Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Жыроўка Мясьніковіча — гэта дзікунства


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жыроўку старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, які жыве ў элітным пасёлку каля Драздоў.

Паводле жыроўкі, у жніўні 2015 году Міхаіл Мясьніковіч павінен быў заплаціць за камунальныя паслугі 29100 рублёў.

Міхаіл Мясьніковіч жыве ў прыватным катэджы, таму плоціць толькі за спажываньне вады і паслугі каналізацыі.

Як паведаміў Свабодзе Анатоль Лябедзька, жыроўку Мясьніковіча яму перадалі знаёмыя, якія пабаяліся апублікаваць яе самастойна:

«Жыроўку мне перадалі людзі і папрасілі яе апублікаваць. У яе сапраўднасьці няма сумневу».

Анатоль Лябедзька кажа, што сума, якая стаіць у жыроўцы за вялікі катэдж, сьведчыць пра тупіковасьць сацыяльна-эканамічнай мадэлі, пабудаванай у Беларусі:

Як аднолькавы кошт могуць плаціць Мясьніковіч, інвалід і сям’я, якая ня мае працы? Гэта неразумна. (...) У Беларусі адказнасьць за эканамічны крызіс нясуць такія людзі, як Мясьніковіч.

«Гэтая жыроўка вельмі паказальная ў кантэксьце эканамічна-фінансавага крызісу, якія перажывае краіна. Нядаўна Мясьніковіч выдаў кнігу пра трансфармацыю, у якой ён выступае адвакатам той сацыяльна-эканамічнай мадэлі, якая пабудаваная ў Беларусі і адным з архітэктараў якой быў сам Міхаіл Мясьніковіч. Жыроўка паказвае, што гэта тупіковая мадэль, якую трэба мяняць. Як могуць быць такія кошты для надзвычай заможных людзей? Як аднолькавы кошт могуць плаціць Мясьніковіч, інвалід і сям’я, якая ня мае працы? Гэта неразумна. Але такая сыстэма будавалася ў нас 20 год. Таму ў Беларусі адказнасьць за эканамічны крызіс нясуць такія людзі, як Мясьніковіч».

Заможныя людзі, паводле Анатоля Лябедзькі, павінны плаціць як мінімум 100 працэнтаў выдаткаў на камунальныя затраты.

«Сам факт, што Мясьніковічу дзяржава кампэнсуе 80 працэнтаў камунальных плацяжоў, — гэта дзікунства. Мадэль пабудаваная так, што ад яе моцна выйграюць такія асобы, як Мясьніковіч, але не звычайныя людзі. Я лічу, што заможныя людзі павінны плаціць як мінімум 100 працэнтаў затрат на камунальныя паслугі. Увогуле павінна быць кропкавая скіраванасьць на падтрымку сацыяльна неабароненых грамадзянаў — інвалідаў, шматдзетных сем’яў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG