Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ж не ў Беларусі, у нас паліцыя з народам», — украінскі актывіст, які блякуе расейскія фуры на мяжы.


Па словах актывіста «Аўтамайдану», беларускія кіроўцы падтрымліваюць блякаду расейскіх фураў на беларуска-украінскай мяжы.

Украінскія актывісты 12 лютага блякавалі для фураў з расейскімі нумарамі, а таксама для іншых грузавікоў з расейскімі таварамі рух праз памежны пераход Даманава — Макраны.

«Гэтая акцыя бестэрміновая, пакуль ва Ўкраіне ня прымуць закон, які забараняе транзыт расейскага транспарту, бо Расея — агрэсар, які напаў на нашу дзяржаву і забраў кавалак тэрыторыі», — ​

патлумачыў Свабодзе адзін з удзельнікаў акцыі, луцкі актывіст «Аўтамайдану» Дмытро Васіленка. Ён пакуль устрымліваецца ад камэнтароў наконт патрабаваньняў, каб Расея адпусьціла палонных украінцаў. Пра такія патрабаваньні раней паведамляла ўкраінская прэса.

​Беларускія памежнікі казалі, што былі гатовыя да акцыі і перанакіроўваюць фуры з расейскімі нумарамі на іншыя пераходы. Але, як кажа Васіленка, больш даводзіцца разварочваць фуры не зь Беларусі, а з Украіны:

«На тэрыторыю Ўкраіны не пусьцілі чатыры машыны, яны вярнуліся назад. А не прапускалі на тэрыторыю Беларусі з Украіны... зараз палічу... 24 машыны».

​Украінскія СМІ паведамляюць, што сытуацыя на акцыі спакойная. А ці не злуюць беларускія кіроўцы на ўкраінскіх актывістаў? Васіленка кажа, што не:

«Грамадзяне Беларусі, кіроўцы машын падтрымліваюць нас. Прыходзяць да нас есьці ўкраінскае сала, п’юць нашу ўкраінскую мінэральную ваду, ядуць нашы яблыкі... Мы любім Беларусь, мы сябруем з вашым народам. Але, на жаль, мы не падтрымліваем дзеяньні вашых грамадзянаў, якія дапамагаюць агрэсару».

На пытаньне пра тое, ці не разганяе актывістаў паліцыя, актывіст вельмі зьдзіўляецца і ці то пакрыўджана, ці то зьедліва адказвае карэспандэнту Свабоды:

«Мы жывем ва Ўкраіне! У нас грамадзтва трошкі адрозьніваецца ад беларускага. У нас не разганяюць, у нас паліцыя з народам».

На іншым канцы Ўкраіны, у Закарпацьці, украінцы таксама блякуюць расейскія грузавікі на перавалах, якія вядуць у Закарпацьце зь іншых рэгіёнаў Украіны, не пускаюць іх у Эўропу. Васіленка ня можа сказаць, ці стане акцыя ўсеўкраінскай, бо адказвае толькі за Валынь. Але ён каардынаваўся з закарпацкімі пратэстоўцамі, размаўляў з актывістамі з Жытомірскай вобласьці, Тэрнопаля, Чарнаўцоў. Магчыма, будзе магчымасьць аб’яднацца са львоўскімі пратэстоўцамі:

«Цяпер уключылася Заходняя Ўкраіна, далей будзе бачна».

XS
SM
MD
LG