Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Шумчанка: «Рашэньне прадпрымальнікаў пра мітынг трэба паважаць»


Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

У Менску распачынаецца другі раўнд перамоваў у працоўнай групе пры Грамадзка-кансультатыўнай радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі па ўрэгуляваньні канфлікту паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі і ўладамі, які ўзьнік у выніку прэзыдэнцкага ўказу нумар 222, што ад 1 студзеня 2016 году забараняе гандляваць таварамі без сэртыфікацыі прадукцыі.

Напярэдадні лідэр грамадзкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка абвесьціў пра адкліканьне заявы арганізацыі на правядзеньне мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Бангалор у Менску. Адначасна індывідуальныя прадпрымальнікі заявілі, што правядуць такі мітынг 15 лютага а 12.00 на Кастрычніцкай плошчы Менску. Анатоль Шумчанка ў сваю чаргу паведаміў Свабодзе, што паважае гэтае рашэньне і адначасна спадзяецца на выніковасьць перамоваў з уладамі:

«Нельга не прызнаць, што пэўны рух у перамоўным працэсе ёсьць. Улады даюць прапановы ў частцы сэртыфікатаў, што можна рабіць іх копіі без завярэньня пячаткай, як гэта раней было. Можна глядзець электронныя носьбіты сэртыфікацыі, можна пісаць таварнай накладной. Але гэтыя нормы могуць тычыцца толькі часткі прадпрымальнікаў — для бальшыні і гэтая задача невыканальная. Таму „Пэрспэктыва“ настойвае на тым, каб была зьнятая адказнасьць за пацьвярджэньне сэртыфікацыйных дакумэнтаў. Таксама прапаноўваем іншыя нормы ў справе падаткаабкладаньня і ў іншых пытаньнях.

Сёньня будзе бачна, наколькі ўлады сапраўды хочуць вырашыць пытаньні дробнага бізнэсу і наколькі яны гатовыя весьці канструктыўны дыялёг. Альбо гэта будзе — „мы сказалі, як адрэзалі“, альбо гэта будзе „давайце вашыя прапановы, і будзем шукаць выйсьце з сытуацыі“. І сёньня будзе бачная сутнасьць, мэты і задачы гэтых перамоваў.

Што тычыцца заяваў, якія гучаць ад прадпрымальнікаў Віцебска і Менску, то гэта рашэньне людзей. Рашэньне простых людзей „Пэрспэктыва“ заўсёды паважае. Мы ж „Пэрспэктыва“ — грамадзкая арганізацыя, якая мусіць дзейнічаць у рамках прававога поля. Тым больш, што цяпер ідуць перамовы, а ў гэты час, як вядома, „гарматы маўчаць“. І, як арганізацыя, мы абмежаваныя пэўнымі рамкамі: калі нас закрыюць — каму ад гэтага будзе лягчэй? Правы прадпрымальнікаў трэба будзе абараняць і пасьля 15 лютага. А наш народ, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй і законамі, мае права прымаць рашэньні, якія ён лічыць неабходнымі. І мне падаецца, што павінна быць зразумела кожнаму, пачынаючы ад міністра і заканчваючы простым працаўніком: правы і рашэньні простых людзей павінныя быць прызнаныя і шанаваныя.

Я вельмі спадзяюся, што ўладам хопіць розуму не даводзіць сытуацыю да таго, каб людзям давялося рабіць выбар».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG