Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі паўплывае адмена ЭЗ санкцый?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: Рашэньне па санкцыях, прынятае сёньня Эўразьвязам — гэта будзе ў пэўным сэнсе гістарычная падзея. Можна сказаць, што адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю могуць пачацца з чыстага аркушу. Больш за тое, Рада Эўразьвязу мае намер «паскорыць рэалізацыю захадаў, накіраваных на ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, у шэрагу эканамічных і гандлёвых сфэраў». Размова ідзе пра далучэньне Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, супрацоўніцтва зь міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, у прыватнасьці, з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам, Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця.

Іншымі словамі, Эўразьвяз ня толькі скасоўвае санкцыі, але ён гатовы падтрымаць Беларусь грантамі, крэдытамі эўрапейскіх банкаў падтрымаць далучэньне Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, што вельмі важна, калі Беларусь прыме канчаткова рашэньне ўсё ж такі далучыцца да гэтай структуры. Прычым, я б хацеў зьвярнуць увагу на тое, што нічога асаблівага за гэтыя 4 месяцы з моманту мінулага рашэньня па санкцыях не адбылося. Беларускі рэжым за гэты час ня стаў больш лібэральным. Але проста лёгіка палітычнага працэсу, геапалітычнай сытуацыі ў рэгіёне, таго трэнду, якія пачаўся яшчэ два гады таму, паступова падвяла да гэтага рашэньня.

Як паўплывае гэта на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі? Я думаю, што ў пэўным сэнсе гэтае рашэньне будзе стрымліваць рэжым. Ня думаю, што пасьля прыняцьця гэтага рашэньня пачнуцца маштабныя рэпрэсіі, мяркую, што бліжэйшым часам нічога прынцыпова ня зьменіцца. А вось далей усё будзе залежаць ад таго, ці будуць улады адчуваць нейкую пагрозу з боку апазыцыі, грамадзтва, грамадзянскай супольнасьці. Калі, скажам, акцыі прадпрымальнікаў пачнуцца ў масавым маштабе, тады ўлады будуць вымушаныя ўжыць нейкія больш жорсткія рэпрэсіі.

Дракахруст: Усё ж скасаваньне санкцыяў у пэўнай ступені дае ўладам карт-блянш, дае пэўную свабоду рук. Чыста псыхалягічна зразумела, што цяпер нейкія кропкавыя невялікія рэпрэсіі не прывядуць да вяртаньня ранейшай сытуацыі. Немагчыма ўявіць сабе, што зараз разгоняць мітынг, кагосьці пасадзяць, нават зьявяцца, барані Бог, адзін-два палітвязьні, і пасьля гэтага Рада Эўразьвязу хутка зьбярэцца і скажа: «Мы вяртаем санкцыі». Гэтая машына працуе крыху па іншым прынцыпе.

І тут я з вамі, Валер, згодны, што збольшага беларуская дэмакратыя, беларуская апазыцыя апынаюцца ў той пазыцыі, у якой знаходзіцца апазыцыя, дэмакратыя ў пераважнай большасьці краінаў сьвету, якія ёсьць аўтарытарныя, і супраць якіх ніякія санкцыі ня дзейнічаюць. Чаго яны дамогуцца, да чаго яны ўлады прымусяць, тое і будзе.

Але мне здаецца, што ў гэтай сытуацыі ўсё ж зьнешні чыньнік будзе працягваць дзейнічаць, можа, у іншай форме. Вы, Валер, ужо працытавалі гэтыя радкі з заявы Эўразьвязу пра пашырэньне супрацоўніцтва. «Бізун» у выглядзе санкцыяў здымаецца. Але зьяўляецца пэўная сыстэма «морквачак». І калі раней, умоўна кажучы, дыскусія паміж умоўным Макеем і ўмоўным Вакульчыкам, паміж «голубам» і «ястрабам» у беларускай уладзе магла ісьці ў такім ключы: «Што ж вы робіце, вы санкцыі ўтрымліваеце, а мы іх можам зьняць», то цяпер размова паміж імі можа ісьці так: «Не чапайце вы апазыцыю, нам крэдыт ад ЭБРР могуць даць, на рынак эўрабондаў могуць пусьціць, грошы даць ад МВФ, а вы дубінкамі махаеце і нам робіце шкоду». Вось гэтая сыстэма «морквачак» будзе стымуляваць тое, каб улада махала дубінкай прынамсі памяркоўна.

Цыганкоў: Так, Юры, я падтрымаю вас гістарычным прыкладам таго, што за гісторыю незалежнай Беларусі выдача крэдытаў МВФ, так ужо атрымлівалася, супадала з пэўнай лібэралізацыяй ва ўнутранай палітыцы. І тут можна ўзгадаць і 1995, і 2009 — 2010 гады, калі ішла пэўная лібэралізацыя. Іншая справа, што яна закончылася 19 сьнежня 2010 году, але гэта дагэтуль застаецца загадкавай зьявай беларускай гісторыі, чаму менавіта так закончыліся прэзыдэнцкія выбары.

Я адзначу такую парадаксальную зьяву: усё больш людзей нават з дэмакратычнымі і апазыцыйнымі настроямі выступаюць за скасаваньне санкцыяў. І тлумачаць гэта перш за ўсё геапалітычнымі прычынамі, што гэта важна не для рэжыму, а важна менавіта для краіны, для дзяржавы. На іх думку, трэба ня даць зараз Беларусі загрузнуць разам з Расеяй у гэтую багну, у якую яна ідзе, і ўсімі сіламі трэба гэтаму супрацьстаяць. І калі Эўразьвяз працягвае руку і ў пэўным сэнсе афіцыйны Менск гэтую працягнутую руку прымае, то трэба гэта толькі вітаць. З чыста геапалітычных прычынаў гэта можа дазволіць Беларусі хоць трошкі адысьці ад Расеі, якая за гэтыя два гады ідзе туды, куды ідзе. І калі беларускія ўлады ўзялі, як гэта выглядае, стратэгічны курс на паляпшэньне стасункаў з Захадам, то ўладзе не хацелася б тарпэдаваць яго рэпрэсіямі, у якіх, у прынцыпе, няма вялікага сэнсу — няма цяпер прэзыдэнцкіх выбараў, няма пытаньня пра зьмену ўлады.

Дракахруст: Віталь, я запярэчу вам з пункту гледжаньня прыхільнікаў санкцый. Усё гэта прыгожа: геапалітыка, выхад з зоны ўплыву Расеі і гэтак далей. Але возьмуць і саб’юць — як зьбілі журналіста Паўла Дабравольскага, ня самага рэвалюцыйнага чалавека, які ня бег са зброяй — браць прэзыдэнцкі палац. Памятаеце рэакцыю спадара Зісера? Ён пра санкцыі прыгадаў. Гэта абсалютна нармальная рэакцыя: арыштуюць вас, паб’юць, пасадзяць, паставяць бот на твар — адразу ўсе прыгадваюць санкцыі.

Цыганкоў: Я пра гэта і хацеў сказаць. Такія эксцэсы — яны магчымая. Але пры ўсім пры тым на фоне больш жорсткіх постсавецкіх рэжымаў, такіх, як Расея, Азэрбайджан, трэба менавіта з гэтага пункту гледжаньня ацэньваць гэтыя эксцэсы. І ўсё ж гісторыя з Дабравольскім, пры ўсёй абуральнасьці, не прывяла да зьняволеньня ці да зьяўленьня палітвязьняў.

Па-другое, нават ёсьць сакрэт у тым, адкуль яны бяруцца, гэтыя эксцэсы, магчыма, гэта проста недарэчнасьць, проста інцыдэнт, проста глупства канкрэтнага сяржанта ці капітана міліцыі. Але магчыма ( і тут ня трэба быць вялікім кансьпіролягам), што тут сьвядомая правакацыя (я не кажу пра гэты канкрэтны выпадак, а пра тое, што такое можа быць) — правакацыя праціўнікаў паляпшэньня адносінаў як унутры беларускай улады, так і за яе межамі. Калі вы спытаецеся, дзе гэтыя праціўнікі могуць сядзець? Я адкажу: на ўсходзе ад Беларусі. Калі вяртацца да 19 сьнежня 2010 году, то так мы і ня маем адказу, каму гэта было выгадна і чаму так адбылося. Правакацыі супраць паляпшэньня адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам у нейкай форме могуць зьявіцца. І яны, магчыма, будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG