Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дзень Сьвятога Валянціна ў Жодзіне закаханых каталі на «БелАЗе» (фотарэпртаж)


Да дня Сьвятога Валянціна на заводзе «БелАЗ» набылі 25 падарункавых сэртыфікатаў на 10-хвілінную паездку на 130-тонным самазвале. Замест выходных строяў тут выдавалі рабочыя камізэлькі, а замест кветак — цацачныя мадэлі «БелАЗаў». Як праходзіў нетыповы дзень усіх закаханых на заводзе, паглядзелі журналісты.

Каб патрапіць на на самазвал вышынёй 6-мэтраў, закаханым трэба было прайсьці тэхніку бясьпекі й апрануць спэцвопратку.

Завод «БелАЗ» стаў адкрытым для ўсіх жадаючых толькі ў 2015 годзе, калі кіраўніцтва прыняло праграму разьвіцьця прамысловага турызму. Раней звычайны чалавек мог сюды патрапіць толькі на дзень адчыненых дзярэй, а зараз — хто заўгодна.

Да акцыі на Дзень Сьвятога Валянціна на «БелАЗе» набылі 25 падарункавых сэртыфікатаў на катаньне.

Некаторыя скарысталіся акцыяй, каб прыехаць сюды сям’ёй — па сьяточным сэртыфікаце за 655 тысяч можа праехаць два чалавекі, а не адзін, як у звычайныя дні.

Станіслаў Якубовіч кажа, што камэрцыйнай падставы ў прамысловым турызьме няма — гэта іміджавая праграма.

«Можа, гэты сэртыфікат стане пачатковай кропкай стварэньня новай сям’і ці новых пачуцьцяў, — кажа Станіслаў Якубовіч, намесьнік генэральнага дырэктара ААТ „БелАЗ“. — Гэта ня проста блянк, у яго ўкладзеныя душа, сэрца й думкі нашага калектыву».

«Расход гэтай мадэлі на халастым хаду — 20 літраў на гадзіну, а пад нагрузкай — 80-90, — кажа Станіслаў Якубовіч. — Вось адкуль такі кошт — гэта паліва й праца кіроўцы. Камэрцыйнай асновы тут ніякай няма. Нам важна, каб ведалі пра нашае прадпрыемства».

Закаханых каталі на «БелАЗе» сэрыі 75131. Гэта сярэдні самазвал грузапад’ёмнасьцю 130 тон. Час катаньне — 10 хвілін па тэрыторыі завода.

«Калі адным словам апісаць прычыну — гэта прыкольна, — кажуць Антон і Кацярына Ладкіны. — Вось у каго што было? Хтосьці на Гоа быў, яшчэ кудысьці лётаў. А хто на „БелАЗе“ езьдзіў? Ніхто. Цікава ж!»

На некаторых самазвалах вэртыкальныя лесьвіцы, а на некаторых — пад вуглом 45 градусаў. «Хутчэй за ўсё на іх будуць працаваць кіроўцы-жанчыны», — тлумачыць Станіслаў Якубовіч.

Па сьвяточнай акцыі прадпрыества прадало 25 сэртыфікатаў. Большасьць паездак праводзяць сёньня. Але некалькі чалавек запісаліся на катаньне на суботу, 13 лютага.

«Я зьдзіўлены, што ў нас гэта разьвіта ў такіх маштабах, — сказаў пасьля паездкі Антон Ладкін. — Было б добра падрастаючаму пакаленьню прыехаць сюды».

Падарунак ад завода — цацачая мадэль «БелАЗа».

Самазвал зьлева — 450-тонны «Сьвятагор», самы буйны самазвал у сьвеце. Ён занесены ў кнігу рэкордаў Гінэса

За паўгады праграмы прамысловага турызму завод наведалі 3 125 беларусаў і 173 замежныя турысты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG