Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.

Уладзімер Глод

Уладзімер Глод

Глод: У панядзелак, 15 лютага, рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу будзе разглядаць пытаньне аб санкцыях. Пытаньне актуальнае, бо 29 лютага заканчваецца тэрмін «замарозкі» гэтых санкцыяў, і трэба вырашаць, што рабіць далей.

Тэарэтычна існуюць тры варыянты рашэньня. Першы — вярнуцца да першапачатковага стану і зноў працягнуць санкцыі адносна ўсіх. Другі — скасаваць іх. Трэці — працягнуць чатырохмесячны тэрмін «замарозкі» дзеяньня санкцыяў яшчэ на нейкі час. Напрыклад, да завяршэньня выбарчай парлямэнцкай кампаніі, то бок да кастрычніка 2016 году.

Гэта — тэорыя. Практычна ж аналітыкі і палітолягі лічаць, што варыянт зь вяртаньнем санкцыяў пасьля чатырохмесячнага іх спыненьня неверагодны. Таму застаецца выбіраць адно з двух — альбо канчатковая адмена санкцыяў, або спыненьне іх яшчэ на паўгода.

Дзеля пошуку рашэньня ў Беларусь зачасьцілі дыпляматы з шэрагу краінаў Эўразьвязу: Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Вышаградзкай групы (гэта — Вугоршчына, Польшча, Славаччына, Чэхія). Хтосьці зь іх сустракаўся толькі з урадавым бокам, хтосьці дадаткова і з апазыцыяй.

Апазыцыя — а гэта ў дадзеным кантэксьце Юрась Губарэвіч, Тацяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч, — казалі пра неабходнасьць пакрокавай дарожнай мапы. Бо «толькі такі падыход можа забясьпечыць сыстэмнасьць дыялёгу». Важна таксама, каб крокі з боку ЭЗ «не былі аднабаковымі, каб быў пералік крокаў з боку беларускіх уладаў, што ў першую чаргу тычыцца паправак у выбарчае заканадаўства, Крымінальны кодэкс, закон аб СМІ».

Замежныя дыпляматы слухалі і казалі пра «драматычныя зьмены, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне ў апошнія гады», а таксама пра «перадумовы новага старту ў адносінах Беларусі і Эўразьвязу». Традыцыйна яны абяцалі, што разьвіцьцё і ўмацаваньне моцнай грамадзянскай супольнасьці застаецца для іх адным з важных прыярытэтаў, яны будуць працягваць адсочваць сытуацыю з правамі чалавека і свабодамі ў Беларусі, у тым ліку падчас парлямэнцкіх выбараў.

Сваю пазыцыю адносна адмены або падаўжэньня санкцыяў прадстаўнікі амаль усіх краінаў не канкрэтызавалі. Толькі генсек зьнешнепалітычнага ведамства Аўстрыі адназначна заявіў, што яго краіна будзе выступаць за адмену санкцыяў. Ці падтрымаюць пазыцыю Аўстрыі іншыя міністры замежных спраў Эўразьвязу?

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Інтэнсіўнасьць адносін паміж афіцыйным Менскам і краінамі Эўразьвязу рэзка павялічылася, асабліва напярэдадні 15 лютага. Уладзімер Макей на гэтым тыдні пасьля дакладу Лукашэнку зрабіў заяву: пэрспэктывы адносін з Захадам нармальныя, і самае галоўнае, што нам удалося дамагчыся зьмены ня толькі формы, але і самога зьместу нашых узаемаадносін. Лукашэнка даручыў міністру замежных спраў праводзіць кантакты нават па такіх праблемах, як правы чалавека, выбарчыя працэдуры, што сьведчыць пра вельмі вялікую зацікаўленасьць афіцыйнага Менску ў размарожваньні адносін і, галоўнае, у зьняцьці санкцыяў.

Паглядзіце, як намагаецца дагадзіць афіцыйны Менск эўрапейскім палітыкам. Вось Макей прымае ня толькі намесьнікаў міністраў замежных спраў, але, што вельмі цікава, прымае кіраўнікоў рэгіянальных прадстаўніцтваў фонду Эбэрта і фонду Адэнаўэра, нямецкіх фондаў, якія месьцяцца ў суседніх краінах. Падаецца, гэта зусім ня ўзровень міністра замежных спраў. Відаць, калі ёсьць якая праблема, беларускія чыноўнікі гатовыя ўсё абяцаць і ўсё падтрымаць. Я так зразумеў, для Макея гэта пытаньне прынцыпу, пытаньне іміджу нават у вачах Лукашэнкі. Таму МЗС сёньня сапраўды робіць неймаверныя высілкі, каб санкцыі былі зьнятыя.

Разважаць, якія краіны будуць супраць зьняцьця санкцыяў, даволі цяжка. Магчыма, адзіная краіна, якая можа рэальна не пагадзіцца на скасаваньне санкцыяў, — гэта Польшча. Цяпер у Польшчы прыйшла да ўлады партыя «Права і справядлівасьць», якая займае даволі рэзкія, радыкальныя пазыцыі шмат па якіх пытаньнях адносна і эўрапейскай палітыкі, і Расеі, і рэжыму ў Беларусі. Але больш шанцаў, што санкцыі будуць зьнятыя.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Тут сапраўды ёсьць пэўная інтрыга. Паводле трэнду, нібыта гэта рашэньне аб працягу замарозкі санкцыяў да канца парлямэнцкіх выбараў. Яно лягічнае: дамоклаў меч, які вісіць над беларускімі ўладамі, каб, што называецца, бога не забывалі. Здавалася б, пытаньня пра гэта няма.

Але бачыце — такі велізарны паток дыпляматаў, якія прыяжджаюць, пра нешта гавораць. Чаму, калі рашэньне відавочнае? Прадстаўнік Аўстрыі сказаў, што ён за адмену санкцыяў. А хто-небудзь сказаў, што ён супраць? Іншых галасоў мы ня чуем. Магчыма, размова сапраўды ідзе аб скасаваньні. І што там апазыцыя гаворыць, мае малое значэньне. І менавіта з той аргумэнтацыяй, якую давёў спадар Уладзімер. Геапалітычны расклад цяпер іншы, і ў дадзеным выпадку рашэньне прымаецца зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў эўрапейскіх дзяржаў.

Наконт Польшчы — і так, і не. Учора быў зацьверджаны новы пасол Польшчы ў Менску і агучана, што міністар замежных спраў Польшчы спадар Вашчыкоўскі зьбіраецца ў Беларусь зь візытам. Памятаем, што апошні раз міністар замежных спраў Польшчы прыяжджаў у Беларусь у 2010 годзе. І вось аказваецца, што адзін зь першых візытаў кіраўніка новай польскай дыпляматыі будзе ў Менск. Так што нельга казаць, што Польшча будзе гуляць супраць афіцыйнага Менску. Цалкам магчыма, што Польшча зацікаўленая ў адарваньні Беларусі ад Расеі. Цяпер я б сказаў, што імавернасьць працягу замарозкі санкцыяў — 50/50.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG