Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст Польшчы выступіў супраць тэрміна «польскія лягеры сьмерці»


У Польшчы Міністэрства юстыцыі падрыхтавала законапраект, які забараняе ўжываньне тэрміна «польскія лягеры сьмерці» — калі гаворка ідзе пра нацысцкія лягеры сьмерці на тэрыторыі Польшчы ў гады Другой усясьветнай вайны.

Міністар юстыцыі Зьбігнеў Зёбра абвясьціў аб імкненьні дзяржавы скончыць з ужываньнем словаў, якія ўводзяць людзей у зман і глыбока абражаюць грамадзян краіны.

У апошнія гады польскія ўлады мэтанакіравана і настойліва тлумачылі неабходнасьць адмовіцца ад памылковага тэрміна і выключыць яго з грамадзкага і навуковага абароту. Ініцыятары гэтай своеасаблівай «працы над памылкамі» не дапускаюць, каб хтосьці мог лічыць Польшчу, акупаваную нацыстамі падчас вайны, адказнай за існаваньне канцэнтрацыйных лягераў сьмерці, у якіх загінулі мільёны ахвяраў Галакосту.

У інтэрвію польскаму радыё ў суботу міністар заявіў аб неабходнасьці пакончыць з тэрмінам, які дапускае ілжывую трактоўку падзей.

Міністар юстыцыі Польшчы паведаміў, што прадставіў законапраект прэм’ер-міністру Беатце Шыдле, і яна ўхваліла дакумэнт.

На наступным тыдні, па словах Зьбігнева Зёбры, грамадзкасьці будзе прадстаўлены тэкст законапраекта, у якім будзе вызначана пакараньне за няправільнае вызначэньне канцлягераў на тэрыторыі Польшчы ў гады Другой сусветнай вайны.

Лінгвіст Пётра Садоўскі лічыць, што праблема надуманая, ніхто ня лічыць Польшчу, акупаваную нацыстамі, адказнай за існаваньне канцэнтрацыйных лягераў сьмерці. Тут хутчэй моўная праблема:

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

«На маю думку, калі нехто і ўжывае слова «польскі» у дачыненьні нацысцкіх канцлягераў на тэрыторыі Польшчы — гэта проста так званы «моўны эліпс». Ёсьць такі лінгвістычны тэрмін. Замест таго, каб казаць «канцэнтрыцыйны лягер на тэрыторыі Польшчы», ужываюць скарочаны варыянт: «польскі лягер». Відаць, гэта ўсяго толькі моўны эліпс. Я ня думаю, што нехта ўкладае ў гэта іншы сэнс. Гэта проста скарочаны варыянт сынтагмы.

Вось калі казаць пра Картуз-Бярозу, дзе сядзелі беларусы, альбо лягеры, дзе пасьля паходу Тухачэўскага ў 1920 годзе на Варшаву, пасьля «цуду на Вісле», 20 тысяч чырвонаармейцаў загінула, то тут можна ўжываць «польскія канцэнтрацыйныя лягеры». Гэта можна назваць польскімі лягерамі для ваеннапалонных, якія часам нагадвалі канцэнтрацыйныя лягеры, там людзі паміралі з голаду, ад хваробаў, і зь імі ніхто далікатна не абыходзіўся. Што да часу акупацыі Польшчы немцамі падчас другой Ўсясьветнай вайны, ніхто палякаў не западозрыць у нейкім супрацоўніцтве зь немцамі. Палякі — героічная нацыя, і папракаць іх у супрацоўніцтве зь немцамі не выпадае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG