Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца Парашэнкі: Гэта не канфлікт Расеі з Украінай, гэта канфлікт дзьвюх цывілізацый


Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Сьмяшко

Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Сьмяшко

Галоўная прычына таго, што ніводзін з пунктаў менскіх пагадненьняў да гэтага часу ў поўнай меры не рэалізаваны, заключаецца ў няправільнай ацэнцы супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны.

Такое меркаваньне выказаў у размове з карэспандэнтам Свабоды дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Сьмяшко.

Зь яго пункту гледжаньня, канфлікт Украіны і Расеі нельга ўспрымаць як лякальнае супрацьстаяньне.

Гэта не канфлікт Расеі з Украінай, гэта канфлікт дзьвюх цывілізацыяў. Як мінімум, Эўразьвяз і ЗША павінны таксама прысутнічаць за сталом перамоваў.

«Гэта не канфлікт Расеі з Украінай, гэта канфлікт дзьвюх цывілізацыяў. Каб яго вырашыць, трэба, каб удзельнікі гэтага канфлікту вялі адпаведны фармат (перамоў — РС). Як мінімум, Эўразьвяз і ЗША павінны таксама прысутнічаць за сталом перамоваў. У дыялёгу павінны ўдзельнічаць усе сусьветныя гульцы. І Захад таксама павінен сваю частку працы прарабіць у пляне стратэгічнага бачаньня. Сёньня Расея абараняе свае нацыянальныя інтарэсы так, як яна іх бачыць. Расея лічыць, што яе нацыянальныя інтарэсы палягаюць у тым, каб вярнуцца за стол стратэгічных гульцоў у сьвеце і аднавіць кантроль над постсавецкай прасторай, ня маючы для гэтага адпаведных рэсурсаў. Так, гэта 1/8 сушы і 147 мільёнаў насельніцтва, але пры гэтым валавы прадукт меншы, чым у Італіі. Аднак сваю стратэгію Расея мае — гэта права расейскага кіраўніцтва бачыць сьвет так, як яна бачыць. Праблема ў тым, што Захад, які, вядома, мае рэсурсы на парадак вышэйшыя, чым у Расеі, — у яго няма стратэгіі, ён не сфармаваў сваю стратэгію ні ў дачыненьні да Ўкраіны, ні ў дачыненьні да Расеі», — заявіў ён.

Сьмяшко бачыць расейска-ўкраінскі канфлікт як канфлікт цывілізацыяў: Украіна зрабіла свой выбар на карысьць дэмакратычных каштоўнасьцяў Захаду, а вось Расея да гэтага яшчэ не сасьпела.

Павольна, эвалюцыйна, але ва Ўкраіне нараджаецца эўрапейская мадэль дэмакратыі.

«Для нас ня цар зьяўляецца прадметам пакланеньня, а асабістая свабода і сям’я. Павольна, эвалюцыйна, але ва Ўкраіне нараджаецца эўрапейская мадэль дэмакратыі. Грамадзянская супольнасьць ужо нарадзілася: 2004-ты і 2013-ты гады паказалі, што грамадзянская супольнасьць апярэджвае палітычныя эліты гадоў на 20 у сваім разьвіцьці. Наша праблема — гэта праблема палітычных элітаў. Але гэта працэс нараджэньня дэмакратыі. Дэмакратыя падыходзіць да межаў Расейскай Фэдэрацыі. У Расеі ж свае погляды на будучыню — відавочна, што дэмакратычная форма праўленьня яшчэ не да часу там. Таму адбыўся канфлікт, які можа разьбірацца толькі ў гэтых рамках», — падкрэсьліў ён.

Аднак Сьмяшко перакананы, што гэта ня значыць, што ад Расеі Эўропа павінна адгарадзіцца глухой сьцяной.

Трэба шукаць стратэгічнае новае бачаньне, як нам жыць у аб’яднанай Эўропе, у тым ліку абавязкова з Расеяй.

«Калі б на Захадзе была адпаведная канцэпцыя і бачаньне разьвіцьця атлянтычнай цывілізацыі, то Захаду варта было б узгадаць пра словы Дэ Голя пра тое, што Эўропа ня можа быць аб’яднанай, калі яна не дасягае Ўральскіх гор. Новая канструкцыя эўрапейскай бясьпекі павінна быць да Ўралу і Ўладзівастоку. Штучнае выключэньне Расеі з гэтай канструкцыі таксама спараджае глябальныя праблемы. Трэба шукаць стратэгічнае новае бачаньне, як нам жыць у аб’яднанай Эўропе, у тым ліку абавязкова з Расеяй. Выключэньне яе было б нонсэнсам», — лічыць ён.

З пункту гледжаньня Сьмяшко, Расея, распачаўшы канфлікт з Украінай, зрабіла стратэгічную памылку:

«Бо гэта сапраўды блізкі народ, гістарычна зьвязаны. А цяпер прыйдзіце да хлопцаў ва ўзросьце да 30 гадоў і спытайце, што для іх была анэксія Крыму. Фактычна свайго прыроднага, стратэгічнага саюзьніка Расея страціла — як мінімум на адно пакаленьне. Расея адкрыла скрыню Пандоры. Што гэта за прынцып абароны рускамоўнага насельніцтва? Ужо мільёны кітайцаў жывуць на тэрыторыі расейскага Далёкага Ўсходу. А што, калі Кітай выкарыстае той жа прынцып абароны кітайскамоўнага насельніцтва?».

Сьмяшко не бярэцца прагназаваць, ці магчымы сёньня новы віток расейскай агрэсіі супраць Украіны.

«Форма праўленьня ў Расеі такая, што вэртыкаль улады там знаходзіцца ў руках аднаго чалавека з досыць невялікім асяродзьдзем. Як можна меркаваць, што будзе прадпрынята? Лёгіка кажа, што гэта будзе самагубства. У Расеі 147 мільёнаў чалавек, ва Украіне — 45–47 мільёнаў. Рэзэрвовая армія ў Украіне патэнцыйна можа складаць 700 тысяч чалавек. Паспрабуйце акупаваць такую краіну. Як гэта можна зрабіць? Прычым акупаваць які народ! Украінцы — гэта былі адны зь лепшых салдат імпэратарскай арміі, а потым Чырвонай Арміі. Да 1954 году ў Заходняй Украіне Ўкраінская паўстанцкая армія агульным лікам максымум 120 тысяч ваявала супраць наймацнейшай арміі сьвету. Таму перамагчы і акупаваць Украіну немагчыма», — упэўнены саветнік Пятра Парашэнкі.

XS
SM
MD
LG