Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАГСы папрасілі беларусаў даплаціць за ўжо зарэгістраваныя дакумэнты па 105 тысяч


Зьмены ў законах не давялі да ЗАГСаў своечасова, таму яны мусяць патрабаваць з грамадзян даплату. З тых, хто адмовіцца даплочваць, грошы ўсё роўна здыме падатковая.

Мясцовыя ЗАГСы ў лютым пачалі рассылаць некаторым беларусам лісты, у якіх просяць даплаціць палову базавай велічыні — 105 тысяч — за ўжо аказаныя і аплочаныя паслугі. Таксама паведамляецца, што ЗАГСы тэлефанавалі некаторым грамадзянам з аналягічнымі просьбамі.

У лістах спасылаюцца на зьмены ў заканадаўстве ад 30 сьнежня 2015 году, паводле якіх была павялічаная стаўка дзяржаўнай пошліны за дзеяньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану. Але ліст атрымліваюць тыя, хто зьдзяйсьняў аплату пасьля 30 сьнежня.

«Калі вы да 12 студзеня прыходзілі і нешта аплочвалі, то паўторнае пасьведчаньне ці ўнясеньне зьменаў каштуе ў нас цяпер адну базавую велічыню, то бок 210 тысяч, — патлумачылі Свабодзе ў ЗАГСе Першамайскага раёну Менску. — У падатковы кодэкс унесьлі, на жаль, зьмены 30 сьнежня, а давялі да нас толькі 12 студзеня. Гэта не „са зваротнай сілай“, яны набылі сілу 30 сьнежня, а нехта не парупіўся давесьці своечасова да ЗАГСаў. Мы выдавалі па 105 тысяч, па 0,5 базавай велічыні.

У любым разе зьвесткі пададзеныя ў падатковую. Калі людзі добраахвотна не аплочваюць, то падатковая спаганяе. Калі да канца сакавіка не аплочваюць, то падатковая сама будзе разьбірацца — хто прапусьціў гэты момант, той і адказвае. Гэта ж ня наш капрыз, ня самі мы прыдумалі. Нам сказана, колькі аплаціць, мы і даём людзям столькі. Трэба было своечасова паведамляць!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG