Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама заклікаў Пуціна спыніць удары па сырыйскай апазыцыі


Барак Абама

Барак Абама

Лідэры ЗША і Расеі абмеркавалі па тэлефоне сытуацыю ў Сырыі.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абмеркаваў крызіс у Сырыі з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным, падкрэсьліўшы важнасьць таго, каб Масква гуляла «канструктыўную ролю, спыніўшы ваенна-паветраную кампанію супраць сілаў умеранай апазыцыі ў Сырыі», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Увечары ў суботу лідэры дзьвюх краінаў правялі тэлефонную размову, каб «абмеркаваць рашэньні і пагадненьні, дасягнутыя на пасяджэньні Міжнароднай групы падтрымкі Сырыі (МГПС) 11 лютага і падкрэсьліць важнасьць найхутчэйшага ажыцьцяўленьня гуманітарнага доступу ў заблякаваныя раёны ў Сырыі», — гаворыцца ў заяве Белага дома, распаўсюджанай у нядзелю.

На пасяджэньні МГПС у Мюнхэне дзяржсакратар ЗША Джон Керы і кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў абвясьцілі пра плян «спыненьня баявых дзеяньняў» у Сырыі на працягу тыдня з наступным заключэньнем афіцыйнага пагадненьня аб спыненьні агню.

Расея пачала наносіць паветраныя ўдары ў Сырыі ў канцы верасьня. Масква заяўляе, што яе мэта — паслабленьне «Ісламскай дзяржавы», аднак урады заходніх краінаў сьцьвярджаюць, што вялікая частка расейскіх авіяўдараў накіраваная супраць умераных груповак, якія знаходзяцца ў апазыцыі прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду.

Масква адхіляе гэтую крытыку.

На фоне суботняй размовы Абамы і Пуціна расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што сырыйскі канфлікт прывёў да «новай халоднай вайны». Выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па пытаньнях бясьпекі, Мядзьведзеў зьвязаў узмацненьне напружанасьці ў адносінах паміж Усходам і Захадам з пашырэньнем НАТО і праектамі па зьмене рэжыму.

У нядзелю ў Мюнхэне сэнатар Джон Маккейн, перакананы крытык ролі Расеі ў Сырыі, заявіў, што Пуцін «не зацікаўлены» ў тым, каб быць партнэрам у міжнародных намаганьнях па спыненьні шматбаковай вайны ў Сырыі.

Выступаючы на закрыцьці канфэрэнцыі па праблемах бясьпекі ў Мюнхэне, Маккейн абвінаваціў Пуціна ў выкарыстаньні паветраных удараў у Сырыі ў якасьці «стрэльбаў», накіраваных на ацэнку і мадэрнізацыю расейскіх ваенных тэхналёгіяў. Ён таксама абвінаваціў расейскага лідэра ў спробах ператварыць сырыйскую правінцыю Латакія ў «у ваенны аванпост, зь якога будзе ўмацоўвацца і забясьпечвацца сфэра расейскага ўплыву».

«Я хацеў бы памыліцца», — сказаў Маккейн, выказаўшы асьцярогі, што вайна ў Сырыі будзе «працягвацца далей».

«Нявінныя людзі будуць паміраць, давер да Захаду і яго ўплыў будуць зьмяншацца, уцекачы будуць і надалей пакідаць краіну, а тэрарысты — прыяжджаць», — заявіў амэрыканскі заканадаўца.

XS
SM
MD
LG