Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мытня не прапусьціла аўтобус з украінскімі кнігамі на Менскі кірмаш


Усе выданьні, якія прадстаўленыя на нацыянальным стэндзе Ўкраіны на ХХІІІ Менскім міжнародным кніжным кірмашы, увезеныя ў Беларусь у асабістых чамаданах выдаўцоў і чыноўнікаў.

Аўтобус са 175 выданьнямі, якія плянавалі прадставіць у экспазыцыі Ўкраіны, беларуская мытня не ўпусьціла ў Беларусь.

Пра гэта Свабодзе паведаміла намесьніца начальніка ўпраўленьня выдавецкай справы Дзяржкамтэлерадыё Ўкраіны Тацяна Белавус.

«Дзякуй Богу, хоць неяк мы запоўнілі наш стэнд толькі таму, што дырэктар нашага дэпартамэнту выдавецкай справы справы і прэсы Аляксей Кананенка, дырэктар выдавецтва „Балтыяс друк“ Віргініюс Троле, прадстаўнікі „Навуковай думкі“, я — усе мы везьлі свае кнігі ў багажы, і нам удалося правесьці гэтыя выставачныя экзэмпляры.

Мы адмыслова адбіралі гэтыя кнігі, там не было нічога такога, што магло б скампрамэнтаваць Украіну ці Беларусь.

Асноўная машына з кнігамі была затрыманая, хаця ўсе дакумэнты былі аформленыя — зь пячаткамі, з паведамленьнямі, што кнігі вязуцца на Менскі міжнародны кніжны кірмаш для экспазыцыі на нацыянальным стэндзе Ўкраіны. Але беларуская мытня іх завярнула. Матывацыя была наступная: маўляў, „тут занадта шмат выданьняў, гэта для камэрцыйнага ўвозу“ — а мы везьлі 175 найменьняў кніг. Там былі кнігі па гісторыі Ўкраіны, мастацкія, навуковыя выданьні — усе вельмі нэўтральныя. Мы адмыслова адбіралі гэтыя кнігі, там не было нічога такога, што магло б скампрамэнтаваць Украіну ці Беларусь. Як патлумачылі мне людзі, якія суправаджалі груз, беларускія мытнікі вырашылі, што яны могуць чамусьці пашкодзіць нашым стасункам, і іх „завярнулі“ назад, ва Ўкраіну.

Я сама ўжо была ў Менску, мне патэлефанавалі а 4-й гадзіне раніцы. Калі б кнігі везьлі днём, у працоўны час, мы б маглі зь кімсьці з афіцыйных асобаў зьвязацца, патэлефанаваць, патлумачыць.

Праўда, у мінулым годзе было, у прынцыпе, тое ж самае, але мы зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі Беларусі, зь якім у нас добрыя стасункі. Тады мяжу машына перасякала аб 11-й раніцы. Мы зьвязаліся зь Мінінфармам, яны тэрмінова напісалі ліст у Дзяржаўны мытны камітэт, і машыну прапусьцілі. Сёлета машына была на мяжы а 4-й раніцы, натуральна, я не магла зьвязацца зь Міністэрствам інфармацыі, і машыну завярнулі. На выставе ў нас атрымаўся прыгожы, але даволі сьціплы стэнд».

На Нацыянальным стэндзе Ўкраіны ў асноўным дарагія сувэнірныя выданьні ў скураных вокладках, ілюстраваныя кнігі па мастацтву, якія выдаўцы проста пабаяліся адправіць ў агульнай машыне, а прывезьлі самі ў багажы.

Сьпіс быў вельмі зьмястоўны, разнастайны, мы адбіралі кнігі зь любоўю.

«А ў той машыне, што не прапусьцілі праз мяжу, былі прадстаўлены дзяржаўныя выдавецтвы — „Либідь“, „Веселка“, „Дніпро“, іншыя. Былі кнігі сучасных пісьменьнікаў, везьлі мы і кнігі Сяргея Жадана і іншых аўтараў. Сьпіс быў вельмі зьмястоўны, разнастайны, мы адбіралі кнігі зь любоўю. Тым больш, сёлета Сяргей Жадан — адзін з самых верагодных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую прэмію па літаратуры», — кажа Тацяна Белавус.

Але, паводле яе, карысьць ад выставы ўсё адно ёсьць — дамовіліся аб перавыданьні дзіцячай кнігі «Неймовірна смакота про веселого кота» ў перакладзе на беларускую мову.

А вось сумнеўнага зьместу кнігі з Расеі бесьперашкодна трапілі на Менскі міжнародны кніжны кірмаш — «Киев Капут» Эдуарда Лімонава прадаецца за 70 тысяч. Ёсьць тут і «Неизвестный Лимонов». Нядорага прадаецца і «Битва за Крым. От противостояния до возвращения в Россию» Аляксандра Шыракарада.

У Мытным камітэце Рэспублікі Беларусь інцыдэнт пакуль не камэнтуюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG