Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАТО дамовіліся супрацьстаяць гібрыдным войнам з боку Расеі


Енс Столтэнбэрг

Енс Столтэнбэрг

Міністры абароны НАТО і краінаў-партнэраў альянсу дамовіліся сумесна і максымальна хутка ўзмацняць паўднёвую і ўсходнюю межы аб’яднаньня, улічваючы пагрозы ісламістаў і гібрыднай вайны з боку Расеі.

Такія вынікі сустрэчы міністраў у штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі агучыў генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг.

Столтэнбэрг асобна адзначыў, што НАТО пагадзілася ўзмацніць сваю ўсходнюю мяжу і супрацьдзейнічаць рызыкам гібрыднай вайны, падобнай да канфлікту на Данбасе.

«Выведка і назіраньне зьяўляецца адным з элемэнтаў пляну „гібрыднай стратэгіі“ НАТО. Альянс навучыцца распазнаваць, папярэджваць гібрыдныя атакі і адказваць на іх хутка. Важным зьяўляецца ўзмацненьне абароны краінаў-сябраў адносна жыцьцёва неабходных сыстэмаў: дзяржаўнага кіраваньня, энэргазабесьпячэньня, водных, харчовых рэсурсаў і камунікацыяў», — сказаў ён.

Ва ўсіх гэтых кроках НАТО дамовілася аб прамой каардынацыі са структурамі Эўразьвязу.

Разам з Эўразьвязам НАТО таксама будзе змагацца з крызісам мігрантаў.

«Эўропа атрымала самы буйны з часоў Другой сусьветнай вайны крызіс мігрантаў з-за канфліктаў і нестабільнасьці на паўднёвых межах альянсу. У аснове процідзеяньня НАТО гэтаму крызісу ёсьць прапанова Нямеччыны, Грэцыі і Турэччыны стварыць другую марскую каманду НАТО ў рэгіёне Эгейскага мора пад агульным камандаваньнем Нямеччыны», — адзначыў ён.

Столтэнбэрг удакладніў, што гаворка пойдзе пра бясьпеку ў рэгіёне, выведку, назіраньне і супрацьдзеяньне крымінальнаму трафіку людзей, але лодкі з уцекачамі гэтая місія назад паварочваць ня будзе.

Таксама міністры дамовіліся аб садзейнічаньні НАТО ваеннай апэрацыі супраць групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Сырыі і пра ўзмацненьне магчымасьцяў антытэрарыстычнай кааліцыі ў кірунку «паслабленьне і зьнішчэньне груповак баевікоў».

Сход чальцоў будучай кааліцыі ў гэтай апэрацыі адбыўся адразу пасьля сустрэчы міністраў у офісе НАТО. Міністар абароны ЗША Эш Картэр, ініцыятар мерапрыемства, удакладніў, што ў кааліцыі могуць удзельнічаць розныя дзяржавы, якія маюць магчымасьць браць на сябе розныя функцыі: не абавязкова ўдзельнічаць у наземнай апэрацыі, а напрыклад, адказваць за лягістыку. Бакі ўзгаднілі папярэдні плян дзеяньняў і вырашылі дэталізаваць яго і выконваць «настолькі хутка, наколькі гэта магчыма».

Тым часам пастаянны прадстаўнік Расеі пры НАТО Аляксандар Грушко папярэджвае, што Масква будзе рэагаваць на нарошчваньне сілаў альянсу паблізу расейскіх межаў.

«Гэтыя падрыхтаваньні, якія НАТО робіць уздоўж нашых межаў, ня могуць быць пакінутыя без ваенна-тэхнічнага адказу», — папярэджвае расейскі дыплямат.

XS
SM
MD
LG