Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 13 лютага: міжнародны фэстываль паэзіі «Вершы на асфальце»


Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

АФІША

Саюз беларускі пісьменьнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтар арганізуюць V Міжнародны паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова. Сёлета ў фэстывалі возьмуць удзел паэты зь Беларусі, Ізраілю, Гішпаніі, Латвіі, Літвы, Новай Зэляндыі, Польшчы, Расеі, Славаччыны, Украіны, Швэцыі. Пачатак а 15 гадзіне, месца правядзеньня — Галерэя TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57).

У рамках Году культуры ў Беларусі стартуе афіцыйная дзяржаўная акцыя «Беларусь, я люблю цябе», прысьвечаная Дню ўсіх закаханых і Міжнароднаму дню роднай мовы.

У Менску адбудзецца ўрачыстая прэзэнтацыя фільму «ГараШ» і творчая сустрэча стваральнікаў і артыстаў з гледачамі. Месца правядзеньня — Кінатэатар «Масква». Пачатак у 19:00.

У Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы возьмуць удзел амбасады Нямеччыны, Францыі і Вялікабрытаніі. Месца правядзеньня — Выставачны павільён на праспэкце Пераможцаў, 14.

Гурт «J: морс» прэзэнтуе новы альбом «Паветра». Месца правядзеньня — Prime Hall (пр. Пераможцаў, 65). Пачатак у 19:00.

​У літаратурным музэі Петруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30) пройдзе вечар эстонскай анімацыі. Адбудзецца знаёмства з творчасьцю сусьветна вядомых аніматараў Прыйта Пярна і Вольгі Пярн. Пачатак у 17:00.

У «Эўрапейскім клюбе» ў Віцебску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Зьмітра Дашкевіча «Чарвяк», напісанай ім у турме. Пачатак у 15:00.

У 20:20 у тэлеэфір выйдзе Зона Свабоды — штотыднёвая аналітычная перадача на тэлеканале Белсат. Сёньня ў праграме: «Лёс санкцыяў: скасаваць, замарозіць ці аднавіць? Нашто Беларусі патрэбная Эўропа, а Эўропе — Беларусь? Расейскі сьветлафор на эўрапейскім шляху Беларусі». У перадачы ўдзельнічаюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і аглядальнік расейскай службы нашага радыё Яраслаў Шымаў. Вядучая Ганна Соўсь.

У ГІСТОРЫІ

1908 — адкрыўся Менскі царкоўна-архэалягічны музэй.

1945 — Другая сусьветная вайна: пачатак буйной бамбардзіроўкі Дрэздэну авіяцыяй саюзьнікаў.

1975 — кіраўніцтва турэцкай абшчыны на Кіпры абвясьціла ў аднабаковым парадку ў паўночнай частцы выспы «Турэцкую фэдэратыўную дзяржаву Кіпр».

1988 — у Стэпанакерце прайшоў першы мітынг, на якім было вылучанае патрабаваньне аб далучэньні Нагорнага Карабаху да Армэніі.

1990 — Падпісанае пагадненьне пра аб’яднаньне дзьвюх частак Нямеччыны — заходняй і ўсходняй.

У гэты дзень нарадзіліся:

1705 — Францішка Ўршуля Радзівіл, беларуская і польская пісьменьніца, драматург.

1806 — Юльян Корсак, беларускі паэт і перакладчык

1902 — Сымон Хурсік, беларускі пісьменьнік

1973 — беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, папулярызатар беларускай літаратуры.

У гэты дзень памерлі:

1974 — Паўліна Мядзёлка, беларуская акторка, дзяячка культуры.

1984 — Язэп Найдзюк, дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, выдавец, гісторык.

2009 — Валянцін Тарас, беларускі паэт, крытык і перакладчык.

ЦЫТАТА ДНЯ

Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы, калі верыць мапе:
ў гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына ляжыць на канапе.

Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька — крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, — і мае рацыю.

Андрэй Хадановіч

XS
SM
MD
LG