Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група падтрымкі Сырыі дамовілася аб перамір’і ў краіне


Джон Керы і Сяргей Лаўроў аб'яўляюць аб даце пачатку перамір'я ў Сырыі

Джон Керы і Сяргей Лаўроў аб'яўляюць аб даце пачатку перамір'я ў Сырыі

Перамір’е ў Сырыі павінна набыць сілу праз тыдзень.

Чальцы групы падтрымкі Сырыі, у якую ўваходзяць сямнаццаць дзяржаваў, прадстаўнікі ААН, Эўразьвязу і Лігі арабскіх краінаў прыйшлі да пагадненьня аб усталяваньні перамір’я ў Сырыі, якая павінна набыць сілу праз тыдзень.

Пра гэта ў ноч на пятніцу паведаміў у Мюнхэне дзяржсакратар ЗША Джон Керы, які на працягу пяці зь лішкам гадзінаў вёў перамовы з калегамі з Расеі, Ірана, Турэччыны, Савудаўскай Арабіі і іншых краінаў.

Як адзначыў Керы, дасягнутая таксама дамоўленасьць паскорыць і пашырыць маштабы прадстаўленьня гуманітарнай дапамогі сотням тысяч жыхароў сырыйскіх гарадоў і вёсак, якія блякуюць урадавыя сілы ці апазыцыя. Гэтая дамоўленасьць можа спрыяць аднаўленьню ўсёабдымных мірных перамоваў па Сырыі, якія праходзяць пад эгідай ААН, перапыненых на мінулым тыдні.

Па словах расейскага міністра замежных спраў Лаўрова, рабочая група пад старшынствам ЗША і РФ на працягу тыдня ўзгодніць дэталі пагадненьня аб перамір’і. Аднак, па словах экспэртаў, якіх цытуюць амэрыканскія сродкі інфармацыі, адтэрміноўка рэалізацыі пагадненьня дае шанец сырыйскім урадавым сілам, якіх падтрымлівае Расея, разьвіць посьпех у наступе на пазыцыі паўстанцаў. Вашынгтон выказваўся за тое, каб пагадненьне набыло сілу неадкладна, Масква хацела перанесьці гэтую дату на 1 сакавіка.

Ажыцьцяўленьне дамоўленасьці аб спыненьні агню будзе залежаць ад здольнасьці чальцоў групы падтрымкі Сырыі дамагчыся выкананьня ўмоваў гэтага пагадненьня супрацьлеглымі бакамі.

XS
SM
MD
LG