Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыадкрытая тайна перапіскі Яна Паўла ІІ з закаханай у яго амэрыканскай полькай


Бі-Бі-Сі удалося пабачыць у Варшаўскім архіве лісты, якія Караль Вайтыла (пазьней папа Ян Павал ІІ) пісаў замужняй жанчыне Ганьне-Тэрэзе Тымянецкай.

Калі яны сустрэліся ў 1973 годзе, кардынал Караль Вайтыла быў арцыбіскупам Кракава. Ганна-Тэрэза Тымянецка, полька з паходжаньня, падобна яму, перажыла нялёгкі досьвед нацысцкай акупацыі. Пасьля вайны яна зьехала вучыцца за мяжу і ўрэшце зрабіла ў ЗША акадэмічную кар’еру як навукоўца—філёзаф. У Амэрыцы яна яна выйшла замуж і нарадзіла трох дзяцей. (Муж Ганны-Тэрэзы, Гэндрык Гаўтэкер, быў вядомым эканамістам з Гарварду.)

Падставай для сустрэчы стала абмеркаваньне кнігі Вайтылы пра філязофію, якую ён напісаў падчас навучаньня ў Люблінскім унівэрсытэце. Тымянецка прапанавала працаваць разам над яе ангельскай вэрсіяй. Але з гэтага нарадзілася сяброўства больш чым на тры дзесяцігодзьдзі. Архіў перапіскі Тымянецка ў 2008 годзе прадала Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы. Да гэтага часу лісты трымаліся далей ад вачэй дасьледчыкаў.

Як кардынал абыходзіў спэцслужбы

У часы камуністычнай Польшчы, як вядома, служба бясьпекі пільна сачыла за дзеячамі касьцёлу. Доктар Марэк Ласота, які вывучаў дакумэнты камуністычнай эпохі ў Інстытуце нацыянальнай памяці ў Кракаве, распавядае, што служба дзяржбясьпекі выяўляла да кардынала Вайтылы асабліва пільную цікаўнасьць. «У ягонай кватэры было ўсталявана падслухоўваньне, ягоны тэлефон таксама быў пад кантролем, — кажа ён. — Уся яго паштовая перапіска — як афіцыйная, так і асабістая — ускрывалася і правяралася». Таму першы намёк на нейкія блізкія адносіны зьявіўся ў лісьце, адпраўленым ня з Кракава, а з Рыму, дзе ўвосень 1974 кардынал Вайтыла правёў больш за месяц на нарадзе каталіцкіх біскупаў. Ён узяў з сабой некалькі лістоў Ганны-Тэрэзы, каб адказаць на іх «без выкарыстаньня пошты». Як пісаў Вайтыла, гэтыя лісты былі для яго «вельмі значнымі і глыбока асабістымі, нягледзячы на тое, што яны напісаныя філязофскай мовай». У канцы ліста ён дадае, што «ёсьць рэчы, пра якія мне занадта цяжка пісаць». Аўтар Бі-Бі-Сі Эд Стаўэртан, які бачыў лісты кардынала, мяркуе, што неўзабаве Ганна-Тэрэза прызналася, што кахае Вайтылу.

Фатаздымкі папы Яна Паўна ІІ з Ганнай-Тэрэзай Тымянецкай на сайце Бі-Бі-Сі.

Сустрэча ў ЗША

Ганна-Тэрэза Тымянецка

Ганна-Тэрэза Тымянецка

Улетку 1976 году кардынал Вайтыла ўзначаліў дэлегацыю польскіх біскупаў на вялікі каталіцкі кангрэс у Злучаных Штатах, і Ганна-Тэрэза Тымянецка запрасіла яго пагасьцяваць у яе сям’і ў мястэчку Памфрэт, што ў штаце Вэрмонт. Вайтыла з задавальненьнем тады праводзіў час на прыродзе.

Падобна на тое, што Ганна-Тэрэза яшчэ раз сказала Вайтылу пра свае пачуцьці да яго, таму што ў лісьце, які ён ёй пасьля напісаў, відаць, што ён з усіх сіл спрабаваў разабрацца ў адносінах. Ён піша ёй, што яна — падарунак ад Бога, і працягвае: «Калі б я ня меў такога перакананьня, такой маральнай упэўненасьці ў Божай ласцы і ў маёй паслухмянасьці яму, то я б не адважваўся так паступаць».

Папскі падарунак

Стаўшы пантыфікам, Ян Павел II зьмяніў пратакол папства, ён падарожнічаў па сьвеце, як ніводзін папа да яго, — асабліва ў першыя гады, калі ён, нібы рок-зорка, зьбіраў натоўпы прыхільнікаў. Яго адказ Тымянецкай на прызнанне ў каханьні сьведчыць, што ён і ў асабістым жыцьці цалкам мог адступаць ад традыцыйнай лініі паводзін. Замест таго, каб спыніць з жанчынай усялякія адносіны, як зрабіў бы любы іншы разважлівы прэлат, пасьля свайго абраньня ён напісаў Тымянецкай, што жадае працягнуць іх адносіны. Ён матываваў гэта тым, што ня хоча, каб перапыніўся «абмен ідэямі, які, як я заўсёды лічыў, быў вельмі творчым і плённым». Але потым здарылася спрэчка з-за кнігі, над якой яны разам працавалі. Тымянецка аддала яе ў друк, але Ватыкан падаў на яе ў суд, абвінаваціўшы ў скажэньні ідэй новага папы. Ян Павел II ня змог заступіцца за яе, і яна палічыла гэта здрадай.

Але ўрэшце іх цёплыя адносіны аднавіліся. Ян Павел падарыў ёй адну з сваіх самых запаветных рэчаў — скапулярый, або манаскі наплечнік. Скапулярый зроблены з двух невялікіх кавалачкаў тканіны, злучаных шнурком, так, каб манах мог насіць яго на целе — адну частку на грудзях, другую — на сьпіне. На працягу многіх стагодзьдзяў гэты элемэнт манаскага адзеньня служыў сымбалем прыхільнасьці хрысьціянству. Гэты скапулярый Караль Вайтыла атрымаў як падарунак ад бацькі на сваю першую сьвятую камунію. Тое, што ён перадаў яго Ганне-Тэрэзе Тымянецкай сьведчыць пра асаблівую значнасьць іх адносін. Пазьней ён сказаў ёй, што гэта дазволіла яму «прымаць і адчуваць цябе паўсюль ва ўсіх сытуацыях, будзь ты блізка ці далёка».

Сьвятло да старасьці і сьмерці

У пачатку 90-х гадоў у Яна Паўла II дыягнаставалі хваробу Паркінсона, ён пачаў усё радзей выяжджаць з Ватыкану. Ганна-Тэрэза шмат наведвала яго, пасылала яму кветкі і фатаграфіі. У адным лісьце ён напісаў ёй: «Я думаю пра цябе, у маіх думках я кожны дзень прыяжджаю ў Памфрэт». Ён часта ўспамінае пра іх агульнае мінулае. Пасьля свайго апошняга візыту ў Польшчу ў 2002 годзе ён пісаў: «Наша агульная радзіма — там так шмат месцаў, дзе мы сустракаліся, дзе мы столькі гутарылі на важныя для нас тэмы, дзе мы зьведалі прыгажосьць Божай прысутнасьці».

Тымянецка наведала Яна Паўла II незадоўга да яго сьмерці ў 2005 годзе. Праз рэкордны тэрмін — дзевяць гадоў — ён быў прызнаны сьвятым. Значыць, сьвяты прастол не знайшоў ніякіх прыкметаў таго, што папа парушыў цэлібат. Або, як мяркуе аўтар артыкулу, проста ня стаў чытаць яго перапіску з амэрыканскай карэспандэнткай.

XS
SM
MD
LG