Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пра вулічныя акцыі: За 5 гадоў падавалі тысячу заявак, ніводнай не задаволілі


Анатоль Лябедзька падчас акцыі супраць гвалту з боку супрацоўнікаў міліцыі, Менск, 30 студзеня 2016 году
Анатоль Лябедзька падчас акцыі супраць гвалту з боку супрацоўнікаў міліцыі, Менск, 30 студзеня 2016 году

50 базавых велічынь штрафу, гэта 10 мільёнаў 400 тысяч рублёў — такое пакараньне прызначыла старшыні АГП Анатолю Лябедзьку судзьдзя Ленінскага раённага суду Марына Запасьнік.

На пачатку працэсу Анатоль Лябедзька заявіў пра недавер да судзьдзі і выказаў меркаваньне, што прысуд яму ўжо ўнесены ў ейны кампутар, а штраф будзе 50 базавых велічынь. Таксама палітык адмовіўся падымацца, адказваючы на пытаньні судзьдзі. У выступе Анатоль Лябедзька заявіў, што ня проста прыйшоў на акцыю каля Вярхоўнага суду 30 студзеня, а быў яе арганізатарам, і патлумачыў прычыны, якія яго да гэтага падштурхнулі.

Палітык згадаў, як у судзе Фрунзенскага раёну міліцыянтамі былі зьбітыя актывісты і журналіст парталу Tut.by Павал Дабравольскі, які спрабаваў зьняць на відэа міліцэйскі гвалт. Менавіта супроць гэткай рэчаіснасьці ў Беларусі пратэставаў Анатоль Лябедзька 30 студзеня.

Акцыя пратэсту, арганізаваная Анатолем Лябедзькам. Менск, 30 студзеня 2016 году
Акцыя пратэсту, арганізаваная Анатолем Лябедзькам. Менск, 30 студзеня 2016 году

«Але я аптыміст і веру, што прыйдзе час, калі ў беларускім судзе ня будуць зьбіваць і калі судзьдзі будуць выносіць прысуды на падставе закону, а не загаду зьверху», — заявіў палітык.

Таксама Анатоль Лябедзька патлумачыў, чаму не падавалася заяўка на правядзеньне пікету каля Вярхоўнага суду. Паводле старшыні АГП, партыйныя актывісты за 5 мінулых гадоў падавалі ў розныя органы мясцовай улады больш за тысячу заявак на вулічныя акцыі, але ніводная не была задаволеная.

Удзельнікі акцыі 30 студзеня
Удзельнікі акцыі 30 студзеня

«Да ўлады, якая не прыслухоўваецца да законных патрабаваньняў грамадзянаў, зьвяртацца ня мае сэнсу», — мяркуе Анатоль Лябедзька.

Выслухаўшы пастанову судзьдзі Марыны Запасьнік пра штраф у 50 базавых велічынь, Анатоль Лябедзька нагадаў, што казаў на пачатку працэсу. Палітык дадаў, што абавязкова будзе абскарджваць прысуд.

Яшчэ ня скончыўся працэс над Анатолем Лябедзькам, а ў другой судовай залі судзьдзя Дзьмітры Астапенка ўжо вынес пастанову адносна актывісткі АГП Вольгі Маёравай, якая таксама брала ўдзел у акцыі каля Вярхоўнага суду. Вольгу Маёраву пакаралі штрафам у 20 базавых велічынь. Пасьля суду актывістка згадала, што ў сваім тлумачэньні выказала жаль на адрас судзьдзі Астапенкі. Маўляў, «яшчэ малады чалавек, які мусіць выконваць заганныя загады».

Вольга Маёрава
Вольга Маёрава

«Магчыма, таму даў мне не 50, а толькі 20 базавых штрафу», — мяркуе актывістка.

Таксама Вольга Маёрава нагадала журналістам, што ў акцыі пратэсту 30 студзеня ўзялі ўдзел у асноўным актывісты АГП, хоць ахвярамі міліцэйскага гвалту становяцца прадстаўнікі розных партыяў і арганізацыяў, а таксама розных мэдыяў.

Як і Анатоля Лябедзьку, да штрафу ў 50 базавых велічынь прысудзілі актывіста АГП, падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Казлова. Суд над Мікалаем Казловым працягнуўся ўсяго на некалькі хвілін болей, чым іншыя працэсы. Актывіст хадайнічаў, каб было запатрабавана відэа з камэр сачэньня, якія ўсталяваныя каля будынку Вярхоўнага суду.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў зьбіраўся аспрэчыць паказаньні сьведкі-міліцыянта пра тое, што ўдзельнікаў акцыі нібыта папярэджвалі пра іх супрацьпраўныя дзеяньні. Казлоў настойваў, што ніякіх папярэджаньняў не было. Судзьдзя Андрэй Камушкін хадайніцтва Мікалая Казлова адхіліў і адразу зачытаў сваю пастанову пра штраф. Мікалай Казлоў падзякаваў судзьдзі за «гуманны прысуд».

Мікалай Казлоў і Вольга Маёрава зьбіраюцца аспрэчыць прысуды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG