Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парашэнка заклікаў да адстаўкі прэм’ера і генэральнага пракурора


Прэзыдэнт Пятро Парашэнка заклікаў прэм’ер-міністра Арсеня Яцанюка і генпракурора Віктара Шокіна сысьці ў адстаўку.

Адпаведны зварот апублікавана на прэзыдэнцкім сайце.

«Сёння раніцай я сустракаўся і меў грунтоўную размову з генэральным пракурорам. Я зьвярнуўся да Віктара Мікалаевіча з прапановай, каб ён напісаў заяву аб адстаўцы», — паведаміў Парашэнка.

Парашэнка адзначыў дасягненьні Шокіна ва ўкараненьні важных рэформаў, аднак канстатаваў, што Генэральная пракуратура «не змагла заручыцца даверам грамадзтва».

Парашэнка таксама лічыць, што «з такімі ж меркамі варта падыходзіць і да ўраду».

"Кабінэт міністраў зрабіў нямала для выратаваньня краіны, стабілізацыі эканамічнай сытуацыі і старту рэформаў. Але грамадзтва відавочна вырашыла, што памылак больш, чым дасягненьняў, і адмовіла міністрам у даверы», – заявіў Парашэнка.

Прэзыдэнт лічыць, што цяпер можна гаварыць не аб частковай, а толькі аб поўнай перазагрузцы ўраду.

«Пакуль што ў прэмер-міністра захоўваецца магчымасьць выбраць, якім чынам лепш даць прастору для рэалізацыі гэтага запыту. Татальнае перафарматаваньне Кабінету міністраў павінна адбывацца на аснове дзейнай кааліцыі ў складзе «Салідарнасці», «Народнага фронту», «Самапомачы» і «Бацькаўшчыны», – лічыць ён.

Паводле ягоных слоў, прызначэньні ў новы ўрад павінны праходзіць пры ўдзеле і падтрымцы ўсіх фракцый кааліцыі «на тэхнакратычнай рэфарматарскай аснове».

Парашэнка таксама выказаўся супраць магчымых датэрміновых выбараў у Вярхоўную Раду і запэўніў, што скарыстаецца сваім правам распусьціць парлямэнт «толькі ў крайнім выпадку, якога мы проста ня маем права дапусціць».

XS
SM
MD
LG