Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр экс-кіраўнік антыдопінгавага агенцтва Расеі


Мікіта Камаеў, фота 2015 году
Мікіта Камаеў, фота 2015 году

Былы выканаўчы дырэктар Расейскага антыдопінгавага агенцтва Мікіта Камаеў, які сышоў у адстаўку з-за скандалу з расейскімі лёгкаатлетамі, памёр ва ўзросьце 50 гадоў.

Прычынай сьмерці, верагодна, стаў інфаркт, паведаміў былы генэральны дырэктар агенцтва Раміл Хабрыеў.

«Я даведаўся, што ён пабегаў на лыжах, прыйшоў дадому і адчуў боль у вобласьці сэрца. Выклікалі хуткую, але запусьціць сэрца ўжо не атрымалася», — цытуюць спадара Хабрыева расейскія агенцтвы.

Камаеў займаў пасаду выканаўчага дырэктара зь 2011 году. Разам з Хабрыевым ён быў сярод кіраўнікоў антыдопінгавага агенцтва, якія сышлі ў адстаўку ў сьнежні 2015 году на фоне абвінавачваньняў у масавым ужываньні допінгу ў дачыненьні да расейскіх лёгкаатлетаў.

Восеньню 2015 году камісія Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва выявіла сыстэматычныя парушэньні ў расейскай лёгкай атлетыцы, пасьля чаго Расею на нявызначаны пэрыяд адхілілі ад спаборніцтваў пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў. Гэта паставіла пад сумнеў удзел расейскіх лёгкаатлетаў у Алімпіядзе 2016 году ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Даклад Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва быў заснавана на выніках уласнага расьсьледаваньня, пачатага пасьля выхаду на нямецкім тэлебачаньні ў сьнежні 2014 году фільма аб масавым ужываньні допінгу расейскімі лёгкаатлетамі. Аўтары фільма абвінавацілі таксама Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных фэдэрацыяў ва ўтойваньні злоўжываньняў з боку Расеі.

Раней у лютым памёр старшыня выканаўчага савета Расейскага антыдопінгавага агенцтва і былы кіраўнік арганізацыі Вячаслаў Сінёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG