Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: большасьць расейцаў падтрымліваюць апэрацыю ў Сырыі


Расейскі ваенны самалёт у небе над Сырыяй, ілюстрацыйнае фота

Расейскі ваенны самалёт у небе над Сырыяй, ілюстрацыйнае фота

У той жа час, дасьледаваньне, якое праводзілася ў канцы студзеня, паказала, што расейцы сталі менш цікавіцца тым, што адбываецца ў Сырыі.

Больш за палову расейцаў выступаюць за працяг ваеннай апэрацыі ў Сырыі. Пры гэтым большая частка насельніцтва дрэнна абазнаная ў сырыйскім канфлікце і ўсё менш ім цікавіцца, паказала апытаньне «Левада-цэнтра», які прыводзіць РБК.

Дасьледаваньне паказала, што ў студзені 2016 году толькі 18 адсоткаў рэспандэнтаў прызналіся, што ўважліва сочаць за сырыйскімі падзеямі. У лістападзе і кастрычніку 2015 году гэты паказчык дасягаў 25 адсоткаў. Доля тых, хто нічога ня ведае пра сытуацыю ў гэтай блізкаўсходняй краіне, вырасла да 13 адсоткаў супраць 11 адсоткаў у кастрычніку і 12 — у лістападзе мінулага году.

Пры гэтым большасьць расейцаў перакананая, што ваенную апэрацыю ў Сырыі трэба працягваць. Паводле дадзеных апытаньня, 18 адсоткаў катэгарычна ўпэўненыя ў гэтым, а яшчэ 41 адсотак схіляецца да таго, што бамбаваньне пазіцыяў забароненай у Расеі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» — неабходнае. Ня хочуць працягу расейскай ваеннай апэрацыі ў Сырыі крыху больш за чвэрць рэспандэнтаў.

Больш за палову расейцаў, паводле апытаньня «Левада-цэнтра», упэўненыя, што Расея імкнецца ліквідаваць пагрозу пераносу на тэрыторыю краіны ваенных дзеяньняў з удзелам ісламскіх радыкалаў. На другім месцы паводле папулярнасьці (24 адсоткі) кропка гледжаньня, што Расея пачала вайну ў Сырыі, каб абараніць урад Башара Асада і прадухіліць тым самым ланцуг «каляровых рэвалюцыяў». Меркаваньне, што Расея спрабуе раскалоць кааліцыю заходніх краінаў для паслабленьня пагрозы сваёй поўнай ізаляцыі і далейшага ўзмацненьня жорсткасьці санкцыяў, падтрымліваюць усяго 8 адсоткаў расейцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG