Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы перакрылі мяжу зь Беларусьсю для расейскіх тавараў


Беларускія мытнікі заявілі, што падрыхтаваныя да акцыі, і абяцалі «дадатковыя меры».

На прапускным пункце «Даманава», што ў Валынскай вобласьці Ўкраіны, ля беларускай мяжы і беларускага прапускнога пункту «Макраны» каля паўсотні ўкраінскіх актывістаў блякуюць уезд ва Ўкраіну грузавікоў з расейскімі нумарамі, а таксама машын, якія вязуць расейскія тавары, паведамляе 112.ua.

«На беларускай мяжы таксама разварочваюць машыны, бо яны ведаюць пра гэтую акцыю, — перадае карэспандэнт 112.ua. — Актывісты кажуць, што будуць вяртаць фуры, пакуль расейцы ня вернуць палонных».

Карэспандэнт кажа, што ініцыятары акцыі — гэта прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і дэмабілізаваныя ўдзельнікі канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Яны зьбіраюцца зрабіць акцыю бестэрміновай, «пакуль улады не прыслухаюцца да патрабаваньняў і не зразумеюць, што ня трэба пускаць расейскія тавары».

Беларускі Памежны камітэт раней заяўляў, што ведае пра акцыю і «прыме, пры неабходнасьці, дадатковыя меры кантролю». Беларускі бок інфармуе кіроўцаў грузавікоў з расейскімі нумарамі пра акцыю і скіроўвае іх на іншыя пункты пропуску, распавядаў расейскаму ТАСС прэс-сакратар Дзяржпамежкамітэту Аляксандар Цішчанка.

Акцыя каля беларускай мяжы — ня першая і не адзіная. Украінцы таксама блякуюць расейскія грузавікі на перавалах, якія вядуць у Закарпацьце зь іншых рэгіёнаў Украіны, не пускаюць іх у Эўропу. Як перадаваў УНІАН, удзел у акцыі бяруць «Правы сэктар», «Карпацкая сеч», суполка ўдзельнікаў баявых дзеяньняў на ўсходзе, «Пабрацімы Украіны места Ужгарад» і Валянтэрскі корпус Азова. Спачатку акцыю называлі «Ветлівай блякадай», а пазьней, у гонар сымбалю Закарпацьця, — «мядзьведжай».

Па словах журналісткі Алы Хаятавай, якая дапамагае ў арганізацыі блякады ў Закарпацьці, у межах акцыі прапускаюць грузавікі зь беларускімі, латвійскімі і іншымі нумарамі, а таксама расейскія грузавікі, якія заяжджаюць ва Ўкраіну з Эўропы:

«Калі ласка, запраўляйцеся тут, пакідайце грошы, праяжджайце, і галоўнае — не вяртайцеся», — дадала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG