Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС пацьвердзіла датэрміновае вызваленьне з турмы былога кіраўніка беларускага санаторыя ў Сочы


Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязей МУС Беларусі Канстанцін Шалькевiч адказаў на просьбу карэспандэнта Свабоды ўдакладніць інфармацыю пра датэрміновае вызваленьне па памілаваньні былога дырэктара санаторыя «Беларусь» у Сочы, грамадзяніна Расеі Георгія Саракашыша.

«Паведамляем, што паводле стану на 15 лютага 2016 году грамадзянін Саракашыш Георгі Канстанцінавіч ва ўстановах выкананьня пакараньняў МУС не знаходзіцца», — паведаміў Шалькевіч.

Зьвесткі пра тое, што былы дырэктар сочынскага санаторыя «Беларусь» датэрмінова вызвалены з-за кратаў, трапілі ў СМІ, аднак афіцыйна іх ніхто дагэтуль не пацьвярджаў.

Сваякі Георгія Саракашыша не жадаюць размаўляць з журналістамі.

Былы дырэктар санаторыя «Беларусь» у Сочы, што ўваходзіць у структуру ўпраўленьня спраў прэзыдэнта Беларусі, Георгі Саракашыш у сьнежні 2012 году быў таемна затрыманы беларускімі спэцслужбамі падчас камандзіроўкі ў Менску. У 2014 годзе яго асудзілі на 6 гадоў турмы за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Разам зь ім былі асуджаныя на 9 гадоў яго былы намесьнік Аляксандар Кізім і кіраўнік сочынскай будаўнічай кампаніі Андрэй Міранкоў.

Санаторый «Беларусь» месьціцца ў горадзе Сочы на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Там ня раз адпачываў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. У гэты санаторый таксама атрымліваюць пуцёўкі чыноўнікі, прамыслоўцы, спартоўцы, сябры афіцыйных прафсаюзаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG