Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Яроменка стала першай жанчынай-пілётам у шэрагах авіякампаніі «Белавія» з моманту заснаваньня кампаніі ў 1996 годзе.

Сьвятлана нарадзілася ў 1987 годзе ў Якуціі, зь дзяцінства марыла стаць пілётам. Скончыла Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўнівэрсытэт грамадзянскай авіяцыі. Працу пачала ў Пскове на пасажырскіх самалётах Ан-24/Ан-26, затым прайшла перападрыхтоўку на Boeing 737NG.

У «Белавія» прыйшла ў лістападзе летась. Першы палёт у якасьці стажора зрабіла 29 сьнежня ў Ашхабад.

Адказваючы на пытаньне аб гендарных стэрэатыпах, Сьвятлана Яроменка адзначыла: «У сучасным сьвеце ўжо даўно ня дзеляць прафэсіі на мужчынскія і жаночыя. І калі ў чалавека ёсьць жаданьне, дазваляе здароўе і атрыманая якасная адукацыя, ён спраўляецца са сваімі абавязкамі, то зусім ня важна, якога ён полу. Самалёту ўсё роўна, хто ім кіруе, калі ўсе працэдуры выконваюцца ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі бясьпекі. Бясьпека вышэй за ўсё».

Пакуль Сьвятлана стажор і лётае з інструктарам, аднак неўзабаве пачне выконваць палёты самастойна ў якасьці другога пілёта Boeing 737NG. «Мы плянуем, што колькасьць жанчын-пілётаў будзе павялічвацца», — сказаў БЕЛТА генэральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG