Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі ў Беларусі – асобная каста ці абслуга?


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Неяк я рабіў у Маскве інтэрвію з маладой беларускай прастытуткай. Я запытаўся пра што яна марыць, кім бачыць сябе ў будучыні.

Дзяўчына не задумвалася: «Хачу быць “мамкай” (галоўнай над групай прастытутак)! Буду зьбіраць дзяўчонак у родным горадзе і апекавацца (кіраваць) імі ў Маскве». Пра шанцы і варыянты зьдзяйсьненьня жаданага дзяўчына не казала, яно і зразумела: гэта ж – мара.

Гісторыю прыгадаў, калі прачытаў папулярны ў частцы байнэту тэкст аўтара пад псэўданімам Тоўсты Леў:

– «Ніколі не было такога выразнага адчуваньня, што ў нас утварыліся дзьве дзяржавы: адна – у катэджах, другая – у “хрушчобах” і вясковых хатах. І два гэтыя сусьветы практычна не перакрыжоўваюцца».

Аўтар піша не пра ўдалых бізнэсоўцаў. «Дзяржава-катэдж» падкрэсьлена чынавенская. «Ня талент, ня веды, не культура ўзьнялі іх з гразі».

На мой погляд, гэты тэкст – першая спроба абазначыць зьяву, на якую зьвяртаюць увагу рэгулярна, але фрагмэнтарна. Пішуць і ў СМІ, і ў сацыяльных сетках пра неадпаведнасьць даходаў топ-чыноўнікаў кошту маёмасьці, якой яны валодаюць.

Пішуць пра непразрыстасьць крыніц даходаў. Пішуць пра ўнутрыкаставую барацьбу, якая выходзіць на паверхню ў выглядзе навінаў пра чарговага пасаджанага за краты, а пасьля выпушчанага на волю і зноў працаўладкаванага чыноўніка. Там – унутры касты – ідуць свае працэсы.

Усё лягічна. Калі Беларусь – дзяржава-капіталіст, адпаведна мусяць быць дзяржаўныя капіталісты. Асобная каста. Нагадвае гісторыю ХІХ-ХХ стагодзьдзяў, калі працоўныя змагаліся з капіталістамі за свае правы. Але.

Падбіваць частку беларусаў на супрацьстаяньне з чыноўнікамі празь іхныя катэджы – гэта тое самае, што заклікаць ісьці супраць сваёй мары. Бо, як і ў выпадку з маладой прастытуткай, іншыя варыянты сацыяльнага ліфту на ўзроўні мары многімі папросту не разглядаюцца. Уцёкі ці прыстасаваньне пад адзінае вядомае. Прынамсі, пакуль.

Тым больш, калі ў рабочых двух мінулых стагодзьдзяў шанцы самім стацца капіталістамі былі блізкія да нуля, то ў Беларусі стацца чыноўнікам і з часам увайсьці калі ня ў топ, то ў сярэдняе зьвяно – падаецца рэальным для многіх. Ёсьць перад вачыма прыклады – «вунь, Вася ж прабіўся, і Коля, і Марына».

«Іншага народу ў мяне для вас няма» паўтарае расхожы выраз мой прыяцель у дыскусіі пра ідэалягічную кашу ў галовах многіх беларусаў. «Народ розны, вельмі розны», – парырую я.

Каля траціны працаздольнага насельніцтва Беларусі, якое складае каля чатырох мільёнаў грамадзянаў, у сваіх даходах не залежаць ад дзяржавы-капіталіста. Гэта найперш мужчыны, якія гастарбайтарствуюць у Расеі, альбо меншая група тых, хто легальна працуюць у Эўропе будаўнікамі і кіроўцамі. Дадамо сюды недаціснутых пакуль дробных прадпрымальнікаў і людзей інтэлектуальных прафэсій: айцішнікі, дызайнэры, архітэктары (дапоўні сьпіс), якія знаходзяць сабе аддаленую працу за мяжой.

Што рабіць астатнім у сытуацыі эканамічнай дэградацыі? Незалежны прафсаюз – кааліцыя – усеагульны страйк? Не! «Стаць чыноўнікам у Беларусі, нават дробным – гэта яшчэ і падстрахавацца ад перасьледу, найперш эканамічнага», – патлумачыў старэйшы за мяне знаёмы, які бачыў дзяржаўную сыстэму з нутра яшчэ ў СССР. – «Гэта як быццам ты ўваходзіш у партыю. Зрэшты, тады толькі партыйных і бралі. Важным было ня столькі ўменьне, колькі адданасьць».

Зразумела, усе падстрахавацца ня змогуць. Але ж шанец ёсьць! А як жа? Вунь, выйграюць жа суседзі ў дзяржаўнай лятарэі «Наша/Ваша лато»! «Вася выйграў, і Коля, і Марына».

Адпаведна, заклікаць такіх людзей да клясавай барацьбы з чыноўнай кастай – тое самае, што заклікаць узьняцца на барацьбу супраць гульні ў лятарэю. На барацьбу з уласнай марай.

Людзі розныя, вельмі розныя. І мары зьмяняюцца. І фатэляў з партфэлямі на ўсіх ня хопіць, і выгада паменшае, і пашы ўродзяць менш травы. І ўнутрыкаставая барацьба павялічыць ўнутрыкаставыя ахвяры... І раптам прыйдзе ўсьведамленьне, што чыноўнікі ніякая ня каста.

Гэта абслуга, але наадварот: не грамадзянаў, а ўласнага начальства. Гэта група, якая трымаецца шматтысячнай вераю ў цуд, у шанцунак, у «лато». І прыйдзе разуменьне, што «выйгрышных квіткоў» мала, дый само «лато» ня вечнае. І што ўрэшце ўсё ў жыцьці давядзецца рабіць самім.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG