Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: расейскія ракеты разбамбілі ў Сырыі два шпіталі і школу


У сырыйскім горадзе Азаз, які кантралююць антыўрадавыя паўстанцкія сілы, некалькі баявых ракет патрапілі ў дзіцячы шпіталь, будынак школы, дзе хаваюцца ўцекачы, а таксама яшчэ ў некалькі аб’ектаў. Загінулі ня менш за 14 мірных грамадзян.

Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на аднаго зь лекараў і мясцовых жыхароў. У больш раньнім паведамленьні Reuters зьмешчана спасылка на крыніцу ў службах бясьпекі Турцыі. Гэтая крыніца заявіла, што ракеты былі расейскімі.

У Азаз, як піша агенцтва, раней прыбылі дзясяткі тысяч уцекачоў зь іншых сырыйскіх рэгіёнаў, дзе вядуць наступ урадавыя сілы.

Міжнародная арганізацыя «Лекары бязь межаў» паведаміла аб авіяўдары ў сырыйскай правінцыі Ідліб, на паўночным захадзе краіны, у выніку якіх быў разбураны мабільны шпіталь у горадзе Маарэт-эн-Нуўман. У арганізацыі не ўдакладнілі, хто стаіць за налётам. Адзін з мэдычных работнікаў распавёў France Presse, што, як найменей, адзін чалавек загінуў, 9 супрацоўнікаў шпіталя пасьля атакі прапалі бязь вестак.

Сырыйскія праваабаронцы ў Вялікабрытаніі паведамляюць аб 9 загінулых, у тым ліку дзіцяці, пры пападаньні снарадаў у шпіталь у Ідлібе. Паводле зьвестак праваабаронцаў, якія прыводзіць Guardian, гэта былі расейскія ўдары.

Выступаючы 13 лютага на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў падкрэсьліваў, што да гэтага часу ніхто не падаў ніякіх доказаў таго, што расейскія вайскова-касьмічныя сілы наносяць у Сырыі ўдары па мірным насельніцтве.

Расея, якая праводзіць у Сырыі авіяцыйную кампанію ад 30 верасьня 2015, сьцьвярджае, што яе мэта — падтрымка войскаў прэзыдэнта Башара Асада ў супрацьстаяньні з баевікамі радыкальных ісламісцкіх груповак. Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі падазраюць, што Расея вядзе барацьбу з паўстанцкімі сіламі, якія выступаюць супраць рэжыму Асада.

XS
SM
MD
LG