Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: «Да парлямэнцкіх выбараў канцэптуальна зьмяніць выбарчае заканадаўства мы не пасьпеем»


Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік

Такую заяву сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік зрабіў сёньня на першым паседжаньні зь ведамаснай экспэртнай групай. Гэтая група створаная дзеля таго, каб цягам месяца прааналізаваць заўвагі і прапановы, якія выказаныя экспэртамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году.

Адкрываючы першае арганізацыйнае паседжаньне, Мікалай Лазавік сказаў, што рэкамэндацыі Бюро можна падзяліць на дзьве групы. Першая — гэта канцэптуальныя зьмяненьні, і другая — працэдурныя. Што тычыцца канцэптуальных зьмяненьняў, то тут, са словаў Лазавіка, немагчыма зьмяніць Канстытуцыю і некаторыя іншыя законы да парлямэнцкіх выбараў у верасьні 2016-га году. Што ж да працэдурных, дык тут, на думку сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі, праз пастановы Цэнтравыбаркаму можна ўнесьці пэўныя зьмены.

Для таго каб вывучыць рэкамэндацыі БДІПЧ і вынесьці свой вэрдыкт, што зь іх можна прыняць, а што адкінуць, і створаная міжведамасная экспэртная група. У склад гэтай групы ўвайшло 10 чалавек, яны прадстаўляць выключна дзяржаўныя арганізацыі: Цэнтральную выбарчую камісію, абедзьве палаты Нацыянальнага Сходу, Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў пры прэзыдэнце Беларусі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства юстыцыі. Незалежныя экспэрты ў гэтую групу не ўвайшлі, хоць статут групы дазваляе да яе прыцягваць любых экспэртаў.

Наконт магчымасьцяў гэтай групы сярод незалежных экспэртаў існуе дзьве думкі. Адны лічаць, што больш-менш прымальнага правядзеньня выбараў можна дамагчыся і праз пастановы ЦВК. Гэта магчыма, калі ЦВК дакладна прапіша, што ў склад выбарчых камісіяў павінны ўваходзіць прадстаўнікі кандыдатаў у дэпутаты, палітычных партыяў, калі будзе спыненая практыка масавага прымушэньня да датэрміновага галасаваньня і калі працэдура падліку галасоў стане празрыстай. Іншая група экспэртаў лічыць, што без канцэптуальнага зьмяненьня заканадаўства правесьці дэмакратычныя выбары немагчыма.

Апазыцыя лічыць, што найперш трэба ўнесьці зьмены ў тры працэдуры. Па-першае, каб у склад выбарчай камісіі ўваходзілі прадстаўнікі кандыдатаў у дэпутаты. Па-другое, каб падлік галасоў быў больш празрысты. І па-трэцяе, каб улады перасталі прымушаць людзей да датэрміновага галасаваньня.

Пасьля паседжаньня карэспандэнт запытаў у Мікалая Лазавіка, ці магчыма рэалізаваць гэтыя пазыцыі. Той даў наступны адказ:

ЦВК мае намер унесьці сур’ёзныя зьмены дзеля больш празрыстага падліку галасоў.

«Што тычыцца ўключэньня прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты ў склад выбарчых камісіяў розных рангаў, то такой нормы не прапісана ў беларускім заканадаўстве. Таму, каб ажыцьцявіць гэта, трэба ўносіць зьмены ў выбарчы закон. ЦВК мае намер унесьці сур’ёзныя зьмены дзеля больш празрыстага падліку галасоў. У прыватнасьці, мы хочам прапісаць норму, паводле якой сябры выбарчай камісіі не павінны станавіцца сьпінай да назіральнікаў і закрываць ім прагляд бюлетэняў. Таксама, магчыма, будзе прапісана канкрэтная норма, на якой адлегласьці могуць знаходзіцца назіральнікі».

Наконт датэрміновага галасаваньня Мікалай Лазавік сказаў, што лічыць сябе заўзятым прыхільнікам гэтай нормы. Ён падкрэсьліў, што ва ўсім сьвеце існуе тэндэнцыя датэрміновага галасаваньня. У якасьці прыкладу ён прывёў нават тое, што цяперашні прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Барак Абама таксама галасаваў на апошніх выбарах датэрмінова. «Чаму ж мы мусім адмаўляцца ад усясьветнай практыкі?» — сказаў Мікалай Лазавік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG