Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахмед Закаеў: Калі Чачня аддзеліцца, Кадырава тут жа скінуць


Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў на мітынгу ў Грозным у Дзень Расеі 12 чэрвеня 2012 году

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў на мітынгу ў Грозным у Дзень Расеі 12 чэрвеня 2012 году

Кіраўнік «Ураду Ічкерыі ў выгнаньні» Ахмед Закаеў — пра ролю і ўплыў Рамзана Кадырава на Чачню і Расею.

У Расеі працягваецца грамадзкая дыскусія пра ролю ў крамлёўскай палітыцы кіраўніка Чачні. Адкрытыя нападкі Рамзана Кадырава на актывістаў лібэральнай апазыцыі, «чачэнскі сьлед» у расьсьледаваньні забойства Барыса Нямцова, набліжэньне тэрміну заканчэньня паўнамоцтваў Кадырава (пра што ён сам, аказваецца, «забыўся»), удзел узброеных кадыраўцаў ў войнах на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі — усё гэта вярнула актуальнасьць пытаньня аб тым, якое месца ў сыстэме расейскай улады займае «верны пяхотнік Пуціна» і якая будучыня адносін паміж Масквой і Грозным.

Ахмед Закаеў

Ахмед Закаеў

Палітоляг Андрэй Піянткоўскі ў палемічным тэксьце, апублікаваным нядаўна Радыё Свабода, паставіў гэтыя пытаньні гранічна востра: «Чачня ў складзе Расеі ці Расея ў складзе Чачні?» Непрымірымы апанэнт Кадырава, які жыве ў эміграцыі ў Лёндане, — чачэнскі палітык Ахмед Закаеў. Закаеў ўзначальвае «Урад Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя ў выгнаньні», які лiчыць сябе законным прадстаўніком чачэнскага народу. Менавіта зь лідэрамі гэтага кабінэта міністраў Крэмль падпісаў ў 1996 годзе Хасавюртаўскую мірную дамову пра заканчэньне вайны і расейска-чачэнскае палітычнае размежаваньне. Закаеў абвешчаны Масквой у міжнародны вышук, аднак Кадыраў (нядаўна ён наведаў сваякоў Закаева, якія жывуць у Чачні) неаднаразова прапаноўваў свайму суперніку вярнуцца на радзіму, гарантуючы яму бясьпеку і свабоду ад судовага перасьледу.

Кіраўнік Ічкерыі Аслан Масхадаў і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын у Крамлі 18 жніўня 1996 году, за два тыдні да падпісаньня Хасавюртаўскіх пагадненьняў.

Кіраўнік Ічкерыі Аслан Масхадаў і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын у Крамлі 18 жніўня 1996 году, за два тыдні да падпісаньня Хасавюртаўскіх пагадненьняў.

Закаеў адмаўляецца і застаецца на Захадзе, і па-ранейшаму ўзначальвае замежную апазыцыю Кадыраву, застаючыся адным з самых пасьлядоўных і непрымірымых яго крытыкаў, нягледзячы на тое што ў 2007 годзе ён станоўча ставіўся да прызначэньня Кадырава-малодшага на пасаду кіраўніка Чачні.

У інтэрвію Радыё Свабода Ахмед Закаеў аналізуе апошнія дзеяньні і выказваньні Рамзана Кадырава і ацэньвае ролю Чачні ў стратэгіі расейскіх уладаў.

РС: Ці сапраўды, як піша Андрэй Піянткоўскі, адзіным змацаваньнем Расейскай дзяржавы зьяўляецца асабістая унія Расеі і Чачні, якая пэрсаніфікуецца Пуціным і Кадыравым?

Закаеў: Адзінае, што зьвязвае сёньня Расею і Чачню, — гэта зычлівасьць Пуціна да «акадэміка» Кадырава і, вядома, грошы, што накіроўваюцца яму як плата за асабістую адданасьць Пуціну, за гатоўнасьць выканаць любы яго загад.

РС: Чаму, урэшце, Кадыраў пайшоў за Пуціным? Бо спачатку і ён, і яго бацька зьвязвалі сябе з Ічкерыяй.

Кадыраў-старэйшы быў зьвязаны з КДБ, з гадамі я абсалютна ў гэтым пераканаўся.

Закаеў: Больш правільна будзе сказаць, што Кадыраў-старэйшы быў зьвязаны з КДБ, з гадамі я абсалютна ў гэтым пераканаўся. Ён шмат у чым спрыяў таму, каб пачалася першая ваенная кампанія ў Чачні. За пачаткам першай кампаніі стаяла выключна ФСБ, якую тады ўзначальваў Сяргей Сьцяпашын. Менавіта Кадыраў-старэйшы абвясьціў Расеі джыхад, менавіта ён кінуў кліч пра тое, што кожны чачэнец павінен забіць па 150 расейцаў, і тады нібыта скончыцца вайна. Калі пачалася другая ваенная кампанія ў Чачні, Кадыраў-старэйшы стаў прэтэндаваць на ролю галоўнай марыянэткі Крамля, у Чачні зь ім канкураваў Беслан Гантаміраў. У адной з тэлевізійных перадач у Маскве Беслан з іроніяй, з сарказмам спытаў у Кадырава-старэйшага, што ён рабіў падчас першай ваеннай кампаніі. Той адказаў: Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін добра ведае, чым я займаўся і ў першую кампанію, і паміж дзьвюма вайсковымі кампаніямі. Зразумела, што Пуцін прызначыў менавіта [Ахмата] Кадырава галоўнай марыянэткай акупацыйнага рэжыму.

Рамзан Кадыраў на фоне партрэта свайго бацькі, 2005 год.

Рамзан Кадыраў на фоне партрэта свайго бацькі, 2005 год.

Тое, што адбылося пасьля з малодшым Кадыравым, — выключна пуцінскі праект. Людзі сілавой сыстэмы з самага пачатку былі супраць Рамзана, але Пуцін пераканаў іх: гэта часовы праект, зь якім зьвязаны плян па перавярбоўцы байцоў чачэнскага супраціву на бок фэдэралаў. Сілавікі пагадзіліся, тым больш што на чале рэспублікі тады стаяў чалавек з сілавых структур, Алу Алханаў. Яны палічылі, што першую скрыпку ў гэтай справе будзе граць ён. Але з часам атрымалася так, што тым байцам, якія пераходзілі на бок фэдэралаў, гарантыю бясьпекі даваў выключна Кадыраў. Гэтыя людзі сталі праяўляць выключную адданасьць толькі Кадыраву, таму што за Кадыравым стаяў Пуцін.

РС: Што вы думаеце пра так званы «антыкадыраўскі фронт» у расейскім палітычным істэблішмэнце, пра нібыта існуючае рэзкае непрыманьне расейскімі сілавікамі і некаторымі крамлёўскімі палітыкамі гэтага пуцінскага праекту? Пра людзей, якія нібыта спрабуюць дыскрэдытаваць Кадырава і нават могуць паспрабаваць выступіць супраць Пуціна, калі той нарэшце адмовіцца Кадырава «зьліць»?

ФСБ з гэтага часу знаходзіцца з Кадыравым ў моцнай канфрантацыі.

Закаеў: У 2006 годзе да мяне ў Лёндан прыяжджаў Кірсан Ілюмжынаў. Ён прыехаў ад імя Ўладзімера Пуціна, з тым каб я вярнуўся ў Расею. У гэты ж час на мяне выйшаў Руслан Атлангерыеў, які не хаваў, што зьвязаны з намесьнікам дырэктара ФСБ Аляксандрам Бортнікавым. Ад яго я даведаўся, што ў ФСБ шукаюць замену Кадыраву, што яны былі б рады ад яго пазбавіцца, але пакуль не знаходзяць прымальнага варыянту. Я абсалютна дакладна ведаю, што ФСБ з гэтага часу знаходзіцца з Кадыравым ў моцнай канфрантацыі. Кадыраў у той момант спрацаваў на апярэджаньне і пазбавіўся ад магчымых канкурэнтаў — я маю на ўвазе Маўладзі Байсарава, братоў Ямадаевых, пазьней пазбавіўся і ад Руслана Атлангерыева.

Калі сёньня паспрабаваць Кадырава зьняць ўказам прэзыдэнта і абвясьціць, што прызначаецца іншы кіраўнік рэспублікі, то гэта неадкладна выкліча пярэпалах у шэрагах яго прыхільнікаў. Вядома, Кадыраў у адстаўку ня пойдзе — яму проста няма куды сысьці. Калі тры-пяць месяцаў таму ў яго яшчэ былі нейкія магчымасьці, былі адрасы, куды ён мог зьехаць (Турэччына, суніцкія дзяржавы, Сырыя або Арабскія Эміраты), то сёньня гэтай магчымасьці ён пазбавіўся з-за таго, што разам з Пуціным падтрымаў канфлікт у Сырыі, стаўшы на бок шыітаў і Башара Асада. Тым самым Кадыраў перакрыў сабе шляхі адыходу, якія на працягу некалькіх гадоў рыхтаваў. Але гэта было зроблена выключна на патрабаваньне Пуціна. Для таго каб зьняць Кадырава, сілавікі павінны правесьці пэўныя апэратыўныя мерапрыемствы сярод яго найбліжэйшага атачэньня, інакш гэта выкліча абсалютна нэгатыўную рэакцыю ў Грозным, і Пуціну ня ўдасца простым указам ці росчыркам пяра адсунуць свайго стаўленіка. Ня думаю, што Пуцін калі-небудзь рашыцца на гэта.

РС: Андрэй Піянткоўскі піша пра ролю Кадырава ў забойстве Барыса Нямцова, праўда, не прыводзіць доказаў. А ці ёсьць такія доказы?

Яны дамовіліся прывезьці ў Маскву кадыраўскіх гангстэраў, якія прайшлі падрыхтоўку ў Чачні.

Закаеў: Думаю, што рашэньні пра нейкую нэўтралізацыю Барыса Нямцова, Гары Каспарава, Сяргея Ўдальцова, Аляксея Навальнага былі прынятыя яшчэ ў 2011 годзе, калі ў Маскве пачаліся масавыя пратэстныя акцыі. Пасьля таго як Пуцін адчуў рэальную пагрозу, ён адправіўся ў Чачню і правёў там два дні з Кадыравым. Тады, як я мяркую, яны і дамовіліся прывезьці ў Маскву кадыраўскіх гангстэраў, якія прайшлі падрыхтоўку ў Чачні, і выкарыстоўваць іх для падаўленьня магчымага мяцяжу. Гэтая інфармацыя стала вядомая нам, у нас маюцца ўласныя агентурныя сувязі. Я папярэдзіў і Барыса Нямцова, і Гары Каспарава, мы сустракаліся ў адной з эўрапейскіх сталіц. Спачатку яны да маёй інфармацыі паставіліся не зусім сур’ёзна, але літаральна на другі дзень пасьля нашай сустрэчы Пуцін заявіў: нібыта на Захадзе шукаюць сакральную ахвяру для таго, каб абвінаваціць Крэмль у забойстве.

Чаму цягнулі зь Нямцовым? Пуцін спрабаваў заручыцца падтрымкай Захаду; у той час ён заляцаўся да Захаду, спрабуючы ўвайсьці ў элітны міжнародны клюб, куды яго ў выніку не ўзялі. Адтэрміноўкі больш не патрабавалася. А калі адбылася анэксія Крыму, калі пачаліся ваенныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, калі Захад стаў прымаць жорсткія санкцыі супраць Расеі, тут ужо Пуціну ня трэба было азірацца. Упэўнены, што расейскія спэцслужбы да апошняга моманту кантралявалі сытуацыю, ведалі, што на Нямцова рыхтуецца замах, ведалі, кім ён арганізавана і хто яго выканаўцы. Яны дапусьцілі гэтае забойства, кіруючыся прынцыпам двайной выгады: ліквідацыя ненавіснага ім Барыса Нямцова, які даваў дакладныя кропкавыя каардынаты людзей, супраць якіх варта ўжыць санкцыі; і ў той жа час ліквідацыя апазыцыйнага палітыка рукамі прадстаўнікоў Кадырава давала магчымасьць сілавікам пазбавіцца і ад кіраўніка Чачні. Менавіта таму яны дапусьцілі гэтае забойства, празь некалькі дзён затрымалі выканаўцаў і выйшлі на найбліжэйшае асяродзьдзе Кадырава — Дэлімханава і Герэмеева. Але тут за іх заступіўся Пуцін.

РС: Ці сапраўды пуцінскі «праект Кадыраў» прадухіляе вялікую каўкаскую вайну, як мяркуе Андрэй Піянткоўскі?

Кадыраў выдатна ведае: сілавікі чакаюць свайго часу, каб скінуць яго з трона.

Закаеў: Думаю, што адносна гэтага Піянткоўскі трохі памыляецца. На мой погляд, менавіта Кадыраў сёньня правакуе сытуацыю на Паўночным Каўказе, у прыватнасьці, у Інгушэтыі і Дагестане. Ён спрабуе дэстабілізаваць сытуацыю, каб падкрэсьліць сваю важнасьць у якасьці расейскага жандара на Каўказе. Чачня цяпер уціхаміраная, практычна ніякага супраціву ў Чачні няма, неабходнасьць у Кадыраве як у заспакаяльніку рэспублікі пачынае зьніжацца. Кадыраў выдатна ведае: сілавікі чакаюць свайго часу, каб скінуць яго з трона. У сувязі з гэтым у яго зьявілася патрэба паказаць Пуціну: я магу быць карысным і ў іншых праблемных рэгіёнах — у Інгушэтыі і Дагестане. Масква залежыць ад сытуацыі ў Чачні. Пуцін ня можа рабіць многія свае крокі, папярэдне не ўзгадніўшы іх з Кадыравым, і я тут не іранізую. Насамрэч усё, што тычыцца Паўночнага Каўказу, Пуцін узгадняе з Кадыравым і заручаецца яго падтрымкай. Бо Кадыраў стаў страшылкай ня толькі для расейскіх лібэралаў, але і для некаторых краін на постсавецкай прасторы. Аднак, калі Чачня аддзеліцца ад Расеі, то Кадыраў адразу ж страціць уладу ў Чачні. Уся яго падтрымка ў Чачні існуе толькі таму, што яго сёньня падтрымлівае Пуцін, гэта значыць расейская дзяржава з усімі сваімі рэсурсамі. Калі б гэтай падтрымкі не існавала, то Кадыраў неадкладна страціў бы ўладу: чачэнцы яго скінуць і спытаюць за тыя злачынствы, якія ён зрабіў. Вядома, ён з гэтым жартаваць ніколі ня будзе.

XS
SM
MD
LG