Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея працягвае бамбаваць Сырыю, нягледзячы на ​​пагадненьне аб перамір’і


Расея працягнула бамбаваньні ў Сырыі для падтрымкі прэзыдэнта Башара Асада, нягледзячы на тое, што раней ўдзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне дамовіліся прыпыніць наступ у Сырыі.

Уступленьне Пагадненьня аб спыненьні баявых дзеяньняў прадугледжваецца на працягу тыдня. За гэты час урад Асада мае намер працягнуць баявыя дзеяньні пры падтрымцы расейскай авіяцыі.

У выпадку выкананьня праграмы пра перамір’е гэта дазволіць даставіць гуманітарную дапамогу ў сырыйскія гарады. Але шэраг заходніх краінаў адзначылі, што ніякай надзеі на прагрэс быць ня можа без спыненьня расейскіх бамбаваньняў, якія рашуча павярнулі балянс сілаў на карысьць Асада.

У пятніцу раніцай горад Таль Рыфаат у паўночнай правінцыі Алепа стаў аб’ектам інтэнсіўных бамбаваньняў расейскімі самалётамі. Брытанская сырыйская Абсэрваторыя ў справах правоў чалавека паведаміла, што расейскія ваенныя самалёты таксама атакавалі горад Хомс на поўначы краіны.

Пагадненьне дазваляе працягваць весьці баявыя дзеяньні супраць групаў, пазначаных як тэрарыстычныя арганізацыі Радай Бясьпекі ААН, у тым ліку супраць «Ісламскай дзяржавы» і фронту «Аль-Нусра», які зьяўляецца філіялам Аль-Каіды ў Сырыі. Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што «перамір’е не распаўсюджваецца на тэрарыстаў, і што пра гэта гаворыцца ў сёньняшнім дакумэнце.» «Ваенная апэрацыя супраць іх будзе працягнутая,» — заявіў ён.

Масква і Дамаск часта навешваюць ярлыкі тэрарыстычных арганізацый на паўстанцкія групы ў Сырыі, і заходнія афіцыйныя асобы кажуць, што значная большасьць авіяўдараў Расеі нацэленыя на апазыцыю рэжыму Башара Асада.

Выступаючы перад журналістамі ў Мюнхэне пасьля сустрэчы з Лаўровым, генэральны сакратар НАТА Ёнс Столтэнберг абвінаваціў Расею ў тым, што яе ўдары ў асноўным накіраваныя на апазыцыйныя групы, а не на «Ісламскую дзяржаву». «Авіяўдары расейскіх самалётаў супраць розных апазыцыйных групаў у Сырыі фактычна падрываюць перамоўныя намаганьні па дасягненьню мірнага вырашэньня», — адзначыў Столтэнберг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG