага мірнага рашэньня праблемы ён не жадае прымаць.

Таму ўсё больш імаверным робіцца наступнае небясьпечнае разьвіцьцё падзеяў. Турэцкія войскі пад той або іншай зачэпкай уваходзяць на тэрыторыю Сырыі, каб ваеннымі сродкамі падтрымліваць праціўнікаў Асада. А расейская авіяцыя, нягледзячы на гэта, працягвае бамбаваць злучэньні антыасадаўскай апазыцыі, што яна вельмі актыўна робіць апошнія тыдні. У выніку пад агонь расейцаў трапляюць туркі. Тыя пачынаюць страляць у адказ па расейскіх самалётах, зьбіваюць іх. Ужо абвастрэньне канфрантацыі. У нейкі момант Турэччына можа вырашыць, што, каб прадухіліць гэта, яна павінна разграміць расейскую вайсковую базу ў Сырыі, у Латакіі. А гэта ўжо паўнацэнны ваенны канфлікт паміж дзьвюма дзяржавамі.

Дракахруст: Такое разьвіцьцё падзеяў цалкам магчымае, але ёсьць чыньнікі, якія яго стрымліваюць. Сытуацыя ў рэгіёне не зусім такая простая, нібыта ёсьць сілы на баку Расеі, другія на баку ЗША, і недзе з боку «Ісламскай дзяржавы», зь якой ваююць усе. Там ва ўсіх свае інтарэсы. Напрыклад, адзін з бакоў канфлікту — курды. Цяпер туркі наносяць удары па курдах, бо ў іх у краіне вялікая курдзкая меншыня, сярод якой існуе моцны сэпаратысцкі рух. Разам з тым для ЗША курдзкае апалчэньне ў Сырыі — гэта адна зь нямногіх вайсковых сілаў, якая больш-менш пасьпяхова ваюе з «Ісламскай дзяржавай». І цяпер ЗША фактычна трымаюць за рукі туркаў. Адзінае, што гэта вялікага посьпеху ня мае.

Аднак выглядае, што Вашынгтон кажа Анкары, што калі яны надта ўлезуць у Сырыю і ў іх пачнецца канфлікт з расейцамі, то зусім ня факт, што гарантыі 5-га артыкулу НАТО будуць пашырацца менавіта на такі канфлікт. Гэта будзе прадмет вялікага роздуму для Анкары.

Цыганкоў: Палітычная гісторыя Эрдагана і палітычныя настроі ў Турэччыне робяць верагодным тое, што Турэччына вырашыць, што яна і сама справіцца з Расеяй — не захопіць Маскву, зразумела, а пераможа на канкрэтным сырыйскім участку дзеяньняў.

Дракахруст: Так, я не сказаў, што гэты фактар цалкам блякуе такую верагоднасьць. Я сказаў, што гэта стрымліваючы фактар.

Зразумела, ня варта надта зважаць на розныя гістарычныя сымбалі, але я прачытаў днямі заўвагу, што цяперашні канфлікт на Блізкім Усходзе адбываецца непадалёк ад Армагедону — месца, дзе, паводле Сьвятога Пісаньня, адбудзецца апошняя бітва дабра і зла перад канцом сьвету.

Карбалевіч: Сапраўды, у гэтай вайне ў Сырыі ўсё вельмі заблытана. Калі, напрыклад, у вайне ва Ўкраіне ўсё проста і ясна, то ў Сырыі такі вузел супярэчнасьцяў, перасячэньне такой колькасьці інтарэсаў, што нялёгка разабрацца.

Дасюль там дзейнічалі дзьве кааліцыі, акрамя «Ісламскай дзяржавы». Адна кааліцыя ўключала ЗША, ЭЗ, Турэччыну, усе арабскія суніцкія краіны на чале з Савудаўскай Арабіяй і памяркоўную сырыйскую апазыцыю. Другая кааліцыя ўключала Расею, рэжым Асада, Ірак і Іран (шыіты). Вайсковае ўмяшаньне Турэччыны пераблытала ўсе карты. ЗША асудзілі Анкару за ўмяшаньне. Як і Расея. У такой сытуацыі падтрымка Турэччыны з боку НАТО ў выпадку яе гіпатэтычнай вайны з Расеяй становіцца праблематычнай. Бо надта ж ужо відавочна Анкара гуляе ў сваю гульню, якая супярэчыць пазыцыі Захаду.

Да таго ж цяпер Расеі, каб насаліць Турэччыне, неабавязкова ваяваць зь ёй. Дастаткова падтрымаць зброяй курдаў, каб разьвязаць там унутраны канфлікт, умоўна кажучы, стварыць там курдзкую «ДНР». Дарэчы, СССР калісь актыўна падтрымліваў левыя курдзкія арганізацыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG