Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11,5% насельніцтва Сырыі забітыя ці параненыя ў вайне


Правінцыя Ідліб, Сырыя. Наступствы паветраных удараў, якія, паводле сьцьвярджэньня актывістаў, былі нанесеныя ВПС Расеі. 12 студзеня 2016 году

Правінцыя Ідліб, Сырыя. Наступствы паветраных удараў, якія, паводле сьцьвярджэньня актывістаў, былі нанесеныя ВПС Расеі. 12 студзеня 2016 году

У новым сырыйскім дакладзе гаворыцца пра 470 тысяч забітых — амаль удвая больш, чым паўтара года таму. Праз падтрымку Асада Расеяй ахвяраў можа стаць значна больш.

Сырыйскі цэнтар палітычных дасьледаваньняў апублікаваў даклад пра ўплыў пяцігадовай вайны ў Сырыі на насельніцтва краіны. За пяць год канфлікту былі забітыя 470 тысяч чалавек, перадае The Guardian.

Паўтара года таму, перад тым як ААН перастала самастойна зьбіраць статыстыку па Сырыі, паведамлялася пра 250 тысяч забітых, адзначае выданьне. За 18 месяцаў загінулых стала ўдвая больш. З вызначаных цяпер 470 тысяч загінулых 400 тысяч былі забітыя пры баявых дзеяньнях, 70 тысяч сталі ахвярамі недахопу мэдычнага абслугоўваньня, ежы і вады.

Колькасьць параненых ацэньваецца ў сырыйскім дакладзе ў 1,9 млн чалавек. Агулам 11,5% насельніцтва Сырыі забітыя ці параненыя ад сакавіка 2011 году, калі пачаўся канфлікт зь сіламі Башара Асада. Насельніцтва краіны зьменшылася на 21%. 45% насельніцтва сталі ўцекачамі — 6,36 млн унутранымі, 4 млн чалавек уцяклі за межы Сырыі. 13,8 млн чалавек страцілі крыніцы сродкаў да існаваньня. Сярэдняя працягласьць жыцьця ўпала за час вайны з 70 да 55,4 год. Краіна панесла эканамічныя страты ў 225 млрд даляраў. Цэны за год вырасьлі на 53%, беднасьць — на 85%.

«Мы выкарыстоўваем вельмі дакладныя мэтады дасьледаваньня, і мы ўпэўненыя ў гэтым малюнку, — запэўнівае Рабі Насер, аўтар дакладу. — Ускосных ахвяраў будзе больш у будучыні, хоць большасьць няўрадавых арганізацыяў і ААН іх ігнаруюць. Мы лічым, што дакумэнтацыя ААН і нефармальныя ацэнкі недаацэньваюць страты, бо ў час крызісу ня маюць доступу да інфармацыі».

Сёньня ахвяраў вайны можа стаць яшчэ больш, дадае The Guaridan: пры падтрымцы расейскіх бамбавікоў сілы Асада могуць узяць у блякаду найвялікшы горад краіны, Алепа, які некалькі год кантралюецца паўстанцамі.

Ад міжнародных перамоваў пад эгідай ААН, якія працягнуцца праз два тыдні, не чакаецца знакаў спыненьня канфлікту, калі толькі які-небудзь з бакоў не перагледзіць сваю палітыку радыкальным чынам. У зрыве папярэдніх перамоваў адзін з чыноўнікаў ААН абвінаваціў Расею, расейскае ж МЗС абвінаваціла ў гэтым сырыйскую апазыцыю. У бліжэйшы чацьвер таксама чакаюцца перамовы дзяржсакратара ЗША Джона Керы і міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова.

XS
SM
MD
LG