Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшоў несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў, ня згодных з указам Аляксандра Лукашэнкі № 222. Гэты ўказ з 1 студзеня забараніў гандляваць таварамі без сэртыфікатаў.

«Працу!», «За свабоду прадпрымальніцтва», «222 — рост беспрацоўя», — пад такімі лёзунгамі на плошчы сабраліся, паводле розных ацэнак, ад 500 да 1000 чалавек.

Адкуль былі гэтыя людзі? Падчас пераклічкі, якую перад мітынгам зладзіў адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Алесь Макаеў, адгукнуліся па чарзе прадпрымальнікі з усіх абласьцей, але галасы менчукоў былі самымі рэдкімі. Затое менскіх палітыкаў і грамадзкіх актывістаў было нямала. На плошчу прыйшлі Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Павал Вінаградаў ды іншыя.

З плякатам «Студэнты, прадпрымальнікі. Хто наступны?» прышлі актывісты маладзёвых арганізацый, якія па заканчэньні мітынгу спрабавалі актывізаваць дзеяньні прысутных воклічам: «Свабоду не даюць, яе бяруць!», — але — марна.

Прагаласаваўшы на зварот да ўладаў, які зачытаў Алесь Макаеў, некалькі разоў гучна пракрычаўшы «Працу!» і меней гучна «Жыве Беларусь!», людзі пачалі разыходзіцца.

Паводле зачытанага на мітынгу звароту прадпрымальнікі патрабуюць тэрміновага скасаваньня 222-га ўказу, а таксама адмены пастановы ўраду аб абавязковай санітарна-гігіенічнай экспэртызе імпартных тавараў. Мітынгоўцы выступаюць за вяртаньне правілаў 2005 году, якія лічаць найбольш спрыяльнымі для дробнага гандлю.

Ад прадпрымальнікаў не аднойчы гучала, што цяперашні наступ на іх правы робіцца з падачы буйнога бізнэсу, які зацікаўлены ў зьнішчэньні канкурэнцыі ў выглядзе дробных гандляроў. Зварот, паводле Алеся Макаева, будзе дасланы ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі поштай.

«Ня варта прыніжацца і самім насіць туды паперы», — патлумачыў Макаеў. Між тым адзін з віцебскіх прадпрымальнікаў выказаў ініцыятыву аднесьці зварот ў адміністрацыю ўжо сёньня. Сабрацца зноў на плошчы ўдзельнікі мітынгу дамовіліся ў будучы панядзелак, 22 лютага. Калі ўлады іх не пачуюць і тэрмінова не пачнуць сапраўдны дыялёг.


У дварах на подступах да Кастрычніцкай плошчы журналісты бачылі шмат міліцэйскай тэхнікі, але на самой плошчы не было ніводнага міліцыянта ў форме, хоць хапала людзей спартовага целаскладу ў цывільным з рацыямі і відэакамэрамі. Цягам мітынгу і адразу пасьля яго не было ніводнага затрыманьня, на нікога не складалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Ад мітынгоўцаў прагучала толькі пра адзін выпадак ціску — напярэдадні віцебскай прадпрымальніцы Ірыне Яскевіч міліцыянты пагражалі двума тыднямі арышту, калі паедзе ў Менск на мітынг. Жанчына вырашыла застацца дома.

Ці запалохае ціск астатніх? «Галоўнае, што людзі пераадолелі страх, пераканаліся, што пратэставаць і змагацца за свае правы магчыма», — падсумоўваў у канцы акцыі Алесь Макаеў.

«Мітынг быў дрэнна арганізаваны, нават пра добры мэгафон не паклапаціліся. А чаму прадпрымальнікі зь Менску па-ранейшаму сядзяць па дамах? Хіба іх усё задавальняе?», — так ацаніла акцыю прадпрымальніца зь Віцебску.



Грамадзкі актывіст Павал Вінаградаў зьдзівіўся:

«Прыйшло людзей ў 200 разоў больш, чым я меркаваў. Для мяне гэта галоўны вынік».

Мітынг доўжыўся паўтары гадзіны.

Палітыкі, якія бралі ўдзел у мітынгу, спрабавалі вывесьці яго тэматыку за межы эканамічных праблем. Анатоль Лябедзька назваў беларускую дзяржаву бандытам і рэкецірам. Уладзімер Някляеў прапанаваў у звароце да кіраўніцтва Эўразьвязу прызнаць несправядлівай адмену санкцый супраць беларускага рэжыму. Мікалай Статкевіч пераконваў прадпрымальнікаў у тым, што дзейная ўлада не зьбіраецца бараніць іх інтарэсы і заклікаў вярнуць ўладу народу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG