Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трэйлер кнігі Сяргея Дубаўца  прызнаны найлепшым у намінацыі беларускай літаратуры


У Менску ўзнагародзілі пераможцаў velcom Smartfilm — фэстывалю зьнятых на тэлефон трэйлераў да кніг. Гран-пры далі за трэйлер на "1984" Джорджа Оруэла.

Паказ найлепшых работаў і цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў фэстывалю velcom Smartfilm прайшла 16 лютага ў менскім кінатэатры Galileo Silver Screen. Фэст адбыўся ўжо ў пяты раз, сёлета тэмай мабільнага кіно сталі трэйлеры кніг — такія самыя відэаанонсы, якія робяцца да фільмаў, але для літаратурных твораў. Да фэстывалю прымеркавалі і першую менскую Ноч бібліятэкаў.

У конкурсе буктрэйлераў Smartfilm, які ладзіла кампанія velcom, гран-пры атрымаў ролік паводле раману-антыўтопіі «1984» Джорджа Оруэла аўтара Аляксандра Абразцова — адзін з чатырох ролікаў, зьнятых на конкурс па матывах гэтай кнігі.

У намінацыі «Найлепшы буктрэйлер беларускай літаратуры» перамагло відэа паводле кнігі нашага рэдакцыйнага калегі Сяргея Дубаўца «Сіні карабель у блакітным моры плыве» аўтара Дзяніса Кудраўцава.

Пераможцы вызначаліся прафэсійным журы, у склад якога ўвайшлі журналісты і кіназнаўцы Максім Жбанкоў і Ігар Сукманаў, рэжысэры Андрэй Куціла і Сяргей Лебедзеў, а таксама ганаровы госьць фэстывалю — аўтар тэлеперадачы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў.

«Кожны аўтар хоча, каб пра яго ведалі, каб ведалі пра яго тэксты, — распавёў Свабодзе сябра журы Максім Жбанкоў. — У гэтым пляне буктрэйлер выконвае місію як звычайны трэйлер кінастужкі, галівудзкай ці арт-хаўснай: ён агучвае пэўныя намеры аўтара, адначасова прэзэнтуе аўтара і ягоны твор. З гэтага пункту гледжаньня буктрэйлер працуе ў фармаце прамоўцы адначасова літаратурнага тэксту і ягонага аўтара — проста каб ведалі, каб заўважылі, каб зацікавіліся. Гэта пэўны досьвед візуальнай дэгустацыі літаратурнага твору».

Жбанкоў згадвае, што з кожным годам на фэстываль Smartfilm прыходзіць усё больш работаў. Сёлета было атрымана больш за 90, калі летась — каля 70.

«Што да якасьці, то гэта фэст карткага метру, кароткага подыху. Зьвяртаюцца перадусім, натуральна, пачаткоўцы, таму тое, што мы атрымліваем, гэта, хутчэй, дэклярацыя аб намерах, пэўнае пазначэньне магчымасьці аўтара. Што будзе з аўтарам далей, гэта пытаньне па-за межамі нашага конкурсу, але мы даем шанец для крэатыўнага старту і гатовыя падтрымаць пасьпяховыя рашэньні».

У конкурсе брала ўдзел багата трэйлераў да беларускіх кнігаў, але прыналежнасьць да беларускай літаратуры была абавязковай умовай толькі ў намінацыі па беларускай літаратуры — шанцаў на гран-пры яна не дадавала:

«Гэта конкурс, які адбываецца тут, на гэтай зямлі, таму было б сьмешна, каб удзельнікі конкурсу рабілі выгляд, нібы не існуе беларускай літаратуры, якая, як на мяне, апошнім часам вельмі моцна разгортваецца. Таму мы, безумоўна, пазначалі зацікаўленасьць у зваротах да беларускіх тэкстаў, але падкрэсьлівалі, што гэта не абавязкова мусіць быць клясыка ці модныя аўтары альбо беларускамоўныя буктрэйлеры эўрапейскіх ці амэрыканскіх аўтараў.

Галоўная мэта была насамрэч ня проста прыцягнуць увагу да літаратуры, каб чыталі, а зрабіць акцэнт менавіта на беларускі кантэкст. І беларускі кантэкст у дадзеным выпадку — ня толькі пэўнае кола аўтараў, тутэйшых, натуральна, але і пэўныя прыярытэты чытацкай аўдыторыі, пэўны сацыяльны кантэкст. У пераможцы, як на мяне, спрацавалі і кантэкст, і аўтарскія якасьці, і, натуральна, сама якасьць літаратурнага твору».

XS
SM
MD
LG