Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал-губэрнатарская гісторыя


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Неспакойна ў сьвеце. Хлеб пахне порахам. Міжволі ўзгадаеш аб існаваньні генэрал-губэрнатараў.

Апошнім часам штосьці не чуваць, ці праводзяць вучэньні, ці падвышаюць баявую вывучку? Ці, можа, я памыляюся? Ці носяць пагоны нашы генэрал-губэрнатары наогул? Пры якой нагодзе? Сам дакладна памятаю, як па тэлевізары ім уручылі па камплекту. Здаецца нават адразу з зоркамі. І было тады сказана літаральна: даўно трэба было так зрабіць, і зараз вы становіцеся генэрал-губэрнатарамі, «як гэта было ўжо ў нас у гісторыі».

Павярхоўнасьць гістарычных ведаў прымусіла мяне паглыбіцца ў пытаньне. Захаваўся рэскрыпт першага беларускага генэрал-губэрнатара Захара Чарнышова ад 16 жніўня 1772 году. Ім насельніцтва абавязвалася прынесьці прысягу. У рэскрыпце гаворыцца, што «на вечныя часы» далучаюцца землі беларускія з жыхарамі, якія «отныне навсегда имеют состоять под скипетром Российской империи».

Вось што, уласна кажучы, «было ўжо ў нас у гісторыі». Калі зыходзіць з цяперашніх паняцьцяў, генэрал-губэрнатарства было прыкметай таго, што Беларусь зроблена часткай рускага сьвету. Прызначаў, як вядома, цар. І ніхто іншы. Гэта была толькі царская справа.

Выглядае, мы апярэдзілі на гэтым полі Маскву цяпер. У ВВП пакуль звычайныя губэрнатары на дыване бываюць. Без наплечнікаў. Мы ў гульні ў рускі сьвет апынуліся некалі на крок наперадзе. І няхай нехта лічыць, што гэта мы проста вярталіся ў родную «беларускую гісторыю».

Што да нашага генэрал-губэрнатара, то яго некалі тэрмінова перавялі на іншы ўчастак работы. І заканамернае пытаньне: што з пагонамі? У шуфлядзе пакінуў? Наступніку. Ці гэта рэч асабістая, пэрсанальная? Зьехаў і забраў зоркі? Каб ведаць: у нас сёньня проста губэрнатар? Ці таксама генэрал? З пагонамі на плячах? Гэта прынцыпова важна для насельніцтва. Чаму? Калі зялёныя чалавечкі, прыкладам, да нас пажалуюць, губэрнатар будзе адказваць толькі за ўраджаі? Ці таксама за абарону? Народу трэба ведаць — на каго тады спадзявацца. І наогул — дзе атрымліваць стрэльбы, дзе капаць траншэі.

Мне хочацца спадзявацца на лепшае, што генэрал-губэрнатар нас узначаліць абавязкова. У маёй галаве ўрачыстая карціна: плошча пад вокнамі начальства. Наш валатоўскі Ленін прывычна на пастамэнце, высока над намі, з галавой амаль да даху. І «каробкі» партызанаў, нашай тэрытарыяльнай абароны.

Генэрал-губэрнатар абыходзіць баявыя парадкі. Заклапочаны чалавечы твар. Далонь да брыля. Ну, але спачатку яму рапартуе наш камбат: таварыш генэрал-губэрнатар, зводны батальён ордэна працоўнага чырвонага сьцягу СССР горада Гродна пастроены і гатовы да абароны. Рота з хімічнага гіганту, шафёрская, з таксістамі ў шыхце, рота дзяржслужачых, іпэшнікі, узвод добраахвотнікаў і апошні — збор-дружына: дворнікі, туняядцы ды іншыя.

Ён да нас зьвяртаецца, а мы адказваем, рашуча выдыхнуўшы паветра: здравія жалаем, таварыш генэрал-губэрнатар, і крычым ура-ур-ра-уррра!

І раптам пачуем, як злавесна паўзуць чыесьці танкі. Мы скемім: «тыгры», «леапарды». Але на іхні заапарк у нас скрынкі з папулярным яшчэ ў дзядоўскія часы кактэйлем Молатава. Сэрца пачне сьпяваць: зноў чортавы Гудэрыян (ці ягоны ўнук), як нас маральна рыхтавала начальства ўжо ладных семдзесят гадоў. Значыць не падмануліся, не ашукала нас. Слава Богу!

Але баявая радасьць акажацца нядоўгай. Танкі будуць паўзьці зь іншага боку. Гэта будзе бранятэхніка «трактарыстаў і шахцёраў», «толькі з ваенторгу». Хвіліна замяшаньня. Навокал аднапалчане пачнуць вымаць з кішэняў гвардэйскія стужкі: мы — свае, рабяты!

Нас, без георгіеўскіх стужак, акажацца жменя. Мы разгубімся. Ці ёсьць ахова ў генэрал-губэрнатара? Нам яго бараніць, ці як? Ці рабіць ногі, пакуль аднапалчане не захапілі ў палон?..

Аднак што ні кажыце, зоркі — гэта заўсёды прыемна. Учора ты хадзіў па-цывільнаму, амаль як звычайны грамадзянін, а сёньня раптам — генэрал. Хто б адмовіўся? Ніхто. Абарону трэба мацаваць, хто б сумняваўся, часы неспакойныя. Мы толькі за. Маю на ўвазе абароназдольнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG