Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канкурэнцыя беларускім трактарам прыходзіць на Кубу з ЗША


ЗША дазволілі будаўніцтва першага з 1959 гаду амерыканскага заводу на Кубе. Ён будзе выпускаць малыя і недарагія трактары.

Мяркуецца, што прадпрыемства будзе выпускаць да тысячы невялікіх
трактароў у год для незалежных сельгасвытворцаў Кубы. Амэрыканская
кампанія Cleber мае намер наладзіць вытворчасьць трактароў і іншай цяжкой тэхнікі ў Асобай эканамічнай зоне ў порце Марыэль за 45 км ад Гаваны. Запусціць зборачную вытворчасьць амэрыканцы спадязюцца ў
першым квартале 2017 года.

«Увесь сьвет накіраваўся на Кубу, каб прадаць што-небудзь, але мы не зьбіраемся рабіць гэта. Мы вывучылі пытаньне і тое, як мы можам дапамагчы Кубе вырашаць праблемы, якія яны лічаць найбольш важнымі, — кажа адзін з уладальнікаў кампаніі Cleber Хорас Клемэнс. — Думаю, што ўсе мы выйграем у доўгатэрміновай пэрспэктыве, калі будзем займацца рэчамі, выгаднымі для абодвух бакоў».

Завод цаной ад 5 да 10 млн даляраў стане першай значнай інвэстыцыяй амэрыканскага прадпрыемства на кубінскай зямлі пасьля перамогі рэвалюцыі 1959 года, калі ўрад Фідэля Кастра нацыяналізаваў амэрыканскую ўласнасць на мільярды даляраў. Гэта прывяло да ўвядзення Злучанымі Штатамі гандлёвай, эканамічнай і фінансавай блякады Кубы. Адносіны былі адноўненыя летась.

Трактары будуць называцца Агун — у афра-кубінскіх сынкрэтычных вераваннях Агун лічыцца богам вайны і жалеза. Іх магутнасьць будзе 25 конскіх сіл. Па словах уладальнікаў фірмы, такія сельскагаспадарчыя машыны лёгкія ў кіраваньні і даўгавечныя. Цана машыны не перавысіць 10 тысяч даляраў.

Трактары, якія пастаўляе на Кубу беларускі МТЗ, большай магутнасьці — 80, 100 і 150 конскіх сіл. Адна з самых буйных партый за апошні час — каля 500 трактароў — была адгружаная у канцы мінулага году. На сёлета падпісаны кантракт на пастаўку запчастак для сэрвіснага абслугоўваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG