Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дадатак да мытаў на пасылкі Лукашэнка ўвёў абмежаваньні на ўвоз тавараў з-за мяжы


Ілюстрацыйнае фота. Чарга на літоўска-беларускай мяжы
Ілюстрацыйнае фота. Чарга на літоўска-беларускай мяжы

Калі беларус будзе перасякаць мяжу часьцей, чым раз на тры месяцы, то тавары даражэй за €300 перастаюць быць «для асабістага карыстаньня».

У чацьвер, 11 лютага Лукашэнка падпісаў указ № 40, паводле якога бязмытны ўвоз міжнародных пасылак у Беларусь абмежаваны 22 эўра і 10 кг (раней былі 200 эўра і 31 кг).

Навіна пра ўказ была апублікаваная на Нацыянальным прававым партале, але сам указ пакуль не апублікаваны ў інтэрнэце ў адкрытым доступе.

У вечаровых навінах на СТВ выявілася, што абмежаваньне на ўвоз пасылак — не адзінае, якое ўвёў указ № 40:

«Акрамя таго, указам кіраўніка дзяржавы ўнесеныя зьмены ў парадак перамяшчэньня тавараў асабістага карыстаньня праз аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску, — паведаміў намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Ўладзімер Арлоўскі. — Дзейная норма, 1 500 эўра і 50 кг бязмытнага ўвозу, застанецца дзейнічаць. Але калі грамадзяне будуць перасякаць мяжу часьцей, чым раз на тры месяцы, то тавары звыш 300 эўра ня будуць прызнавацца таварамі для асабістага карыстаньня. Яны будуць належыць мытнаму афармленьню ў агульным парадку са сплатай мытных выплатаў».

Пакуль невядома, ці будуць патрабаваць мытныя выплаты, калі чалавек у студзені перасек мяжу без тавараў, а ў сакавіку правез тавар, даражэйшы за 300 эўра, ці ўлічваюцца толькі выпадкі, калі чалавек перасякаў мяжу абодва разы з таварамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG