Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна перамагчы грып?


Чаму чалавек ня можа перамагчы грып, чаму грып застаецца сьмяротным спадарожнікам чалавека на працягу стагоддзяў, і цяпер, пры ўсіх дасягненьнях біятэхналёгій, мы ня можам перамагчы гэты вірус?

А што такое наогул вірусы? Ці гэта частка эвалюцыі чалавека? Пра гэта гутарка з Георгіем Базыкіным, біёлягам, загадчыкам сэктара малекулярнай эвалюцыі расейскага Інстытуту праблем перадачы інфармацыі.

РС: Чаму грып непераможны?

Георгій Базыкін: Грып — гэта не адзіная інфэкцыя, якую чалавецтва пакуль яшчэ не перамагло. Гэта не адзіны патаген. Больш за тое, гаворка ўвесь час заходзіць пра новыя патагены. Тут некалькі праблем, адна зь іх — гэта вельмі вялікая гетэрагеннасьць вірусу грыпу. Мы ўвесь час атрымліваем з прыроды ўсё новыя і новыя яго варыянты. Сытуацыя з «гішпанкай» 1918 году, відаць, была адной з такіх сытуацый, роўна як і сытуацыя з так званым «сьвіным грыпам» 2009 году, які ходзіць і цяпер. Гэта значыць праблема ў тым, што чалавек інтэнсіўна ўзаемадзейнічае зь вялікай колькасьцю відаў жывёлаў, якія зьяўляюцца прыроднымі носьбітамі вірусаў.

Другая праблема ў тым, што вірусы наогул і вірус грыпу, у прыватнасьці, здольныя вельмі хутка зьмяняцца. Уласна, гэтыя зьмены зьяўляюцца прыкладам біялягічнай эвалюцыі. Прынята думаць, што біялягічная эвалюцыя — гэта нешта з мінулага, а на самай справе гэта рэальнасьць і ў нейкім сэнсе будучыня. Зараз мы стаім на парозе таго, што біялягічныя эвалюцыяністы будуць прадказваць будучыню, у прыватнасьці, эвалюцыю грыпу і іншых вірусаў.

Грып — гэта не адзіная інфэкцыя, якую чалавецтва пакуль яшчэ не перамагло

Генэтычная інфармацыя грыпу закадаваная на малекулах РНК, а не ДНК, як у нас з вамі, і ён вельмі хутка зьмяняецца. Гэта зьвязана з двума прычынамі. Па-першае, РНК — значна менш стабільная малекула, чым ДНК, а па-другое, на вірус ўвесь час дзейнічае натуральны адбор. Той самы натуральны адбор, які адкрыў зусім у іншым кантэксьце 150 гадоў таму Чарльз Дарвін, аказваецца вельмі актуальным у эвалюцыі патагенаў.

РС: Ці гэта частка эвалюцыі жывых арганізмаў? Для чаго, уласна кажучы, прырода дала чалавеку вірусы?

Георгій Базыкін: Эвалюцыяністы спрабуюць пазьбягаць пытаньня «для чаго»... Больш слушнае пытаньне, якое можна задаваць, — «чаму?». Чаму існуюць вірусы? Вірусы існуюць, таму што для іх існуе тыпалягічная ніша.

РС: Здаецца, што ў прыродзе існуе нейкая мэтазгоднасьць, усё ў прыродзе прыдумана з нейкай мэтай, якую мы, можа быць, не заўсёды разумеем.

Георгій Базыкін: Я б не пагадзіўся. Мэтазгоднасьць, калі яна ўзьнікае на макраўзроўні ўсёй прыроды ў цэлым, то ўзьнікае ў выніку таго, што кожны канкрэтны біялягічны аб’ект максымалізуе сваю ўласную прыстасаванасьць. Ключавая ідэя эвалюцыйнай біялёгіі — гэта тое, што кожны біялягічны аб’ект, спрабуючы станавіцца ўсё больш і больш прыстасаваным, усяго толькі больш і больш эфэктыўна размнажаецца, зьмяняецца. І гэтыя зьмены ў шэрагу вялікай колькасьці пакаленьняў, у шэрагу многіх мільёнаў, нават мільярдаў гадоў прывялі да ўсёй той біяразнастайнасьці, якую мы назіраем цяпер.

РС: То бок, гэта такі эвалюцыйны эгаізм.

Георгій Базыкін: Так, эвалюцыйны эгаізм. Прычым, што зьяўляецца гэтым эга, якое валодае такім эгаізмам — гэта цікавае пытаньне, таму што гэта не заўсёды цэлы арганізм, часам гэта фрагмэнт малекулы ДНК. Напэўна, вы чулі паняцьце «эгаістычны ген»: у ДНК ёсьць фрагмэнты, якія вядуць сябе эгаістычна, а значыць спрабуюць размножыцца ў нашым уласным геноме. Наш геном у вялікай ступені зьяўляецца такой эгаістычнай ДНК... Іншы прыклад эвалюцыі, якая ні для чаго не карысная — гэта эвалюцыя клетак, зьменлівых ў нашым уласным целе. Рак, анкалёгія — гэта эвалюцыйная праблема: частка клетак у нашым арганізме атрымлівае мутацыі, якія дазваляюць ім размножвацца бескантрольна, не зьвяртаючы ўвагі на сыгналы навакольнага арганізма, якія гавораць ім пра тое, што трэба спыніць гэта рабіць. Парадаксальным чынам ўнутры арганізма такія клеткі аказваюцца больш прыстасаванымі, таму што павялічваюць свой лік.

РС: А грып — гэта разнавіднасьць раку? Бо па сваіх паводзінах вірус грыпу — гэта таксама нейкія клеткі-паразіты, якія эвалюцыйна нас суправаджаюць.

Георгій Базыкін: Вірусы адрозьніваюцца ад іншых біялягічных аб’ектаў тым, што яны — ня клеткавыя біялягічныя аб’екты. Можна спрачацца пра тое, ці зьяўляюцца вірусы жывымі ці не жывымі, — гэта спрэчка пра словы, але, так ці інакш, вірусы ня здольныя размнажацца без біялягічных клетак, яны не змаглі б так жыць, ім трэба ў кагосьці пракрасьціся. Яны — не адзіныя біялягічныя аб’екты, якія маюць такія ўласьцівасьці, некаторыя бактэрыі зьяўляюцца такімі ўнутрыклеткавымі паразытамі, ня могуць размнажацца без клетак гаспадара. Тым ня менш, вірусы — гэта, безумоўна, не клеткі. То, як узьніклі вірусы, гэта асобны цікавае пытаньне, на якое пакуль не існуе цьвёрдага адказу.

Цалкам інтэрвію чытаць ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG