Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьпіртавозы» даканалі цягнік


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Чыгункі «Горадня-Варшава» ня будзе. Цягніка паміж Горадняй і Польшчай больш няма.

Сесьці ў цягнік і заехаць ажно ў Варшаву — гэта крута! Але такога ня будзе. Ня спраўдзіліся спадзяваньні гарадзенцаў, у якіх у пашпарце віза. У раскладзе на чыгуначным вакзале, праўда, радок застаўся: «Горадня-Варшава» N191, адпраўленьне ў 7.05, прыбыцьцё ў 11.29. Няўжо? Але надзеі касуюцца канцылярскімі словамі «по указанию».

А ўказаньня ня будзе. Чаму? Таму што ў палякаў цягнікі каштуюць, скарачаецца лічба рэйсаў унутры краіны. Варыянт: скінуцца на варшаўскі супольна. Але беларускаму боку гэта сто гадоў ня трэба. Вось і польскаму стала да лямпачкі. Яшчэ восеньню на Беласточчыне некаторыя партыі на парлямэнцкіх выбарах абяцалі наладзіць нармальны рух з Горадняй, але й той цягнік, які хадзіў яшчэ тады, скасавалі.

Хаця можна яшчэ зьдзіўляцца, як у палякаў настолькі хапіла цярплівасьці. Забараніць цягнікі на Горадню трэба было даўным-даўно. Чаму? Усё проста. Таму што гарадзенскія пасажыры мэтадычна зьнішчалі рухомы састаў. Я маю на ўвазе «сьпіртавозаў», дробных кантрабандыстаў, якія нярэдка зусім ня дробныя рабілі інтарэсы на памежным падпольным гандлі. 25 гадоў яны вазілі ў суседнюю Кузьніцу Беластоцкую сьпірт, гарэлку і цыгарэты. Нястомна, дзень і ноч, штодня.

Яны зарабілі сабе на катэджы і мэрсэдэсы. А нармальныя пасажыры былі ў вагоне заўсёды накшталт людзей другога гатунку. «Сьпіртавозы» адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі, вялі рэй. Бесцырымонныя, нахабныя, безь ніякага сораму. Займалі ўсе месцы адразу, змушаючы сапраўдных пасажыраў стаяць. Альбо дазвалялі сесьці тым, хто згадзіўся правезьці для іх блёк або літар. Зганялі зь месцаў, каб узьняць сядзеньні, пад якімі ў іх былі сховы.

Давайце ўявім сябе «сьпіртавозамі» са слаўнай Горадні. Як дзікая арда мы залятаем на вакзале ў цягнік замежнай дзяржавы, якая прыслала яго, каб мы маглі наведаць суседнюю Польшчу. Мы адчуваем сябе ўнутры як дома. Хаця дома мы нічога ламаць і псаваць ня сталі б. Значыць, мы адчуваем сябе ў вагоне хутчэй як там, дзе нічога не шкада, бо чужое. Але мы не баімся раскручваць, раскурочваць. Каб схаваць свой кантрабандны тавар. Хто нам што зробіць?

Дзе толькі якая накрыўка адкручвалася: у вагоне, тамбуры, прыбіральні, туды абавязкова сягнула рука «сьпіртавоза» з адкруткай. Нават абавязкова здымалі пляфоны з лямпаў. Цалкам здымалі суцэльныя плястыкавыя сядзеньні, мулкія, вядома. Гідка было знаходзіцца там, усё бачыць, пастаянна адчуваць спробы маніпуляваць табою.

Цягнікі былі расхістаныя, раскручаныя. Едзе і бразгаціць. Адно гучна называліся «міжнародным хуткім». Ясна, што палякі пасылалі на Горадню самыя старыя, зашмальцаваныя вагоны. У рэчаіснасьці гэта быў цягнік для валацуг, якім мусілі карыстацца нармальныя пасажыры. Толькі аднойчы выпадкова трапілася мне такая ж электрычка, але зь мяккімі сядушкамі і больш новая. Гэта было сьвята! Уяўляю, у што яе ператварылі «сьпіртавозы».

Як на мяне, палякам варта было паставіць у вагонах відэакамэры, каб назіраць за кантрабандыстамі. Але яны чамусьці вырашылі ня парыцца. Зрабілі цяпер прасьцей: адмянілі зусім.

Адначасова тупіковымі станцыямі сталі Горадня і Кузьніца Беластоцкая. Апошняя станцыя Эўразьвязу, у мадэрнізацыю якой недзе ў 2008-м былі ўкладзеныя немалыя грошы, якія дала тады Нарвэгія.

Бяз звыклай працы аказаліся два памежныя і два мытныя пасты. На вакзалах у Горадні і ў Кузьніцы. У Кузьніцы, праўда, побач аўтадарожны памежны КПП, можна людзей перакінуць, хаця там свае штаты. У Горадні ўвогуле да мяжы ад вакзалу дваццаць кілямэтраў. Усе гэтыя людзі мусілі пераважна займацца «сьпіртавозамі», дробнымі гандлярамі. І раптам цягнікі адмянілі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG