Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Апэратар-правакатар» Дзьмітры Літвін зь Віцебску


Дзьмітры Літвін

Дзьмітры Літвін

Ён стаў прадметам гарачых абмеркаваньняў сярод гарадзкой грамадзкасьці дзякуючы відэаролікам, разьмешчаным у інтэрнэце. Нехта лічыць іх дужа сьмелым учынкам, нехта — самапіярам, а нехта называе Дзьмітрыя Літвіна «неадэкватам», «падсадной качкай» і «правакатарам».

Ёсьць нават такія, хто ўпэўнены, што «Дзьмітры Літвін» — гэта фэйк, а не рэальная асоба, і што пад гэтым псэўданімам працуе цэлая група людзей, якая здымае відэаролікі «на злобу дня». Радыё Свабода вырашыла знайсьці гэтага чалавека, калі ён сапраўды існуе. Так адбылося знаёмства з 26-гадовым хлопцам, які абраў «відэатворчасьць» у якасьці сродку пратэстнай грамадзкай актыўнасьці.

«Я хачу разварушыць людзей, каб яны перамаглі свой страх. Каб яны нічога не баяліся, як не баюся я. Каб яны ведалі, што ў Віцебску ёсьць чалавек, гатовы гаварыць ад свайго імя і ад імя народа. Многія баяцца менавіта адкрыта гаварыць... І я вырашыў зрабіць такі відэаролік — заступіцца за прадпрымальнікаў, калі яны спынілі працу. Здымкі рабіў на бліжэйшым ад мяне Паўднёвым кірмашы», — згадвае свой «грамадзкі відэадэбют» Дзьмітры Літвін.

Ён кажа, што здымаў звычайным мабільным тэлефонам і зусім не прэтэндуе на тое, што ягоны фільм мае нейкія мастацкія вартасьці. Мэта ў яго была іншая: прыцягнуць увагу землякоў, прычым як мага шырэйшую. Таму Дзьмітры стварыў адмысловы канал на youtube.com, назваўшы яго Litvin/TV.

Відэаролік пра Паўднёвы кірмаш, разьмешчаны ў інтэрнэце 24 студзеня, набраў амаль 10 тысяч праглядаў. Наступны, які быў разьмешчаны на youtube.com усяго праз чатыры дні, набраў ужо амаль 16 тысяч. Гэта відэаролік пра пэнсіянэраў, якія вымушаны гандляваць «зь зямлі» пад адкрытым небам, бо навес, пад якім яны гандлявалі раней, зьнесьлі.

Камэнтуе здымкі сам Дзьмітры Літвін, а рабіліся яны таксама каля Паўднёвага кірмашу. Недалёка ад дома, дзе ён жыве. Наймае кватэру, бо ўласнага жытла ня мае.

Сваю біяграфію, досыць нетыповую для былога вайскоўца і досыць правакацыйную для грамадзкага актывіста, Дзьмітры Літвін пераказвае так:

«Я нарадзіўся ў Вушацкім раёне, вёска Ягадкі. Па сутнасьці, на хутары. Даводзілася за 5 кілямэтраў хадзіць у школу. У 2006 годзе як прыехаў у Віцебск, так і жыву на найманых кватэрах ды па інтэрнатах. Скончыў каледж лёгкай прамысловасьці, маю спэцыяльнасьць „зборшчык абутку“, потым скончыў тэхнікум па спэцыяльнасьці „канструяваньне і тэхналёгія вырабаў са скуры“. У 2012 годзе — войска. „Спэцназ“, менскае Ўручча. Паглядзеў я, што там робіцца...

Пасьля войска працаваў у калёніі № 3 у пасёлку Віцьба, у канвоі, 2 гады па кантракце. Потым сышоў па ўласным жаданьні, калі ў сьнежні 2014 году кантракт скончыўся. Адпускаць не хацелі, бо быў добры вайсковец, старшына. Прапаноўвалі вучобу ў Акадэміі МУС, падкуплялі, заваблівалі ільготным крэдытам на кватэру, чарговым званьнем. Ціснулі: „Куды ты пойдзеш?“ Але я не хацеў заставацца ў сыстэме. Памятаю, у тым сьнежні мяне прыхапіў радыкуліт, я трапіў абласны шпіталь. Дык прапаршчыка з кантрактам адмыслова паслалі нават у шпіталь, каб я толькі падпісаў кантракт. Але я цьвёрда вырашыў пайсьці на „вольныя хлябы“. А калі я ўжо прыняў рашэньне, то яно цьвёрдае! Так што цяпер я ў Беларусі лічуся афіцыйна беспрацоўным».

Дзьмітры Літвін называе сябе «фрылансэрам». Распавядае, што вядзе блогі, мае некалькі акаўнтаў у сацыяльных сетках. Там жа папулярызуе і свае ролікі. «Відэасповедзь» пад назвай «Вячаслаў Карпенка. Зварот да ўраду, да ўладаў» набрала ўжо больш як 46 тысяч праглядаў. Галоўны герой, хлопец-сірата, распавядае, як ён працуе на прадпрыемстве «Віцебскдрэў» за 1 мільён 800 тысяч заробку, ня маючы ні ўласнага жытла, ні пэрспэктываў яго займець.

Паводле аўтара відэазапісу, пра гэтага хлопца яму спачатку распавялі знаёмыя ў інтэрнэце, а потым яны сустрэліся. Спачатку быў неспакой, што ў хлопца пачнуцца непрыемнасьці пасьля такога відэавыступу. Аднак нічога падобнага ня здарылася: наадварот, да Вячаслава пачалі ставіцца з большай павагай.

«А на мяне «наехаць» немагчыма. Па-першае, я беспрацоўны, і зь мяне няма чаго спагнаць. Па-другое, я былы вайсковец і ніякіх «наездаў» не баюся. Па-трэцяе, я кажу праўду. У 2015 годзе я езьдзіў на працу ў Маскву, працаваў там ахоўнікам. А калі вярнуўся, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўступіў у ініцыятыўную групу Тацьцяны Караткевіч. Зьбіраў подпісы, на выбарах быў назіральнікам, пісаў скаргі, нават у суд зьвяртаўся, бо назіральнікам нічога не было відаць. Бачыў, як праводзіцца ў нас датэрміновае галасаваньне. А пасьля выбараў падумаў — і пачаў відэа здымаць. У ніводнай палітычнай партыі я ніколі ня быў. Я больш на баку маральнасьці, духоўнасьці. І мне падабаецца, што я магу выказваць свае асабістыя погляды. Быць «голасам з народу», — кажа Дзьмітры Літвін.

У камэнтарах да відэаролікаў ягоную творчасьць часта называюць «правакацыйнай». Маўляў, ён правакуе людзей на апазыцыйную дзейнасьць, на грамадзкую актыўнасьць, нават незаконную. Нехта лічыць правакатарам і яго самога, не даючы веры, што былы «спэцназавец», вайсковец-кантрактнік можа насамрэч мець апазыцыйныя погляды. Хтосьці пасьмейваецца зь ягоных недасканалых здымак, з грубаватых, месцамі наіўных высноваў-камэнтароў. З імкненьня вельмі яшчэ маладога чалавека прэзэнтаваць сябе як самастойнага «палітыка» і «грамадзкага дзеяча».

Дзьмітры Літвін ставіцца да гэтага статусу і да свайго занятку дужа сур’ёзна: верыць, што ягоныя відэаролікі сапраўды здольныя «ўскалыхнуць грамадзтва». Ідэалам грамадзкага дзеяча лічыць Кастуся Каліноўскага. Што да ўласна відэаролікаў, то яны, на думку аўтара, адлюстроўваюць ягоную пазыцыю — тое, як ён сам бачыць і ацэньвае беларускую рэчаіснасьць. Ён кажа пра гэта вельмі шчыра, нават самаўпэўнена, і дадае: а каму што не падабаецца, той няхай і не глядзіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG