Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дух свабоды». Выпускніца Коласаўскага ліцэю мае пасьпяховы міжнародны бізнэс і ўзышла на Кіліманджара пад бел-чырвона-белым сьцягам


Вольга Альфер дэ Фэрнандэс

Вольга Альфер дэ Фэрнандэс

Мянчанка Вольга Альфер дэ Фэрнандэс ужо больш як 10 год жыве за мяжой. Сёньня яна кіруе сваёй юрыдычнай фірмай у Вялікабрытаніі ды асвойвае рынак Блізкага Ўсходу. Паміж няспыннымі вандроўкамі Вольга распавяла пра свой пад’ём на Кіліманджара пад бел-чырвона-белым сьцягам.

У маёй сям’і размаўлялі на дзьвюх мовах, а мая дачка сёньня расьце сярод пяці моў

Вольга Альфер вырасла ў Менску ў дзьвюхмоўнай сям’і. З бацькам яна й ейны брат заўжды размаўлялі па-беларуску, а з маці, якая паходзіць з Крыму, — па-расейску.

«Мая маці цудоўна разумее беларускую мову, але размаўляе з акцэнтам», — расказала Вольга Свабодзе.

Школьныя часы Вольгі прыпалі на гады здабыцьця незалежнасьці й беларусізацыі. У Савецкім Саюзе яна пачынала вучыцца па-расейску. А яе брат на пачатку 1990-х вучыўся ўжо ў беларускамоўнай школе, куды праз ажыятаж вакол беларускамоўнай адукацыі трапіць было цяжка.

«Мне пашэнціла, бо я потым навучалася ў Беларускім гуманітарным ліцэі, — кажа Вольга. — Гэта калі коратка распавядаць пра маю беларускасьць».

Беларускай мове яна вучыць і сваю дачку — Ізабэль. Разам з мужам-амэрыканцам яны сёньня жывуць у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Таму іх дачка гадуецца ў звышразнастайным культурным асяродзьдзі.

«Яна ходзіць у брытанскі дзіцячы садок, дзе на дадатак да ангельскай абавязковая арабская мова, і дадатковая — француская, — кажа Вольга. — І кім будзе лічыць сябе дачка — гэта ейнае пытаньне. Прынамсі, роднымі ў яе будуць тры мовы: расейская, беларуская ды ангельская».

Жыцьцё «паміж Лёнданам і Эміратамі»

Месца свайго жыхарства Вольга вызначае як «паміж Лёнданам і Эміратамі». Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — ужо пятая пасьля Беларусі краіна, дзе яна жыве. Яшчэ ва ўнівэрсытэцкія гады Вольга вучылася ў ЗША. Потым вярнулася ў Менск і скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ.

Пасьля былі праца ў Славаччыне, магістарская праграма ў Швэцыі, праца ў міжнароднай кампаніі ў Маскве. Адтуль Вольгу перавялі ў брытанскі офіс. У 2012 годзе яна сышла з працы й арганізавала ўласную юрыдычную фірму ў Лёндане.

«Не сакрэт, што зь беларускім пашпартам уладкоўвацца за мяжой нялёгка, — кажа Вольга. — Мне пашэнціла, бо я выйграла добрыя стыпэндыі на навучаньне ў Штатах, а потым — у Швэцыі».

Вольга з мужам у Лёндане

Вольга з мужам у Лёндане

Ня менш складана беларусу атрымаць і працу за мяжой. Шмат якія краіны бароняць свае рынкі, і ў Вялікабрытаніі, напрыклад, трэба абгрунтаваць, чаму кампанія бярэ на працу неэўрапейца.

«У маім выпадку кампанія не знайшла брытанцаў з адпаведным вопытам і кваліфікацыяй на маю пасаду. Але ня думаю, што мяне ўзялі б на працу ў Лёндане, калі б я сябе не зарэкамэндавала ў маскоўскім офісе кампаніі».

З пачатку 2015 году Вольга зь сям’ёй пераехала ў Эміраты ды займаецца прасоўваньнем свайго бізнэсу тут. Кампанія Вольгі аказвае юрыдычныя паслугі і паслугі бізнэс-кансалтынгу: дапамагае кліентам правільна ацэньваць юрыдычныя і бізнэсовыя рызыкі, весьці перамовы й заключаць кантракты на выгадных для іх умовах.

«Мой досьвед жыцьця ў розных краінах аказаўся вельмі карысны ў працы, бо я часта вяду перамовы зь бізнэсам у іншых краінах і нават рэгіёнах».

Горы — гэта пачуцьцё свабоды

Вольга — аматарка актыўнага адпачынку. Калі жыла ў Вялікабрытаніі, часта выбіралася на трэкінг па ўзгорках.

«Я вельмі люблю горы, — кажа яна. — Гэта ж вельмі прыгожа! Калі ты стаіш на адным узроўні з аблокамі, на вышыні птушынага палёту — не перадаць такое пачуцьцё!»

Падрыхтоўкай да Кіліманджара быў пад’ём у базавы лягер на Эвэрэсьце

Падрыхтоўкай да Кіліманджара быў пад’ём у базавы лягер на Эвэрэсьце

Гара Кіліманджара, што на мяжы Танзаніі й Кеніі, стала ейнай першай кропкай зь сямі галоўных вяршыняў Зямлі. Гэтая гара лічыцца аптымальнай для ўзыходжаньня, бо не патрабуе навыкаў альпінізму. На яе можа падняцца кожны, хто мае дастатковую фізычную падрыхтоўку.

«Увесь пад’ём на Кіліманджара заключаецца ў тым, што ты ідзеш уверх па досыць крутой сьцяжынцы, — тлумачыць Вольга. — Часам прыходзілася лезьці па гарах, але кожны чалавек змог бы падняцца па гэтых камянях».

Від на вулькан Кіліманджара з горада Мошы ў Танзаніі

Від на вулькан Кіліманджара з горада Мошы ў Танзаніі

Самае складанае ў пад’ёме — вялікая вышыня. Пік Кіліманджара — 5895 мэтраў. На такой вышыні, дзе паветра вельмі разрэджанае, шмат у каго зьяўляюцца сымптомы вышыннай хваробы. Праз моцныя галаўныя болі й задышку некаторыя нават мусяць вяртацца з паўдарогі.

«Але ў нас усё прайшло добра. У мяне гэта другі сур’ёзны ўздым пасьля базавага лягера на Эвэрэсьце. Там была вышыня 5,3 тысячы мэтраў».

Усе падымаюцца са сваімі сьцягамі. Мне таксама хацелася адзначыць, што беларусы былі на Кіліманджара

На Кіліманджара Вольга падымалася зь пяцьцю сяброўкамі: дзьвюма дзяўчатамі з Расеі (адна зь іх — доктар навук з Оксфардзкага ўнівэрсытэту, другая — юрыст зь Лёндана), полькай, немкай і дзяўчынай з Эміратаў.

На шляху да вяршыні Кіліманджара

На шляху да вяршыні Кіліманджара

Увесь пад’ём і спуск заняў сем дзён — гэта аптымальны маршрут, які дазваляе акліматызавацца. Удзень дзяўчаты ішлі, а на начлег спыняліся ў намётавым лягеры.

«Там было шмат людзей зь іншых краін, — кажа Вольга. — Усе звычайна ідуць са сьцягамі. Калі ведаеш такую традыцыю, хочацца неяк адзначыць, што й беларусы былі на Кіліманджара».

З сабой у Афрыку Вольга ўзяла бел-чырвона-белы сьцяг. Ужо на месцы аказалася, што астатнія сяброўкі ня бралі сьцягоў сваіх краін.

«Таму ўсе мы ішлі пад беларускім сьцягам, — кажа Вольга. — Супраць ніхто ня быў. Цікава, што хоць мы ўсе даўно знаёмыя, але ня ўсе ведалі пра найноўшую гісторыю беларускага сьцяга. Ім было цікава даведацца, што гэта наша не афіцыйная сымболіка, але нацыянальная».

У намётавым лягеры на подступах да вулькана

У намётавым лягеры на подступах да вулькана

Па словах Вольгі, на шляху да вяршыні яны сустракалі шмат іншых груп. Але ніхто не пазнаў беларускі сьцяг.

«Я думаю, што нават дзяржаўны сьцяг не пазналі б, — кажа Вольга. — Звычайна ведаюць сьцягі вялікіх краінаў. Зь нядаўніх часоў ведаюць і ўкраінскі сьцяг».

«Вы ж ня лічыце Ірляндыю часткай Брытаніі», — і мяне адразу разумеюць

Вольга жыве за мяжой ужо больш за 10 год, і, па яе назіраньнях, пра Беларусь ведаюць усё больш і больш. Можа, не заўжды пазнаюць сьцяг, але прынамсі ведаюць, дзе сама краіна.

«Можа, у мяне кола знаёмых такое, але калі людзі чуюць, што я зь Беларусі, то ўсё часьцей перапытваюць, ці ня зь Менску, — кажа Вольга. — Добрыя ці кепскія навіны пра нас зьяўляюцца ў СМІ, але назва краіны ўжо на слыху».

Падчас уздыму на Кіліманджара

Падчас уздыму на Кіліманджара

Лепшаму ўспрыманьню краіны спрыяюць і беларускія эмігранты, якія жывуць па ўсім сьвеце. Напрыклад, па дарозе на Кіліманджара Вольга сустрэла амэрыканцаў.

«Калі яны даведаліся, што я зь Беларусі, то вельмі ўзрадаваліся. Аказваецца, яны маюць цудоўных суседзяў — сям’ю зь Беларусі».

Гэта раней Вольга часта сустракала людзей, якія нічога ня чулі пра Беларусь. Калі й цяпер нехта яе пытае, ці ня частка Расеі гэта, яна праводзіць паралель з Ірляндыяй.

«Калі такое пытаньне ўзьнікае ў Брытаніі, я ім кажу: „Вы ж ня кажаце ірляндцам, што Ірляндыя — гэта частка Брытаніі“. Гэты прыклад усе цудоўна разумеюць».

«Горы даюць адчуваньне свабоды»

«Горы даюць адчуваньне свабоды»

Наступным месцам, дзе Вольга будзе адказваць на пытаньні пра Беларусь, можа стаць Мачу-Пікчу ў Пэру. Пад’ём там таксама ня вельмі складаны, да таго ж гэта частка сьвету зь вельмі багатай культурай.

«Чаму чалавека з раўнін цягне ў горы? Я думаю, усё вельмі індывідуальна. Камусьці, як маім бацькам, больш падабаецца ў лесе каля возера. А кагосьці, як мяне, заварожваюць горы. У гарах адчуваецца своеасаблівы дух свабоды».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG