Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці змусіць 222 указ гандляваць прадпрымальнікаў айчынным таварам


Чыноўнікі не аднойчы вінавацілі дробных бізнэсоўцаў, што прывезеным з Расеі таварам тыя давялі да банкруцтва беларускія прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці. У адказ прадпрымальнікі заяўлялі, што гэтыя прадпрыемствы выпускаюць неканкурэнтаздольную прадукцыю, адсюль і праблемы. А ці разглядаюць прадпрыемствы беларускага легпраму гандляроў на рынках як партнэраў, ці гатовыя зь імі супрацоўнічаць? І ці гатовыя да супрацы зь беларускімі прадпрыемствамі самі дробныя прадпрымальнікі? Што мяркуюць на гэты конт у Магілёве?

Дробныя бізнэсоўцы заяўляюць, што ня супраць працаваць зь беларускім таварам, аднак заўважаюць, што ён занадта дарагі для іхніх пакупнікоў зь невялікім дастаткам. На сустрэчы з чыноўнікамі Магілёўскага аблвыканкаму адна зь бізнэсовак згадала прадукцыю мясцовай абутковай фабрыкі. Паводле прадпрымальніцы, вырабы гэтага прадпрыемства якасныя, але дарагія.

«Вы ў „Шагавіце“ ці былі? — зьвярнулася бізнэсоўка да чыноўнікаў. — Дык вось маёй унучцы пяць гадоў. Дык для яе зімовыя боцікі — 850 тысяч. Абутак выдатны. Артапэдычная ў іх падэшва. Аднак дачка зарабляе два мільёны. Ці можа яна дазволіць сабе купіць такі абутак для сваёй дачкі? На рынку можна набыць такія боцікі за 450 тысяч. Яны будуць не ад „Шагавіты“ — іншай вытворчасьці. А можна патаргавацца яшчэ, і атрымаецца яшчэ мінус пяцьдзесят тысяч. А ў краме патаргуйцеся. Спрабавалі? Нам патрэбны рынак. Нам кажуць — эўрапейскія стандарты, будзем жыць як у Эўропе. Дык мы ж ня супраць, але дайце беларусам і эўрапейскія заробкі, і працоўныя месцы».

Прадпрымальнікі прывыклі гандляваць недарагім несэртыфікаваным таварам

У акцыянэрным таварыстве «Абутак», вядомым пад гандлёвым брэндам «Шагавіта», заявілі, што з дробнымі прадпрымальнікамі працуюць. У аддзеле маркетынгу апавялі пра выгоды такой супрацы.

«Што да цаны, то добры, якасны тавар зь якасных камплектуючых ня можа быць танны. Для тых, хто прывык гандляваць несэртыфікаванай, скажам так, прадукцыяй, розьніца ў цане будзе адчувальная. Умовы супрацоўніцтва з намі даволі гнуткія. Адзінае: з тымі, хто з намі зьбіраецца працаваць упершыню, патрабуем стопрацэнтнай перадаплаты, — сказала спэцыялістка аддзелу маркетынгу прадпрыемства.

Будынак акцыянэрнага таварыства «Абутак» і фірмовая крама
Будынак акцыянэрнага таварыства «Абутак» і фірмовая крама



На пытаньне, чаму на рэчавых рынках Магілёву ня бачна ў прадпрымальнікаў прадукцыі «Шагавіты», суразмоўніца заявіла, што нямала гандляроў прадаюць абутак таварыства на пэрыфэрыі:

«Адсутнасьць прадукцыі ў Магілёве можа быць зьвязаная з тым, што прадпрымальнікі баяцца канкурэнцыі з нашай фірмовай гандлёвай сеткай».

А чаму мы мусім прагінацца пад прадпрымальнікаў?

Як прыклад неканкурэнтаздольнасьці беларускага легпраму бізнэсоўцы ня раз згадвалі на прадпрымальніцкіх сходах і сустрэчах з чыноўнікамі мясцовую швейную фабрыку «Вясьнянка». Прадпрыемства гэтае даўно лічыцца стратным. На адной з нарадаў у аблвыканкаме нават было прызнана, што абласная ўлада ня ведае, як яго ратаваць.

А ці разглядае «Вясьнянка» прадпрымальнікаў як партнэраў, якія маглі б прадаваць яе адзежу замест прывазной з Расеі? Спэцыялістка аддзелу маркетынгу адказала сьцьвярджальна, аднак заяўляе:

«Прадпрымальнікам жа таксама неяк трэба перакваліфікавацца. А то атрымліваецца, што мы перад імі мусім „прагнуцца“ і рэнтабэльнасьць нашай прадукцыі зьнізіць да такой ступені, каб працаваць сабе на страту дзеля таго, каб яны гандлявалі».

«Магчыма, яны бралі ў Маскве прадукцыю таньней, я ж не спрачаюся, — прызнае спэцыялістка зь „Вясьнянкі“. — І мелі нашмат большы прыбытак».

Суразмоўніца згадала нядаўнюю выставу-кірмаш, на якой прадпрымальнікам паказвалі прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці. Яна адзначыла, што спэцыялісты «Вясьнянкі» гутарылі з многімі прадпрымальнікамі. «Цэнавы фактар у нас невялікі, і прадпрымальнікам ён дужа спадабаўся», — сказала спэцыялістка аддзелу маркетынгу «Вясьнянкі».

На пытаньне, колькі ж бізнэсоўцаў заявілі пра гатоўнасьць супрацоўнічаць зь «Вясьнянкай», суразмоўніца адказала, што пакуль толькі адна прадпрымальніца выказала жаданьне наведаць прадпрыемства, каб пабачыць асартымэнт прадукцыі і азнаёміцца з паслугамі.

Будынак акцыянэрнага таварыства «Магатэкс»
Будынак акцыянэрнага таварыства «Магатэкс»



Прадпрымальнікі паехалі ў Маскву і набралі тавару за тры капейкі

На адным з пасьпяховых тэкстыльных прадпрыемстваў Магілёву — акцыянэрным таварыстве «Магатэкс» — таксама заявілі, што супрацоўнічаюць з прадпрымальнікамі. Але ўдакладнілі: толькі з тымі, якія трымаюцца правілаў, вызначаных самім прадпрыемствам.

«Прадпрымальнікі хочуць, каб ім давалі тавар пад рэалізацыю і гарантавалі вяртаньне непрададзенага. Але ў нас ёсьць свае правілы. Да нас таксама можна прыехаць на склад і самім зрабіць адборку прадукцыі, — кажа супрацоўніца прадпрыемства.

«У прадпрымальнікаў, відаць склалася ад пачатку не зусім правільнае ўяўленьне, як працаваць з буйным прадпрыемствам, — дадае суразмоўніца. — Яны лічаць, што можна паехаць у Маскву і набраць там таннага тавару, няважна, якой ён якасьці. Напрыклад, купілі абрус, заслалі ім стол, назаўтра памылі, ён ператварыўся ў анучу — і гэта няважна, бо яму цана тры капейкі. І можна купіць яшчэ адзін такі. А наша прадукцыя будзе служыць не адзін год».

На рэчавых рынках гораду (Віленскі рынак)
На рэчавых рынках гораду (Віленскі рынак)



Прадпрымальнікі прамыслоўцам: Народ зьбяднеў, ваша прадукцыя ім не па кішэні

Прадпрымальнікі пра прадукцыю асобных беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці кажуць, што яна сапраўды якасная, і калі б у пакупнікоў былі грошы, то папрацаваць з такім таварам можна было б. Аднак заўважаюць, што народ зьбяднеў і беларуская адзежа ды абутак людзям не па кішэні. Бальшыня ж прадукцыі, што прапануецца на тых гуртавых складах, якія ёсьць, састарэла:

«Я наведвала адзін з такіх складоў зь дзіцячым адзеньнем, і там асартымэнт прадукцыі — часоў нашых бабуляў і дзядуляў. Мадэлі састарэлыя. Непрыгожая расфарбоўка. Чорныя, шэрыя — у нас жа 21 стагодзьдзе на дварэ. Хто такое будзе купляць? — кажа адна з магілёўскіх прадпрымальніц. — Вядома ж, ёсьць выключэньні — напрыклад, спрабавала прадаваць пасьцельную бялізну. Якасьць яе добрая, аднак цана — не для тых пакупнікоў, якія прыходзяць на рынак».

На Грабянёўскім рынку
На Грабянёўскім рынку



Тым часам чыноўнікі аблвыканкаму заяўляюць, што бальшыня прадпрымальнікаў у гандлёвых цэнтрах выйшлі на працоўныя месцы. У прыватных гутарках бізнэсоўцы патлумачылі, што іх змусілі выйсьці, прыгразіўшы скасаваць дамову на арэнду гандлёвых плошчаў. Рэчавыя рынкі, як раней, не працуюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG