Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна ў ААН: Расея — спонсар тэрарызму ў Данбасе


Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку, ілюстрацыйнае фота

Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку, ілюстрацыйнае фота

Украіна працягвае настойваць на «разгортваньні міжнароднай міратворчай апэрацыі ААН» на сваёй тэрыторыі, каб прадухіліць далейшыя парушэньні Статуту ААН і гарантаваць трывалы мір і стабільнасьць у «пэўных раёнах Луганскай і Данецкай абласьцей», заявіў сталы прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімер Ельчанка.

З пункту гледжаньня Ўкраіны, якая «цалкам прызнае ключавую ролю ААН у падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі», гэта дасьць магчымасьць вырашыць «разьвязаны Расейскай Фэдэрацыяй» канфлікт, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Парушэньне сталым сябрам Рады Бясьпекі ААН асноўных прынцыпаў міжнароднага права ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу міру і бясьпецы ў Эўропе і ва ўсім сьвеце — такая галоўная думка сёньняшняга выступу сталага прадстаўніка Ўкраіны ў ААН Уладзімера Ельчанка падчас дыскусіі ў Радзе Бясьпекі ААН.

Нэаімпэрыялістычныя амбіцыі РФ і яе безразважны мілітарысцкі авантурызм стварылі найгоршы крызіс бясьпекі ў Эўропе з моманту заканчэньня Другой сусьветнай вайны.

«Гэта адбылося ў Грузіі ў 2008 годзе, адбылося ў Крыме ў 2014 годзе і цяпер гэта адбываецца ва ўсходняй Украіне, — канстатаваў украінскі дыплямат. — Нэаімпэрыялістычныя амбіцыі Расейскай Фэдэрацыі і яе безразважны мілітарысцкі авантурызм стварылі найгоршы крызіс бясьпекі ў Эўропе з моманту заканчэньня Другой сусьветнай вайны».

Па словах Ельчанка, «менш чым за 25 гадоў свайго сяброўства ў ААН» Расея прадэманстравала сваю непавагу да абавязацельстваў міжнароднага права і Статуту ААН.

Больш за тое, адзначыў сталы прадстаўнік Украіны, «злоўжываючы правам вэта ў Радзе Бясьпекі», Расея грэбуе сваімі абавязацельствамі як сталага сябра Рады Бясьпекі ААН па падтрыманьні міру і бясьпекі. Пры гэтым дзеяньні Расеі ў Крыме, а таксама на ўсходзе Ўкраіны адпавядаюць вызначэньню агрэсіі, прынятым ААН яшчэ ў 1974 годзе.

Расея застаецца «спонсарам тэрарызму» на ўсходзе Ўкраіны і працягвае забясьпечваць фінансавую, матэрыяльную, ваенную і тэхнічную падтрымку сэпаратыстам ва Ўкраіне, заявіў Ельчанка. Яны «арганізаваныя, кіруюцца і фінансуюцца» Расеяй, у многіх выпадках — пад прыкрыцьцём так званых «гуманітарных канвояў».

Пры гэтым Ельчанка адзначыў, што ў імкненьні вырашаць канфлікты мірным шляхам, Украіна шматкроць зьвяртала ўвагу Расеі на факты парушэньня ёю міжнароднага права, у тым ліку як «акупацыйнай улады», і заклікала да вырашэньня спрэчак мірным шляхам, у тым ліку ў Міжнародным судзе ААН.

Украіна занепакоеная мілітарызацыяй акупаванага Крыму, якую праводзіць Расея. Паводле прыведзеных дадзеных, у Крыме сёньня разьмешчана больш за 23 тысячы расейскіх вайскоўцаў, сотні адзінак танкаў, бронетэхнікі, баявых самалётаў і верталётаў, дзясяткі берагавых ракетных сыстэмаў. Асаблівую занепакоенасьць Кіева выклікае тая акалічнасьць, што ў Крыме разьмешчаныя патэнцыйныя носьбіты ядзернай зброі.

Амбасадар Украіны ў ААН таксама зьвярнуў увагу на факты парушэньня Расеяй правоў чалавека ў Крыме, у тым ліку — на асабліва слабае становішча ўкраінцаў і крымскіх татараў, якія выступілі супраць расейскай акупацыі.

Паводле зьвестак украінскага дыплямата, за амаль што два гады ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны «загінулі больш за 9 тысяч грамадзянскіх асобаў; прынамсі, 20 тысяч атрымалі раненьні, а мільёны прымусова перамешчаныя».

XS
SM
MD
LG