Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі: Добрая навіна, беларускай мовы стане больш


З новага навучальнага году ў пачатковай школе павялічыцца колькасьць гадзін на вывучэньне беларускай мовы.

«Добрая навіна: з наступнага году ў пачатковай школе, пачынаючы з 2 клясу, на вывучэньне рускай і беларускай моў незалежна ад мовы навучаньня ва ўстанове будзе выдзелена аднолькавая колькасьць гадзін», — цытуе галоўнага спэцыяліста ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірыну Булаўкіну Інтэрфакс.

Паводле яе слоў, цяпер у 2 клясе на вывучэньне беларускай мовы адводзіцца 2 гадзіны, а на расейскую — 3.

«Пачнём з другіх клясаў, праз год гэта будуць другія і трэція, потым другія-трэція-чацьвёртыя, і паступова мы пяройдзем на аднолькавую колькасьць гадзін вывучэньня беларускай і рускай моў, як гэта робіцца ў старэйшых клясах», — удакладніла прадстаўніца Міністэрства адукацыі.

«У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, і мы вырашылі, што яны павінны быць у роўных умовах», — патлумачыла яна.

Акрамя таго, з гэтага году арганізавана вывучэньне беларускай мовы і літаратуры на павышаным узроўні ва ўсіх установах адукацыі, распавяла спэцыяліст. Пры гэтым улічваюцца пажаданьні вучняў, іх бацькоў і наяўнасьць сфармаваных клясаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG