Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сетка крамаў «Евроопт» працягвае свой культурніцкі праект. Знаёмяць абарыгенаў з культурай мэтраполіі.

Нядаўна на паліцах зьявіўся новы падарункавы набор. З керамічнай бутэлькі і трох чарак. Бутэлька выкананая ў выглядзе чалавека ў кімано, з каронаю на галаве. Чалавек абдымаецца зь мядзьведзем.

Кімано, карона і мядзьведзь мусяць падказваць, што перад намі Ўладзімер Пуцін. Бо бяз гэтых падказак было б ня цалкам зразумела, зь якой казкі гэты пэрсанаж. Але ж на цэтліку пад гэтым шчасьцем алькаголіка-пуцініста стаіць загадкавае «Гаишник». Навошта такія хованкі?

Зрэшты, зразумець магазіншчыкаў можна. Бо як падпісаць? «Пуцін»? «Цар»? Зроблены шэдэўр ва ўкраінскім Міргарадзе. Гэта значыць, пакуль армія Ўкраіны змагаецца з агрэсарам, нашчадкі Івана Іванавіча ды Івана Нікіфаравіча робяць з «Еврооптам» гешэфт.

Прычым, гэта ня першы «пуцін», які пракраўся ў наш мірны горад. У гандлёвым цэнтры «Сталіца», у сувэнірнай краме ёсьць «пуцін», намаляваны алеем на бярозавым пяньку. Ёсьць мноства «пуціных» на маечках у «нашых прэдпрынімацеляў». Усе гэтыя жывапісныя, керамічныя ды вытканыя «пуціны» падобныя на прадвесьнікаў «зялёных чалавечкаў». Ці на індыкатары тэрыторыі «рускага міру».

Ва Ўкраіне я іх даўно не сустракаў. І ў Літве ня бачыў. А вось у Латвіі, не пасьпеў выйсьці на шпацыр па галоўнай юрмальскай вуліцы Ёнас, як адразу ўбачыў гэтыя ледзяныя вочкі, адбітыя на цішотках, што прадаваліся побач з латыскай сымболікай ды глінянымі юрмальскімі чарапахамі.

Лукашэнка чалавек сьціплы. Як любы нармальны правадыр, ён яшчэ церпіць уласныя партрэты дваццацігадовай даўніны ва ўсіх афіцыйных кабінэтах краіны. Хай усе начальнікі запомняць яго маладым. Але паспрабуйце зрабіць Аляксандра Рыгоравіча ў выглядзе матрошкі і прынесьці на кірмаш. Не пасьпееце дастаць, як вядомыя на ўсю Беларусь аматары тэатра ахвотна і з задавальненьнем падзеляцца з Вамі сваімі поглядамі на мастацтва.

А які мог бы быць бізнэс! Як думаеце, што лепей за ўсё прадаецца ў старадароскага майстра Ігара Лізуры? Хакеісты з вусамі. Гэта, вядома, не «лукашэнкі». Скульптура правадыра з Колем не прадаецца.

Попыт на вусатых хакеістаў хутчэй гаворыць пра народную сымпатыю да жывога правадыра. Да сёньняшняга Лукашэнкі. Каб на тваю фізіяномію быў попыт пасьля сьмерці, трэба заслужыць. Ну каму сёньня патрэбны Брэжнеў? Ды дарам непатрэбны. Хоць сур’ёзны бронзавы бюст, хоць карыкатура. Тое самае з усімі сумнымі прэзыдэнтамі мірнай пары. А вось паспрабуйце адпачыць у італійскім Рыміні і не прывезьці адтуль такі сувэнір.

Дучэ на сваёй радзіме прадаецца ва ўсіх іпастасях. І на кані. І без каня. І лысы. І ў касцы. І маленькі. І памерам з пральную машыну. Што ж трэба зрабіць такога для радзімы, каб радзіма так цябе помніла? Ну ня толькі ж стварыць фашысцкую партыю? У Сьвятым прастоле памятаюць, дзякуючы каму Ватыкан атрымаў сувэрэнітэт. А як думаеце, чыю выяву часьцей за ўсё купляюць у краме безакцызнага алькаголю ў Сан-Марына? А вось, калі ласка. Таго самага, пры якім «не все только плохое было связано в Германии».

Хочацца людзям за тры капейкі набыць кавалак д’яблавай поўсьці. Цікава, калі б дучэ не фарсіраваў інтэграцыйныя працэсы з фюрэрам. І ня ўлез бы ў «саюзную дзяржаву» падчас вайны? Напэўна, спакойна б кіраваў фашысцкай Італіяй да 1970-х гадоў. Як Франка ў Гішпаніі ды Салазар у Партугаліі. Нашаму дучу пара б ужо правесьці закрытую нараду ў міністэрстве гандлю. Бо, калі зараз ня выгнаць жалезнай мятлой гліняных «пуціных», дык помніка самому сабе можна і не дачакацца. Ні пасьмяротнага, ні прыжыцьцёвага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG