Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Singing Softly To Me: гурт «Naka», альбом «Мая малітва»


Зьміцер Падбярэзскі.

Зьміцер Падбярэзскі.

На думку маю, неартадаксальнага ўніята, маліцца неабходна ціха. Ну хоць бы напаўголасу. Малітва — чын інтымны. Крык тут недарэчны. Ён цалкам зь іншай опэры. І малітва ў стылі «рок» — не выключэньне.

Колькі разоў праслухаў новы альбом гурту «Naka», які атрымаў назоў «Мая малітва», але так і не зразумеў, якую мэту ставілі перад сабой музыкі, ствараючы менавіта такую вэрсію загалоўнай песьні. Як на маю думку, яна няўдалая па некалькіх прычынах. Першая, якая літаральна кідаецца ў вушы: яўная блізкасьць мэлёдыі запеву да арыгіналу пяра Алега Моўчана. У варыяньце гурту «Naka» я не пачуў нечага арыгінальнага. Другое: недарэчны гітарны рыф пасьля запеву. Можа, нехта здолее мне патлумачыць, да чаго ў песьні з назовам «Малітва» гэткая гукавая агрэсія? Падтрыманая да таго ж і яўна залішнім вакальным усплёскам. І па-трэцяе: крык у малітве, няхай і рокавай, лічу фактам ненатуральным і антыэстэтычным.

Зрэшты, тыя факты можна сьпісаць на выканальніцкую манеру Насты Шпакоўскай, супраць якой я анічога ня маю. Прынамсі, яна пазнавальная і дастаткова індывідуальная. Усім бы такую. Аднак на агульным фоне не «Малітва», а заключная песьня альбому «Пакліч мяне» на верш Яўгеніі Янішчыц раптам падалася мне ці не галоўным сэнсавым пунктам праграмы — вытрыманым і інтанацыйна, і эмацыйна, і сэнсава.

Увогуле, калі ў альбоме айчынных выканаўцаў чуеш дзьве-тры (з добрага тузіну) песьні, якія адкладаюцца ў памяці, я асабіста лічу тое посьпехам. І такія тут ёсьць, як хоць бы «Не адпускай» — дуэт Насты Шпакоўскай і Стаса Мытніка («Akute»). Твор сапраўды варты ўвагі. Больш спрэчнай мне падалася песьня «Пра любоў»: песьня з прыгожай мэлёдыяй тым ня менш атрымалася ў эмацыйным сэнсе быццам на адной ноце і зусім без чаканага разьвіцьця.

Маю адзначыць і наступнае: большасьць песень альбому церпяць на недасканаласьць формы. Тая ж «Пра любоў» успрымаецца як твор, дзе акцэнтаваная кропка адсутнічае. Тое ж можна казаць і пра «Вяртаньне», «Памылку». І ў выніку прыходзіш да высновы, што з пункту гледжаньня арганізацыі формы песень, іх аранжаваньняў у гурту маюцца выразныя праблемы, якія неабходна вырашаць. Няхай нават за кошт запрашэньня да канчатковага малюнку той ці іншай песьні дасьведчаных у справах аранжаваньня людзей. Лішнім тое ня будзе. І агульны матэрыял ад таго толькі выйграе. Нагадаю: «Thriller» Майкла Джэксана ў рэшце рэшт зрабіў Маркус Мілер...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG