Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьлікова-даведачныя цэнтры жыльлёва-камунальных прадпрыемстваў Гомеля яшчэ ня ўсім разаслалі паведамленьні наконт новых тарыфаў за камунальныя паслугі, а гараджане ўжо захваляваліся, як гэта адаб’ецца на сямейным бюджэце?

78-гадовая пэнсіянэрка Надзея з вуліцы Жукава, што жыве ў Савецкім раёне Гомеля, апавядае:

«І я, і суседзі ня вытрымалі, тэлефанавалі ў свой разьліковы цэнтар, пыталіся што і колькі цяпер каштуе. Цэны ж на ўсё плывуць, як паводка — хоць на прадукты, хоць на „камуналку“. У мяне аднапакаёўка, да гэтага часу плаціла за ўсё, уключна з тэлефонам, амаль чатырыста тысяч. Цяпер спатрэбіцца на дзьвесьце тысяч болей. Ацяпленьне найбольш падаражэла — ажно ўдвая. А да пэнсіі, сьмех сказаць, мне прыбавілі апошнім разам шэсьць з паловай тысяч. Гэта падвышэньне ці кампэнсацыя нейкая, я нават і ня ведаю».

Суразмоўніца трыццаць сем гадоў працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Жыве адна. Пэнсія ў яе — 2,7 мільёна. У папярэднія гады сабрала некалькі мільёнаў і паклала на дэпазыт у «Беларусбанку», каб мець нейкі дадатак да пэнсіі. Цяпер, калі атрымлівае свае дывідэнды ў банку, купляе дзесяць, дваццаць даляраў , а калі атрымліваецца, то й болей.

«Хоць неяк трэба сябе падстрахоўваць. Беларускім грашам асаблівай веры ўжо няма. 200-тысячныя купюры я наагул не магу цярпець. Возьмеш гэтую „паперчыну“, купіш у краме малака ці тварагу, а табе кажуць, што няма чым рэшту аддаць», — падсумоўвае пэнсіянэрка.

У суседа выхавацелькі Аляксандра — двухпакавая кватэра. Мужчына падлічыў, што ў лютым яму з жонкаю давядзецца заплаціць за камуналку на 50 зь лішнім адсоткаў болей, чымсьці ў студзені. Кошты вырасьлі ня толькі на ацяпленьне, але і на ваду і яе падагрэў, на каналізацыю. Апрача таго, трэба аплачваць электраэнэргію на асьвятленьне, як сказана, дапаможных памяшканьняў — гэта значыць, пад’езду.

беларусы выжывалі. Калі вельмі цяжка было, то змагаліся за лепшую долю

Згаданыя гараджане жывуць у пяціпавярховіку бяз ліфта. У хмарачосах з ліфтам у «жыроўках» даліся новыя радкі. Калі раней уладальнікі кватэраў у «высотніку» проста плацілі за тэхабслугоўваньне і карыстаньне ліфтам, то цяпер прыплюсавалі яшчэ й тэхнічнае абслугоўваньне ліфта і электраэнэргію, якая ідзе на рух ліфта.

«Калі ў „жыроўках“ хутка зьявіцца дадаткова і графа пра колькасьць прабеглых па правадах электронаў, то я не зьдзіўлюся. Кошты можна і, пэўна, трэба падвышаць у некаторых выпадках, але ж іх неяк трэба прыстасоўваць да даходаў людзей. Калі заробакі ў нас 3,5-4 мільёны, а кошты імчаць наўскач, то апрача масавых неплацяжоў дзяржава нічога не атрымае », — падсумоўвае Аляксандар.

У многіх шматкватэрных дамах гамельчукі ўжо ладзяць сходы, каб вырашыць, якім чынам аплачваць тую ж электраэнэргію на асьвятленьне так званых месцаў агульнага карыстаньня. Гучаць прапановы пра складкі на закупы электрасьвяцільнікаў, якія спрацоўваюць на рух.

У сваю чаргу чыноўнікі апошнім часам сталі практыкаваць сустрэчы каля пад’ездаў дамоў, каб патлумачыць людзям рост тарыфаў на камунальныя паслугі і не дапусьціць абурэньня.


«Наш пад’езд у двухпавярховіку на вуліцы Білецкага ўжо многія гады ніхто не прыбірае. Гэта я раблю сама. Пакуль ёсьць сілы, мне ня цяжка. Прапаную начальніку ЖЭУ: „Вы б хоць скасавал ў „жыроўцы“ прыборку пад’езду ці мне б даплачвалі“. Але ён толькі ўсьміхаецца», — расказвае гараджанка Валянціна.

Былая настаўніца спадарыня Таіса, якая жыве ў аднапакаёвай кватэры ў мікрараёне «Гомсельмаш», з трывогай чакае «жыроўку» за студзень. Але аптымізму імкнецца не губляць:

«На нас ужо столькі экспэрымэнтаў ставілі, што й не падлічыць. Але беларусы выжывалі. Калі вельмі цяжка было, то змагаліся за лепшую долю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG