Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вынесьлі другі з пачатку году сьмяротны прысуд


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

15 лютага Менскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд па крымінальнай справе аб трайным забойстве ў вёсцы Мачулішчы.

Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова.

Раней неаданарзова судзімы жыхар вёскі Мачулішчы Менскага раёну, 32-гадовы Сяргей Хмялеўскі, быў прызнаны вінаватым у крадзяжы, учыненым паўторна, у парушэньні прэвэнтыўнага нагляду, у замаху на наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці ў буйным памеры, у наўмысным забойстве траіх асоб, учыненым з асаблівай жорсткасьцю.

«Абвінавачанаму Х. па сукупнасьці злачынстваў прызначаная выключная мера пакараньня — сьмяротнае пакараньне. Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць перагледжаны ва ўстаноўленым законам парадку Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца на сайце Вярхоўнага суду.

Праваабаронцы адзначаюць, што гэта другі сьмяротны прысуд у гэтым годзе. Ён вынесены пасьля перагляду крымінальнай справы, па якой грамадзянін раней быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня.

5 студзеня Менскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд неаднаразова судзімаму Генадзю Якавіцкаму, які прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасьцю.

26 лютага ў Вярхоўным судзе Беларусі пачнецца разгляд касацыі на прысуд Гарадзенскага абласнога суду, які вынес сьмяротны прысуд забойцы жанчын-прадавачак у Лідзкім раёне.

Беларусь — адзіная краіна Эўропы й СНД, дзе захавалася сьмяротнае пакараньне. Яно было вернута пасьля рэфэрэндуму ў 1996 годзе. Краіны Эўрапейскай Рады й Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова заклікалі ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG