Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пра тое, ці складана быць вегэтарыянцам у Беларусі і пра першую вэгетарыянскую кавярню.

Дзякуючы сваёй прафэсіі я размаўляю пра яду і стылі харчаваньня з мноствам людзей. Што мяне не перастае зьдзіўляць, дык гэта тое, што пры ўсім багацьці інфармацыі людзі часта застаюцца абсалютна недасьведчанымі наконт некаторых аспэктаў харчаваньня. Адзін зь іх — вэгетарыянства. Многія да гэтага часу ня ведаюць, добра гэта ці дрэнна. Адказ просты: так, вэгетарыянская дыета — гэта адназначна добра. Давайце разбярэмся чаму.

Вэгетарыянцы (у шырокім разуменьні) не ядуць мяса, птушку і рыбу. Ёсьць вельмі шмат плыняў унутры вэгетарыянства, напрыклад вэганізм (выключаюцца цалкам усе прадукты жывёльнага паходжаньня) і сыраядзеньне (ужываюцца толькі расьлінныя прадукты, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку). Сёньня — аб вэгетарыянстве ў шырокім разуменьні.

Эпідэміялягічныя назіраньні выразна сьведчаць: там у сьвеце, дзе пераважае вэгетарыянская дыета, людзі традыцыйна жывуць даўжэй, іх якасьць жыцьця высокая, а працэнт хранічных захворваньняў вельмі нізкі. Дзеля справядлівасьці варта прызнаць: гаворка ідзе пра разьвітыя краіны. У Індыі, напрыклад, прыблізна траціна насельніцтва — вэгетарыянцы. Аднак працягласьць жыцьця там адносна невысокая. Гэта зьвязана з банальным хранічным недаяданьнем, слабой гігіенай, адсутнасьцю чыстай вады, слаба разьвітай мэдыцынай і гэтак далей.

Вэгетарыянцамі становяцца па розных прычынах. Прывесьці да гэтага выбару могуць экалягічныя, эканамічныя, рэлігійныя, этычныя і мэдычныя матывы. У апошнім выпадку гэта жаданьне схуднець, палепшыць здароўе, зьнізіць рызыку пэўных захворваньняў. Навукова даказана, што адаптаваная належным чынам вэгетарыянская дыета зьяўляецца эфэктыўным спосабам зьніжэньня масы цела, паляпшэньня ліпіднага профілю крыві (тут маецца на ўвазе памяншэньне шкодных тлушчаў у крыві, такіх як халестэрын і трыгліцэрыды), зьніжэньня павышанага артэрыяльнага ціску, памяншэньня рызыкі ўзнікненьня сардэчна-судзінных захворваньняў, інсульту, мэтабалічнага сындрому, атэрасклерозу, а таксама некаторых формаў раку.

Так, навуковае даследаваньне 2014 году, праведзенае каліфарнійскімі навукоўцамі, пацьвердзіла, што вэгетарыянцы маюць значна больш нізкую рызыку раку тоўстай кішкі, страўнікава-кішачнага тракту, прастаты, а таксама ў цэлым больш нізкую верагоднасьць раку любой формы. Паводле навукоўцаў, вэгетарыянцы маюць на 14% меншую верагоднасьць захварэць на рак, чым невэгетарыянцы.

Калі падсумаваць вышэй сказанае: вэгетарыянцы жывуць даўжэй і хварэюць менш. Дакладнай статыстыкі колькі людзей прытрымліваюцца вэгетарыянскай дыеты ў сьвеце на сёньняшні дзень не існуе. Паказчыкі вар’ююцца ад краіны да краіны. Лічыцца, што ў сярэднім прыкладна 10% зямнога насельніцтва вэгетарыянцы, і прыкладна 1% — строгія вэгетарыянцы, або вэганы.

Вэгетарыянства ў беларускіх умовах

Быць вэгетарыянцам і пры гэтым харчавацца разнастайна ў Беларусі, я лічу, ня так проста, як у некаторых іншых краінах, але пры жаданьні і ня так складана. У крамах шырокі асартымэнт круп, бабовых, арэхаў. У анлайн крамах — разнастайныя семкі, экзатычныя «супэрпрадукты» і пудры, тофу і іншыя соевыя прадукты. Самая галоўная складанасць — недахоп якаснай інфармацыі аб асновах вэгетарыянскага харчаваньня. Тут я маю на ўвазе дзяржаўныя ініцыятывы. Яны адсутнічаюць. Затое зьяўляюцца прыватныя. На 14 лютага намечана адкрыцьцё першай ў Менску вэгетарыянскай кавярні «Счастье здесь». З гэтай нагоды я ўзяла інтэрвію ў аднаго з заснавальнікаў, Мікалая Сярова:

Мікалай, як узьнікла ідэя адкрыць вэгетарыянскую кавярню ў Беларусі?

Мікалай Сяроў

Мікалай Сяроў

Ідэя ўзьнікла чатыры гады таму, калі я падарожнічаў па Амэрыцы. Канкрэтна гэта здарылася ў Лос-Анджэлесе, які можна назваць Мэкай адэптаў вэгетарыянства. Там я ўпершыню пазнаёміўся з сапраўды разнастайнай кухняй, гэта было моцнае ўражаньне.

У Менску вэгетарыянскай кавярні няма, асабліва складана даводзіцца вэганам і сыраедам. Гэта была адна з прычынаў, якія прымусілі мяне заняцца стварэньнем уласнай установы. Аказалася, што рэстаратар Аляксей Садавой (вядомы Менску сваімі ўстановамі ID бар, Герои, Бессонница, Smoke&Mirrors), установы якога мне больш за ўсё былі па душы, таксама плянаваў падобны праект. Мы вырашылі аб’яднаць намаганьні і адкрыць першую ў горадзе, а магчыма і ў краіне, паўнавартасную вэгетарыянскую кавярню пад назвай «Счастье здесь», у якім будзе вэгетарыянскае, вэганскае і сырое мэню.

Вы сам вэгетарыянец?

Так, я вэгетарыянец ўжо больш за шэсьць гадоў. Вось ужо больш за год я вэган. Перайсьці на здаровы лад жыцьця і негвалтоўнае харчаваньне было ў мяне ў плянах даўно, гадоў 10 таму я ўжо задумваўся пра гэта. Але, мабыць, як і ў любога чалавека, павінен быць нехта, хто стане яго настаўнікам або апошняй кропляй, неабходнай для прыняцьця правільнага рашэньня. У маім выпадку гэта быў Аляксей Мартынаў, чыё інтэрвію я выпадкова ўбачыў па адным з тэлевізійных каналаў. У сваім інтэрвію за 40 хвілін Мартынаў змог пераканаць мяне. З тае пары думак пра тое, каб пакласьці на талерку парэшткі жывой істоты, у мяне не было! Для многіх жа самым дзейсным мэтадам перакананьня становяцца навукова-папулярныя фільмы: «Зямляне», «Карпарацыя Ежа». Асабіста я б парэкамэндаваў усім фільм «Home» («Дом»), «Скатазмова», «Жыцьцё бутэлькі».

Чым будуць частаваць гасьцей на адкрыцьці кавярні 14 лютага? Як гэта будзе выглядаць?

Задача ў нас была мэга амбіцыйная: за два тыдні зрабіць рамонт, распрацаваць і прадэгуставаць мэню, сабраць каманду (прычым ня проста спэцыялістаў, а менавіта вэгетарыянцаў — кухараў, афіцыянтаў, і нават дырэктара). Нягледзячы на тое, што ня ўсё пасьпяваем да заплянаванага тэрміну, з большасьцю задач мы справіліся. Для гэтага прыйшлося пабыць і грузчыкам, і маляром, і прыбіральшчыкам. У гэтую нядзелю мы стартуем у тэставым рэжыме, гэта будзе хутчэй адкрыцьцё для блізкіх сяброў, чым для ўсіх жадаючых. Ужо на наступным тыдні мы паступова будзем дапрацоўваць мэню і заканчваць афармленьне інтэр’еру.

Хачу зьвярнуць увагу, што стаўку мы робім не на дызайн, а менавіта на кухню і атмасфэру. Ідэя праекту — аб’яднаць усіх вэгетарыянцаў, вэганаў, сыраедаў — усіх, хто цікавіцца здаровым ладам жыцьця, ну а таксама пазнаёміць заядлых мясаедаў зь велізарнай разнастайнасьцю вельмі смачных страў.

Хто будзе гатаваць ежу ў кавярні і хто адказны за мэню?

Шэф-кухар ўстановы — Канстанцін Белявец, вядомы менскай публіцы па бары «Счастье есть». Большую частку мэню складаў менавіта ён, але частка страў зьявілася і дзякуючы маім рэкамэндацыям, нейкія пазыцыі дзякуючы ўдзелу іншых супрацоўнікаў, ну і вядома ж Аляксея Садовага.

Што ў мэню? Ці ёсьць опцыі для вэганаў і сыраедаў?

Мэню будзе разнастайнае, паступова будзем дадаваць новыя пазыцыі. Магу адразу сказаць, што ў нас будзе адсутнічаць прадукцыя кампаній, што наносяць шкоду плянэце, робяць вопыты на жывёлах. Будзе вэганскае марозіва. Упэўнены, што ўсе будуць у захапленьні ад сырой лазаньні, фаляфэля, сэндвічаў, тофу, прыгатаванага з гароднінай і пюрэ з пастарнакам, гумусу і дзесяткаў іншых незвычайных страў, пра большасьць зь якіх шмат хто і ня чуў. Мы пастараемся мінімалізаваць выкарыстаньне плястыка, будзем выкарыстоўваць біяраскладальныя пакеты.

А што наконт цэнаў? Каму даступныя вэгетарыянскія прысмакі?

Цэны ў нас будуць дэмакратычныя, наколькі гэта дазваляе цэнаўтварэньне. Хочам разьвеяць міт, што вэгетарыянскі лад жыцьця (у нашай краіне) — гэта вельмі дарагое задавальненьне (значна даражэй, чым харчаваньне мясам з бульбай і рысам). Але будуць, вядома, і складаныя стравы па высокай цане.

Дарэчы, сачыць за намі можна ў сацыяльных сетках:

www.instagram.com/schastiezdes

www.Facebook.com/Schastezdes

www.Vk.com/Schastezdes_minsk

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG