Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка: Нам паставілі ўмову — або перамовы, або мітынг


Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

Лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка станоўча ацаніў сёньняшні мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Аднак сам ён на плошчу не выходзіў.

Няхай уладам будзе сорамна, што яны дапускаюць у XXI стагодзьдзі такія сытуацыі.

«Я заўсёды толькі „за“ тых людзей, якія выходзяць, змагаюцца, хоць нешта робяць, каб прадпрымальнікам жылося лягчэй. Там былі простыя, у роспачы людзі, якія зразумелі, што іх ніхто ня чуе. Няхай уладам будзе сорамна, што яны дапускаюць у XXI стагодзьдзі такія сытуацыі.

Тое, што сёньня адбываецца з прадпрымальнікамі, — гэта ненармальна. Ненармальна, калі ў крызіс прадпрымальнікі выходзяць на плошчу, каб патрабаваць працу. Я падтрымліваю тых прадпрымальнікаў, якія там. Яны малайцы. Я скажу, што яны не дарма прыехалі. Дрэннай ацэнкі ад мяне сапраўды ніхто не пачуе.

Не істотна, колькі іх там чалавек. Галоўнае, што людзі выйшлі і выказалі сваю пазыцыю. Галоўнае, што яны змагаюцца за людзей. І я ўпэўнены, што многія, хто ня змог прыйсьці па тых ці іншых прычынах, душой і сэрцам былі зь імі. А ўладам цяпер трэба зрабіць адпаведныя высновы», — заявіў Анатоль Шумчанка.

Шумчанка зьвярнуў увагу на тое, што прадпрымальнікі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу ў той дзень, калі мітынг зьбіралася праводзіць «Пэрспэктыва».

Нягледзячы на тое, што мы адклікалі мітынг, прадпрымальнікі не разгубіліся, узялі ініцыятыву ў свае рукі і не далі зьнікнуць такой даце. Гэта вельмі добра.

«То бок, гэтая дата ня зьнікла, нягледзячы на тое, што нам давялося адклікаць па аб’ектыўных прычынах заяўку на правядзеньне мітынгу. Бо нам паставілі ўмовы: альбо перамовы, альбо мітынг. Ну, зразумела, што пакуль ня пройдзеш усе ступені перамоваў, усё астатняе нелягічна рабіць. Але нягледзячы на тое, што мы адклікалі мітынг, прадпрымальнікі не разгубіліся, узялі ініцыятыву ў свае рукі і не далі зьнікнуць такой даце. Гэта вельмі добра», — кажа ён.

«Ва ўсіх задача адна — абараніць людзей. І мы сёньня бачылі, што ўсе рухаюцца ў гэтым кірунку. Хто як умее, той так і робіць», — дадаў Шумчанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG