Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыятычны наркотык у венах Крамля


Ці ахапіла паніка крамлёўскія кабінэты? Што пасеяў Уладзімір Пуцін: ідэальны шторм або шматгадовы застой? Што можа справакаваць крах расейскай аўтарытарнай сыстэмы? Ці хочуць у Вашынгтоне падзеньня Ўладзіміра Пуціна?

Пра гэта размова Юрыя Жыгалкіна з Уільямам Памяранцам, намесьнікам дырэктара Кенанаўскага інстытуту Цэнтра Вудра Ўілсана ў Вашынгтоне.

Упершыню за амаль два гады пасьля анэксіі Расеяй Крыма, амэрыканскія назіральнікі зрабілі прагноз аб магчымым каляпсе рэжыму Ўладзіміра Пуціна.

Самая пэсымістычная ацэнка цяперашняга стану Расеі зробленая ў артыкуле прафэсара ўнівэрсытэта Ратгерса Аляксандра Матыля ў часопісе Foreign Affairs. Загаловак артыкула — «Сьвятло згасла для рэжыму Ўладзіміра Пуціна». На думку Матыля, Крэмль стаў ахвярай трох крызісаў: эканамічнага, крызісу структуры ўлады і зьнешнепалітычнага, выкліканага фатальнымі зьнешнепалітычнымі пралікамі Пуціна, які зацягнуў краіну ў дзьве вайны: ва Ўкраіне і ў Сырыі. Аўтар артыкулу прадказвае Расеі «смутныя часы», падчас якіх можна чакаць чаго заўгодна: і традыцыйных для яе хваляваньняў у нацыянальных ускраінах і нярэдкіх у гісторыі Расеі палацавых змоў і пераваротаў, і незадаволенасьці ў войску і сярод наймітаў, якім прыйдзецца зьмірыцца з паразай. «Расея знаходзіцца на парозе ідэальнага шторму», — заключае Матыль і рэкамэндуе суседзям Расеі і заходнім сталіцах рыхтавацца да яе распаду і патокаў уцекачоў.

У сераду з папярэджаньнем да заходніх лідэраў зьвярнуўся легендарны фінансіст Джордж Сорас. Аналізуючы сытуацыю ў Расіі ў публікацыі на сайце Project Syndicate, Сорас прагназуе эканамічны каляпс. «Рэжым Пуціна сутыкнецца з банкруцтвам ў 2017 годзе, калі большая частка яго зьнешняга доўгу павінна быць выплачана, — піша Джордж Сорас. — Але беспарадкі могуць пачацца раней».


У камэнтары для інфармацыйнага агенцтва Reuters юрыст і палітоляг Уільям Памяранц піша пра прыкметы панікі, якія, на яго думку, прыкметныя ў Крамлі. У чым ён разгледзеў гэтыя панічныя настроі?
Прыкметы панікі я бачу ў вылучэньні расейскай уладай прапаноў па барацьбе з крызісам, якія ў рэальнасьці нічым не дапамогуць, — кажа Ўільям Памяранц.

— Першы прыклад — ідэя прыватызацыі дзяржаўных карпарацый, што павінна забясьпечыць прыток сродкаў у казну. Міністэрства эканамічнага разьвіцьця аб’яўляе пра гатоўнасьць прапанаваць да продажу акцыі вядучых кампаній, сярод якіх «Аэрафлот» і «Роснафть», прычым размова, натуральна, не ідзе аб перадачы большасьці акцый прыватным інвэстарам. І раптам прэзыдэнт Пуцін абвяшчае пра тое, што ніякай тэрміновага продажу ўласнасьці ня будзе і ён, фактычна, абмяжоўвае патэнцыйнае кола пакупнікоў расейскімі алігархамі. Я бачу ў гэтым эпізодзе адлюстраваньне панічных настрояў ва ўрадзе і дэзарганізацыю ва ўладных структурах, няздольных прыйсьці да патрэбнага рашэньня. Другі прыклад — гісторыя так званага «антыкрызіснага пляну». Аб першым пляне было абвешчана летась, але расейскія ўлады не ажыцьцявілі і за дзьве траціны з заплянаваных мер. І да канца году, па сутнасьці, абвясьцілі, што крызіс скончыўся і Расея ня мае патрэбы ў новых антыкрызісных мерах. Надыходзіць студзень. Цэны на нафту падаюць, рубель падае, і яны вырашаюць, што ім патрэбны новы антыкрызісны план. Але зараз у іх няма грошай для таго, каб ажыцьцявіць гэты плян.

— Як вам здаецца, ці Ўладзімір Пуцін разумее, ўсьведамляе, што насамрэч адбываецца з расейскай эканомікай?


— Магчыма. Але яго бяда заключаецца ў тым, што ён ня можа прапанаваць эфэктыўных рашэньняў. Любому прафэсійнаму эканамісту ясна, што для пераадоленьня крызісу неабходныя структурныя рэформы эканомікі. З такімі прапановамі апошнія паўтара года выступае Кудрын. Аднак сыстэма кіраваньня, створаная Пуціным, не можа дазволіць сабе такія рэформы, таму што яны прывядуць да яе разбурэньня і страты ўлады Уладзімірам Пуціным. Пуцін цалкам відавочна робіць стаўку на доўгае цярпеньне людзей і спадзяецца, што яго хопіць надоўга.

— Ці можна выказаць здагадку, што зьяўляецца слабейшым зьвяном у гэтай сыстэме? Што можа справакаваць яе раптоўны крах?

— Я б не назваў гэта слабейшымі звёнамі, але ёсьць некалькі вельмі сур’ёзных праблем для Пуціна. Адна з іх — фінансавыя праблемы рэгіёнаў. Многія зь іх фактычна знаходзяцца ў дэфолце і выжываюць толькі дзякуючы датацыям з Масквы. Зьніжэньне або тым больш адсутнасьць датацый тут жа пацягне праблему падтрыманьня сацыяльнай стабільнасьці ў рэгіёнах. Другая праблема ці, калі заўгодна, слабое зьвяно — неабходнасьць укладваць сродкі ва ўзброеныя сілы і весьці дзьве вайны, якія Пуцін пачаў: у Сырыі і ва Ўкраіне.


Цалкам артыкул чытайце на сайце рускай службы Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG